Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA абвяшчаюць новы набор у Школу мэраў.
“Разам да справы!” – гэта лозунг Школы мэраў, дзе разумеюць, што талакой можна дасягнуць вялікіх мэтаў і ў буйным горадзе, і ў маленькім мястэчку. Але часам недастаткова толькі супольна працаваць, трэба яшчэ і вучыцца.
Набыць неабходныя веды і навыкі па тым, як эфектыўна прасоўваць інтарэсы супольнасці, можна ў Школе мэраў за 100 гадзін навучання з экспертамі з Беларусі, Літвы і Ўкраіны.
Праграма Школы мэраў складаецца з 4 сесій з інтэнсіўнымі тэарэтычнымі і практычнымі заняткамі, а таксама працы над індывідуальнымі і групавымі праектамі цягам 9 месяцаў:
- 1 сесія (Беларусь, 2-4 лютага 2018 года) – прынцыпы ўстойлівага развіцця і добрага кіравання, асновы публічнага адміністравання, мясцовае самакіраванне і грамадскія фінансы;
- 2 сесія (Літва, вясна 2018) – практычны досвед рэформаў на шляху да рынкавай эканомікі і сучаснага дзяржаўнага кіравання ў краінах Балтыі;
- 3, 4 сесіі (Беларусь, лета, восень 2018) – навыкі вядзення публічных дыскусій, падрыхтоўкі стратэгічных і юрыдычна значных дакументаў, прасоўвання і абароны грамадскіх інтарэсаў, працы са СМІ, працы ў камандзе і лідарства, кіравання праектамі.
Лепшыя слухачы дадаткова змогуць пазнаёміцца з досведам Малдовы па супрацоўніцтве паміж грамадзянскай супольнасцю і органамі ўлады.
Патрабаванні да кандыдатаў:
- узрост 20-35 год;
- досвед абароны і прасоўвання грамадскіх інтарэсаў на мясцовым узроўні;
- роля і прызнанне ў мясцовай супольнасці (рэкамендацыі ад лакальных НДА, органаў улады і кіравання, бізнэсу);
- матывацыя (як атрыманыя веды будуць выкарыстаны на практыцы).
Удзел у праграме Школы мэраў бясплатны. Працоўныя мовы – беларуская і руская.
Заяўку ў Школу мэраў трэба запоўніць да 17 студзеня па спасылцы.