Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэта прапануе прыняць удзел у конкурсе прапаноў на стварэнне мультымедыйных анлайн курсаў.
Лятучы ўніверсітэт запрашае арганізацыі і ініцыятывы, што займаюцца нефармальнай адукацыяй, а таксама навукоўцаў і мысляроў далучыцца да стварэння адукацыйных курсаў на супольнай універсітэцкай платформе. Платформа – гэта магчымасць зрабіць дасяжнымі для шырокага кола людзей унікальныя веды, новыя погляды і праблемы, способы і метады мыслення.
Каб прыняць удзел у конкурсе, вам патрэбна сфармуляваць прапанову свайго ўласнага анлайн курса, базуючыся на прынцыпах стварэння курсаў на дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэту, і запоўніць заяўку.
Прапановы, што пройдуць адбор на адпаведнасць крытэрам, будуць выстаўленыя на платформе для адкрытага галасавання будучых слухачоў (карыстальнікаў платформы). Па выніках галасавання будуць вызначаныя пяць пераможцаў конкурсу.
Узнагародай за першае месца стане поўная фінансавая падтрымка стварэння анлайн курса прафесіянальнай камандай платформы Лятучага ўніверсітэта разам з заяўнікам.
Прапановы, якія зоймуць месцы з другога па пятае, атрымаюць падтрымку ў правядзенні сумеснай краўдфандынгавай кампаніі для збору сродкаў на запіс курса з дапамогай прафісійнай каманды.
Усе створаныя курсы будуць размешчаныя на платформе Лятучага ўніверсітэту і атрымаюць дапамогу ў прасоўванні ў межах супольнай інфармацыйнай кампаніі.
Каб прыняць удзел у конкурсе, запоўніце заяўку да 17 чэрвеня.
Заяўка ўключае ў сябе: апісанне курса, яго адпаведнасць прынцыпам платформы, прывабныя для слухачоў бакі і магчымасці, а таксама прадстаўленне праграмы курса і выкладчыка.
Галасаванне пачнецца 25 чэрвеня. 1 ліпеня будзе вызначаны пераможца.