На пачатку 2018 года Лятучы ўніверсітэт прапануе 8 адкрытых курсаў, якія закранаюць сучасныя праблемы сацыяльнага, палітычнага і культурнага жыцця, звязаныя з імклівым тэхналагічным і інавацыйным развіццём.
Інавацыі настойліва і «не запытваючы ў нас», змяняюць асяродак, ў якім мы жывем і дзейнічаем. З аднаго боку, яны ставяць новыя задачы і кідаюць выклікі ў самых розных сферах – права, ідэнтычнасць чалавека, сацыяльная справядлівасць, занятасць, чалавечыя
адносіны і г.д. З іншага боку, кожная інавацыя мае наступствы, якія вельмі рэдка становяцца прадметам клопату, карыстальнікаў і саміх інаватараў. У выніку, мы апынаемся непадрыхтаванымі да зменаў як бліжэйшай і ў аддаленай будучыні.
Як можна падрыхтавацца да непрадказальных зменаў? Найперш, развіваць здольнасць разумець і аналізаваць тое, што адбываецца, каб потым разумна дзейнічаць. Іншая падрыхтоўка – гуманітарная – самавызначэнне, камунікацыя і ўзаемадзеянне з Іншым,
разуменне тэкстаў і мастацкіх выказванняў.
Прапанаваныя курсы – спроба разам з беларускімі мыслярамі і адмыслоўцамі рухацца да аналізу сучасных працэсаў:
- Тры глабальныя праблемы сучаснасці. Андрэй Ягораў, Уладзімір Мацкевіч
- Пасля будучыні: медыя-бум і новыя вымярэнні сацыяльнага. Максім Жбанкоў
- Трансфармацыя чалавечага самаразумення ў эпоху біятэхналогій. Таццяна Шчытцова
- Чатыры сустрэчы з Іншым: ключавыя ракурсы сучаснага дыялагізма. Зміцер Майбарада
- Псіхааналіз і палітыка. Галіна Русецкая
- Школа Бібліі: герменэўтыка базавых тэкстаў культуры. Ірына Дубянецкая
- Інстытуцыяналізм у эканоміцы, праве, гісторыі і палітыцы. Аляксей Пікулік
- Сучасныя тэорыі суб’екта. Галіна Русецкая, Павал Баркоўскі, Ігар Падпорын, Аляксандр Сарна.
Галоўная ўвага будзе сканцэнтравана на асваенні розных метадаў, моваў і падыходаў, праз якія мы можам працаваць з новымі з’явамі ў грамадстве. Гэта – мова мастацтва, камунікатыўныя і герменеўтычныя практыкі, метады вылучэння праблемаў і падыходы да іх вырашэння. Гэта – новыя сацыяльныя, эканамічныя і філасофскія тэорыі, што даюць інструменты аналізу і дзеянняў.
Заяўкі прымаюцца да 5 лютага. Каб запісацца, трэба перайсці па спасылцы на абраны курс.
Заняткі будуць праходзіць па вечарох у працоўныя дні. Усе заняткі бясплатныя.
Па дадатковых пытаннях можна звяртацца па адрасе: flyuniby@gmail.com