ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запрашае на адукацыйны курс “Эфектыўныя прэс-службы”.
Калі вы хочаце, каб пра вашу кампанію ці арганізацыю дазналася як мага больш людзей, але не ведаеце, з чаго пачынаць, калі ў вас ёсць жаданне заняць прывабнае месца ў беларускай медыяпрасторы ў якасці крутых спецыялістаў і, нарэшце, калі вы не думаеце, што ведаеце пра піяр усё — далучайцеся да курса.
Пасля яго заканчэння ўдзельнікі будуць ведаць:
- з чаго пачынаецца прэс-служба, як яна выбудоўваецца і як эфектыўна кіраваць ёй;
- як знайсці “сваіх” журналістаў і як стаць “сваімі” для патрэбных вам СМІ;
- якую інфармацыю СМІ будуць чакаць ад вас і задавальненнем выкарыстоўваць;
- у якім выпадку правесці прэс-канферэнцыю, а калі — круглы стол ці наогул медыясняданак;
- якія “фішкі” дазволяць стаць самым запамінальным падчас удзелу ў публічнай дыскусіі ці асабістага выступлення на публічным мерапрыемстве;
- чаму стратэгічнае планаванне інфармацыйнай дзейнасці дапамагае хутка арыентавацца, калі ў вас сто спраў на тыдзень;
- як прымусіць сацсеткі “танчыць пад вашу дуду”;
- як крок за крокам ствараць брэнд сваёй арганізацыі.
Падчас курса кожны ўдзельнік пад кіраўніцтвам трэнераў падрыхтуе ўласны праект (медыястратэгію мерапрыемства ці кампаніі), зарыентаваны на патрэбы сваёй арганізацыі.
Пасля курсу “Эфектыўныя прэс-службы” ўдзельнікі здолеюць адчуваць сябе больш упэўнена ў медыяпрасторы і быць больш папулярнымі ў беларускім грамадстве.
Трэнеры і эксперты:
- Аляксандр Люшкевіч, PR/медыяспецыяліст Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў;
- Вольга Герасенка, кіраўнік аддзела рэкламы і камунікацый ААТ “Авіякампанія “Белавія”;
- Таццяна Кнацько, PR-мэнэджэр ММАЦ імя Й.Раў;
- Крысціна Мурашова, дырэктарка Установы “Студэнцкая фабрыка думкі” (БОСС);
- Вольга Сталярова, PR-спецыяліст міжнароднага фонду ІДЭЯ;
- Андрэй Эзерын, дырэктар Камунікацыйнага агенцтва EZERIN`COM
Да ўдзелу запрашаюцца прэс-сакратары і супрацоўнікі прэсавых служб недзяржаўных арганізацый, дзяржаўных і бізнэс-устаноў, журналісты, якія працуюць у галіне камунікатыўных адносін з грамадствам.
Курс “Эфектыўныя прэс-службы” распачнецца 11 сакавіка 2017 года і і завершыцца — 29 красавіка 2017-га. Складаецца з сямі заняткаў, якія правядуць беларускія прафесіяналы, і майстар-класу замежнага трэнера. Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень па суботах з 11:00 да 14:45.
Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе “Эфектыўныя прэс-службы” прымаюцца па электроннай пошце на адрас baj@baj.by (з пазнакай PR) да 6 сакавіка 2017 года.
Заяўка павінна ўтрымліваць:
- кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў);
- абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.
Колькасць удзельнікаў абмежаваная.