Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” сумесна з нямецкай арганізацыяй djo-Deutsche Jugend in Europa ладзяць Міжнародную праграму стажыровак у галіне працы з моладдзю і дзецьмі.
Сёлета ў беларусаў з’явілася магчымасць запрасіць у сваю арганізацыю маладых людзей з Нямеччыны для абмену досведам.
Мэта праграмы заключаецца ў інтэнсіўным абмене досведам у сферы методыкі працы з моладдзю і дзецьмі, распаўсюджванні ведаў пра жыццё і праблемы дзяцей і моладзі ў іншых краінах, пошуку партнёраў для будучага супрацоўніцтва і сумесных праектаў. Стажыроўка мае доўжыцца 3-4 тыдні ў перыяд з чэрвеня па снежань 2017 года.
Магчымыя заданні для стажораў / стажорак:
- планаванне і правядзенне моладзевых праектаў і моўных летнікаў;
- рэалізацыя ўласнага міні-праекту;
- офісная праца, рэкламна-інфармацыйная дзейнасць;
- правядзенне і наведванне семінараў;
- правядзенне і дапамога ў арганізацыі курсаў нямецкай мовы для дзяцей і моладзі.
Каб прыняць удзел у Міжнароднай праграме стажыровак, неабходна да 1 траўня 2017 года даслаць заяўку з апісаннем прымаючай арганізацыі, заданняў для стажора / стажоркі, сфераў абмену досведам і часавых рамак стажыроўкі, а таксама неабходных моўных ведаў стажора / стажоркі праз эл. адрас international@rada.fm.
Падрабязную інфармацыю пра праграму стажыровак глядзіце па спасылцы.