16 беларусак, на якіх варта падпісацца ў сацсетках, каб адукоўвацца

Мы ў adu.place лічым, што нават гартаць стужку можна з карысцю! Таму напярэдадні 8 сакавіка падабралі для цябе годны кантэнт — на якіх беларусак можна падпісацца ў сацсетках, каб адукоўвацца? Ад студэнцкага жыцця і мастацкага музея — да ёгі і падарожжаў — беларускі паказваюць і расказваюць, як асветніцтва можна ладзіць у любой сферы. Гартайма!

Анастасія Кей

Знакамітая блогерка нарадзілася ў Мінску, але з дзяцінства шмат пераязджала і навучалася ў Еўропе, закончыла магістратуру ў Гарвардзе ў 2020 годзе. Анастасія працавала ў кансалтынгу, але потым паглыбілася ў тэму адукацыі і цяпер вядзе блог на ютуб. Там ты зможаш знайсці парады, як самаадукоўвацца і развіваць софт-скілы.

Што важна — Насця чытае шмат навуковай літаратуры і «перакладае» яе на больш простую мову. Тайм-мэнэджмэнт, замежныя мовы, нейрабіялогія і кагнітывістыка — гэта ўсё пра тэмы блогу. Акром гэтага, можаш падпісацца на Насціну штотыднёвую рассылку.

Анастасія

Анастасія жыве ў Ніцы і вучыцца прыкладным мовам, нядаўна здала французскую мову на С2 і выкладае яе. У блогу яна распавядае пра вучобу і лайфхакі па вывучэнні французскай мовы. Яна імкнецца паказаць, што мовы — гэта важна і не балюча, і робіць гэта на сваім прыкладзе.

Пакуль Анастасія не вядзе асабістыя заняткі, але набірае вучняў і вучаніц у размоўныя клубы. Дзяўчына распавядае, як калісьці пад дахам на лецішчы бабулі чытала «Хобіта», а цяпер гісторыі падарожжаў і пераадольванняў — ужо не расказ Толкіена, а яе жыццё. Пра гэта і піша, а пачынала з Эразмуса ў Лілі ў 2021 годзе!

Дар’я Латышэвіч

У профілі Дашы напісана, што яна хрысціянка, гісторык і магістр. Пра гэта яна і распавядае на сваёй старонцы. Дзяўчына працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі, таму праз яе старонку заўсёды можна зазірнуць крыху далей выставачных заляў, бо яна паказвае шмат бэкстэйджу, звычайна незаўважнага наведвальнікам.

Яна шмат чытае — як мастацкую літаратуру, так і нонфікшан, а таксама распавядае пра ўсё гэта ў блогу. Таксама Дар’я шмат распавядае пра хрысціянства — калі табе цікавая тэма, далучайся да інстаграму.

Ганна Сямёнава

Пра Ганну мы нядаўна пісалі ў нашым матэрыяле. Беларуска вядзе тэлеграм-канал пра сваю вучобу ў Стэнфардзе. Калі дзяўчына вучылася ў 10 класе, то паглядзела фільм Дудзя пра Крэмніевую даліну і вырашыла паступаць у Амерыку — як бачыш, у яе ўсё атрымалася.

У канале яна паказвае розныя бакі сваёй вучобы, а таксама распавядае пра складанасці. Фотаздымкі стэнфардскага кампуса, лайфхакі па паступленню ў ЗША, невідавочныя праблемы вучобы — Ганна шчыра распавядае пра ўсё гэта на сваім канале.

Маша Скараход

Маша — выкладчыца англійскай мовы, раней у яе была афлайн-школа ў Мінску, пасля кавіду перайшла на анлайн-навучанне. А пачынала яна з першай школы, якую стварыла на другім курсе! Цяпер яна распрацоўшчыца курсаў і абяцае навучыць запамінаць словы, нават калі ў цябе “дрэнная памяць”. Яна часам набірае студэнтаў і студэнтак, але нават калі набору няма, праз Машын інстаграм можна нядрэнна прашарыцца ў англійскай. Тут ты знойдзеш і натхненне вучыць мову, і канкрэтныя граматычныя парады. 

Ганна Пазняк

Ганна паспела заснаваць лічбавае медыя ў Беларусі, арганізаваць некалькі міжнародных імпрэзаў і зрабіла кар’еру ў міжнародным PR. Пасля гэтага — зразумела, што хоча вучыць людзей софт-скілам і пачала рабіць анлайн-мерапрыемствы па гэтай тэме. Нядаўна запусціла свой першы курс.

У яе інстаграме — пра тое, як ладзіцца наша камунікацыя з сабой і іншымі людзьмі і што мы можам зрабіць, каб быць бліжэй. Шмат чытае, любіць танцы і вініл, займаецца ёгай — гэта таксама можна знайсці на яе старонцы, апроч тэмаў аўтэнтычнасці, софт-скілоў, лідарства і эмацыйнага інтэлекту.

Лілія

Лілія закончыла амерыканскую ВНУ UCLA па праграме перападрыхтоўкі Design of Communication Art, графічная дызайнерка-пачаткоўца, спявачка-аматарка і музыка. Акром таго, маці двух дзетак — усёй сям’ёй яны эмігравалі ў Сан-Францыска, калі малодшаму сыну было ўсяго пяць тыдняў. У юнацтве спявала ў рок-гуртах, цяпер шмат адукоўваецца — пра гэта і распавядае на сваёй старонцы.

У яе можна знайсці вучэбныя цікавосткі: напрыклад, допіс пра 35 адукацыйных праграм для міжнародных студэнтак і студэнтаў на магістарскія і доктарскія ступені ў ЗША, якія цалкам фінансуюцца.

Дарына Ягорава

Дарына — сертыфікаваная Ёга-Альянсам (USA Youa Alliance) выкладчыца ёгі. Калі сачыць за яе старонкай, можна шмат даведацца пра розныя методыкі, навучанне ёге: яна не толькі паказвае прыгожыя асаны, але і шмат распавядае пра філасофію, публікуе глыбокія разважлівыя допісы на тэму фізічнага і ментальнага здароўя. Дарына шмат падарожнічае, жыла ў Японіі, Англіі, таму паралельна расказвае пра гэты бок свайго досведу. 

Вольга Галубка

Чытачы і чытачкі adu.place ужо знаёмыя з ёй, бо мы распавядалі пра Волю ў адным са сваіх матэрыялаў. У 38 гадоў, праз 16 гадоў пасля атрымання дыплома бакалаўра ў МДЛУ, яна паступіла ў  Вестмінстарскі ўніверсітэт на магістарскую праграму «Міжнародная камунікацыя, ўстанаўленне сувязей і адвакацыя». Цяпер у сваім фэйсбуку яна распавядае пра вучобу ў Лондане — у каментарах распачынаюцца цэлыя дыскусіі пра тэрміны і падыходы, а таксама посціць фотаздымкі з утульных лонданскіх бібліятэк.

Вера Крамко

Вера — выкладчыца англійскай мовы і амбасадарка Стоўбцаў, як яна сама сябе называе. Са сваім больш чым 15-гадовым досведам рэпетытаркі ў рылзах яна з брытанскім вымаўленнем вучыць цябе мове, а потым посціць цудоўныя ўпрыгожванні з бісеру, якія вырабляе.

Паралельна распавядае пра сваё жыццё ў Стоўбцах і клёвыя месцы ў горадзе. Акром гэтага, муж Веры — каваль, таму незвычайных гісторый пра гэтую прафесію яна таксама распавядае далёка не вомбаль!

Паліна Муштукава

Паліна вучылася на малекулярнай медыцыне ў Германіі, зразумела, што гэта не яе тэма і вярнулася ў Беларусь вучыцца на хіміцу. Таму яна ўпэўненая, што можна памыліцца і зрабіць крок назад, каб потым прайсці на два наперад.

У 2020 годзе атрымала дыплом «хіміцы-фармацэўткі», выкладае хімію, а ў 2022 годзе паступіла ў магістратуру ў Талінскі ўніверсітэт. У інстаграме — пра шлях праз памылкі і перамогі, а таксама хімію, якая зразумела нават гуманітарыям. 

Ксенія Валністая

Ксенія — піаршчыца і камунікацыйная мэнэджарка ў tech сферы. Што гэта такое — яна апісвае на сваёй старонцы. Ладзіць мерапрыемствы па нэтворкінгу ў Мінску, дапамагае кампаніям стаць больш заўважнымі. А яшчэ запісвае айцішны цікток, які цікавы не толькі айцішнікам і айцішніцам.

Анастасія 

Насця вучыцца ў Лінцы і на сваёй старонцы паказвае студэнцкае жыццё ў Аўстрыі. Лайфстайл пра паездкі на вучобу, падарожжы, сустрэчы з сям’ёй, веганства і экалогію. 

Карына Гінько

Карына называе сябе піяр-мэнэджаркай беларускай гісторыі і вясёлым гідам Гродна. Грунтоўна і сэнсоўна пра падарожжы — гэта да яе, бо да таго ж Карына — магістарка гістарычных навук. У блогу і гістарычныя факты, і прыгожыя мясціны, і легенды і паданні. А яшчэ музеі, выставы, беларускія вёскі! Але найвялікшая любоў дзяўчыны — Гродна, дзе яна і жыве. Пра яе нідзе не знойдзеш так шмат, як на яе старонках! З нядаўняга часу яна таксама вядзе цікток.

Дзіяна 

Дзіяна вучыцца ва ўніверсітэце Кларка, што ў ЗША. Вядзе прыгожы інст і карысны тэлеграм-канал. Апісвае канал як канал пра сваё «задроцтва», але якое класнае! Напрыклад, апошні допіс — пра тое, якія класы дзяўчына вывучае ў гэтым семестры. З невідавочнага — семінар па псіхалогіі падлеткаў. Ёсць кружочкі, мемы і рэцэнзіі на кніжкі. Усё, каб натхняцца і адпачываць! Не прапусці суперкарысны допіс, як Дзіяна выкарыстоўвае чат GPT для навучання.

Крысціна

Беларуска паступіла ў University of Pennsylvania Wharton Business school class of 2028 з поўным фінансаваннем у снежні 2023 году і вядзе свой тэлеграм-канал пра вучобу ў ЗША. Ведае англійскую мову на С1, шмат піша пра мову, паступленне і ўніверсітэт.


Стужку з карысцю гартала Ліка Юр’ева