Людзі, якія востра адчуваюць эканамічную няроўнасць і не вераць у тое, што могуць змяніць жыццё да лепшага, часцей паводзяць сябе неэтычна і заплюшчваюць вочы на дробныя правапарушэнні іншых, кажа даследаванне Школы менеджменту Келлага і Ратгерскага ўніверсітэта.
Былі прааналізаваныя тры масівы даных:
- ацэнка сацыяльнай няроўнасці ў 196 краінах свету з 1960 года па нашыя дні;
- паказчыкі эканамічнага развіцця 182 дзяржаў з 1950 года;
- вынікі апытання больш за 125 000 чалавек, праведзенага ў 1981–2014 гадах.
У рамках апытання ва ўдзельнікаў і ўдзельніц пыталіся, ці могуць яны кантраляваць падзеі, якія адбываюцца ў іх жыцці; ці думаюць, што на іх учынкі ўплывае канкурэнцыя з іншымі людзьмі; ці давяраюць навакольным; ці лічаць, што разбагацець можна, толькі зрабіўшы беднымі іншых.
Акрамя таго, рэспандэнтак і рэспандэнтаў прасілі ацаніць, да якой ступені можна апраўдаць тых, хто жульнічае: спісвае на іспытах, ездзіць без квітка, сыходзіць ад падаткаў, бярэ хабары і т.п.
Высветлілася, што людзям, якія жывуць у грамадстве з высокім узроўнем няроўнасці, часцей уласціва вымушаная бездапаможнасць і больш лаяльнае стаўленне да неэтычных учынкаў і парушэнняў закону.
Для ўдакладнення аналізу даных вучоныя правялі дадатковыя эксперыменты. У першым удзельнічалі больш за 800 чалавек, якім паказалі выявы лесвіц з 10 прыступкамі, якія сімвалізуюць магчымыя варыянты размеркавання матэрыяльных даброт. Кожны і кожная абралі лесвіцу, якая найбольш дакладна адлюстроўвае сітуацыю ў соцыуме, да якога яны належаць.
Затым яны адказвалі на пытанне, ці прымальныя для яго неэтычныя ці незаконныя ўчынкі: падман на іспыце, запампоўка пірацкага праграмнага забеспячэння, подпіс дакументаў за іншых і г. д. І зноў чым вастрэй рэспандэнты і рэспандэнткі адчувалі няроўнасць, тым часцей апраўдвалі парушэнні правіл і норм.
Другі эксперымент навукоўцы правялі, каб выключыць уплыў рэальнага жыццёвага досведу на меркаванне рэспандэнтак і рэспандэнтаў. Для даследавання адабралі людзей з сярэднім узроўнем дастатку. Ім прапанавалі ўявіць сябе членамі неіснуючага грамадства і папрасілі іх выбраць сабе гіпатэтычныя маёмасці. Пры гэтым удзельнікаў і ўдзельніц падзялілі на дзве групы, з амаль аднолькавым выбарам і зусім розным па каштоўнасці, а потым спыталі аб іх успрыманні жыцця і чаканняў ад яе.
Аказалася, што і ў выдуманым грамадстве з высокім узроўнем няроўнасці людзі гатовыя дараваць неэтычныя паводзіны і правіннасці сабе і іншым.
Мэтай трэцяга эксперыменту было даследаваць, як на меркаванне людзей уплывае праца сацыяльных ліфтаў. Навукоўцы задалі два пытанні: Ці даступны вам сацыяльны рост? Ці лічыце вы дапушчальнымі дробныя правапарушэнні і неэтычныя ўчынкі?
Высветлілася, што члены грамадстваў з нізкай сацыяльнай мабільнасцю лёгка пераступаюць правілы і даруюць гэта іншым. І наадварот, чым вышэй перакананасць чалавека ў тым, што ён можа палепшыць сваё матэрыяльнае і грамадскае становішча, тым радзей ён гатовы заплюшчваць вочы на сумнеўныя паводзіны.
Даследаванні неаднаразова паказваюць, што стаўленне чалавека да неэтычных ці незаконных дзеянняў — спісвання на іспытах, хлусні, крадзяжу і г.д. — залежыць ад таго, ці адчувае ён ці яна кантроль над уласным жыццём. Той, хто лічыць сябе творцам свайго лёсу, паводзіць сябе адказна і чакае таго ж ад іншых. І наадварот, калі чалавек упэўнены, што ад яго нічога не залежыць, ён часцей схільны апраўдваць як свае, так і чужыя правіны.