Як Паліна паўгода вучылася па праграме ў Берліне

У 2022 годзе Паліна Гадуйка паехала ў Берлін па праграме International Excellence Scholarship ад арганізацыі Copernicus Berlin. Там дзяўчына цэлы семестр вучылася ў нямецкім універсітэце ды стажыравалася ў самой арганізацыі. Яна расказала adu.place пра тое, як правяла гэтыя паўгода і чаму нам усім варта звярнуць увагу на IES.

Паліна Гадуйка. Фота: асабісты архіў гераіні

Пакет дакументаў за тыдзень, ангельскай мовы дастаткова: як трапіла на праграму

З дакументамі Паліна разабралася самастойна: пацвярджаць ўзровень мовы не трэба (дастаткова ведаць ангельскую ці нямецкую на высокім узроўні), не натарыяльна завяраць пераклад адзнак ва ўніверы таксама не трэба. Дзяўчына ўсё падрыхтавала за тыдзень.

На наступным этапе адбору Паліна запісала аднахвіліннае відэа з аповедам пра сваю матывацыю паехаць на праграму, а потым паспяхова прайшла інтэрв’ю праз Zoom. Усё атрымалася добра, беларуска выбрала адзін з універсітэтаў праграмы (арганізацыя падбірае праграмы, падобныя да тых, дзе вучышся ў Беларусі) і атрымала візу.

Паліна рэкамендуе паглядзець працэс адбору на сайце праграмы, бо там усё распісана вельмі падрабязна.

Кватэра ў цэнтры Берліна і бюракратыя: першы месяц на праграме

Беларуска жыла ў кватэры ад Copernicus Berlin ў цэнтры гораду. «Кватэра новая і мегазручная, усё ёсць. Не магу пераацаніць, што арганізацыя зняла з нас гэты галаўны боль. Прыязджай ды жыві, дык яшчэ і лакацыя — лепш не прыдумаеш», — дзеліцца Паліна.

Першы месяц дзяўчына разбіралася з бюракратыяй: зарэгістравалася ў кватэры, адкрыла банкаўскі рахунак, аформіла мабільны нумар ды медычнае страхаванне, выбрала курсы ва ўніверы, атрымала студэнцкую картку. Паралельна яна знаёмілася з камандай Copernicus Berlin і атрымлівала першыя заданні.

Вучоба

Паліна падкрэслівае: вучоба на IES — не галоўнае. Ты самастойна выбіраеш курсы (мінімум — два, аптымальна — чатыры, на больш не хопіць часу), адным з іх можа быць нямецкая мова. Дзяўчына абрала два прадметы, звязаныя з мастацтвам.

«У мяне не было такога, што прыходзіш на лекцыю, а табе проста зачытваюць яе. Шмат абмеркаванняў, студэнты рыхтуюцца да заняткаў. Ты атрымліваеш загадзя спіс літаратуры і ведаеш, што вы будзеце абмяркоўваць. Гэта могуць быць два-тры тэксты па 20 старонак, нейкія вытрымкі з кніг, навуковыя працы. Настаўнікі мадэруюць абмеркаванні і стараюцца, каб усе штосьці сказалі», — расказвае Паліна.

Пара назіранняў: студэнты грукаюць па сталах напрыканцы заняткаў (як замена апладысментам), а ва ўсіх прадметах вельмі шмат увагі надаецца ролі жанчын: іх ролю гістарычна пераасэнсоўваюць.

Стажыроўка з падарожжамі па Еўропе

Падчас праграмы Паліна не толькі вучылася, але і валанцёрыла ў Copernicus Berlin. Калі першыя чатыры месяцы яна сумяшчала вучобу і працу, то апошнія два сфакусавалася толькі на валанцёрстве. Як адбыўся гэты пераход са слоў беларускі: «Цяпер у цябе фіксаваныя працоўныя гадзіны, больш заданняў (іх падбіраюць па тваёй спецыялізацыі). Я па адукацыі графічная дызайнерка, таму працавала над кантэнтам для сацсетак, брашур, малявала ілюстрацыі і іншае. Таксама працавала з фота і відэа, здымала, апрацоўвала».

Але стажыроўка была не толькі пра гэта. Паліна таксама ўдзельнічала ў арганізацыі Erasmus+ трэнінгаў па ўсёй Еўропе: ад Партугаліі да Латвіі. Падчас мерапрыемстваў яна знаёмілася з людзьмі з краін і па-за Еўропай, таму праграма моцна развіла і soft skills дзяўчыны.

Што трэба ведаць і чаму праграма крутая

  1. «Важна разумець, што ты едзеш і вучыцца, і валанцёрыць. Планаваць час — ключавы навык, які 100% пракачаеш».
  2. «Тое ж самае адбудзецца з мовамі — вельмі рада назіраць, што адбылося з маёй ангельскай. Абавязкова карыстайцеся магчымасцю вучыць нямецкую, калі не ведалі яе да праграмы».
  3. «Я сустрэла неймаверную колькасць натхняльных, матываваных людзей з усяго свету. Гэта міжкультурны досвед, якога ў мяне яшчэ не было. Я быццам трапіла ў іншы свет — усе пастаянна кудысьці ездзяць, размаўляюць на 3+ мовах і маюць сяброў і сябровак паўсюль. Вельмі натхняе!»

Зацікавіла праграма? Калі хочаш даведацца больш, рэкамендуем зазірнуць на сайт International Excellence Scholarship.

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.