Нядаўна мы расказалі пра рэкамендацыйны ліст і як яго падрыхтаваць, прачытаць можна тут. Цяпер трэба разабрацца ў яго калезе — матывацыйным лісце. У гэтым нам дапамаглі абазнаныя ў тэме абітурыенты і абітурыенткі. Пагналі!
Матывацыйны ліст — гэта тваё тлумачэнне ўніверсітэту, чаму табе пасуе праграма, а ты — праграме. Тут трэба патлумачыць, чаму ты ідзеш у пэўны ўніверсітэт, чым ён дапаможа табе. Матывацыйны ліст таксама можна пісаць, каб атрымаць стыпендыю: тады трэба аргументаваць, чаму ты не можаш без яе абысціся. Варта, каб матывацыйны ліст раскрываў некаторыя, найбольш рэлевантныя пункты з CV, а рэзюмэ дадавала дэталяў.
Шмат на якіх магістарскіх праграмах няма іспытаў, таму матывацыйны ліст — твой твар перад камісіяй. Часам кажуць, што ён мусіць быць такім, каб пасля прачытання прадстаўнікі і прадстаўніцы прыёмнай камісіі захацелі пайсці з табой у бар выпіць піва.
Як яго пісаць
Коратка і па справе! Вялікія матывацыі ніхто не будзе чытаць, таму задача з зорачкай — за адну-паўтары старонкі ўпэўніць камісію, што ты — той ці тая, каго яны шукаюць. За першыя сказы можна патлумачыць, чаму ты хочаш вучыцца ў ВНУ і чаму менавіта ты зробіш і яго, і праграму лепш. Варта падумаць, як ты можаш змяніць гэты свет і чаму табе патрэбная менавіта гэтая адукацыя.
Вучоба мусіць быць сродкам, а не мэтай, таму прыклады дрэннай матывацыі — атрымаць дыплом, пападарожнічаць ці пераехаць у іншую краіну. Варта таксама паглядзець, які фармат патрабуе канкрэтны ўнівер: часта там прапісаныя колькасць словаў, пытанні і нават структура.
Чытай іншыя карысныя артыкулы:
- Як вучыцца па навуцы? Частка першая: як думаць па-рознаму і навошта спаць
- Прадзюсарка Ала Алоэ: як ствараць сацыяльна важныя праекты
- Як «узламаць» замежную ВНУ з трэцяй спробы: досвед Дзяніса Рабчука
Калі пішаш, адштурхвайся ад канкрэтнай праграмы: напрыклад, калі ў плане прапісана, што цябе чакае навучанне сацыялогіі ці эканоміцы, лепш узгадаць, чаму ты цікавішся гэтымі навукамі ці хочаш паглыбіць свае веды.
Далей апішы свой акадэмічны і прафесійны досвед, у гэтым лепш пазбягай вялікіх спісаў. Добра будзе ўзгадаць, як ты ўжо ідзеш да мэты: напрыклад, калі ты вывучаеш экалогію, таму ездзіш у экалагеры, прыбіраеш смецце ў лесе і вядзеш блог пра сартаванне смецця. Апісанне твайго досведу праз гісторыю зробіць ліст больш жыццёвым.
Важна знайсці, на якой агульнай арбіце вы з універам знаходзіцеся. Таму варта патлумачыць не толькі тое, чым ён будзе карысны табе, але і ты — яму. Для гэтага паспрабуй прэзентаваць свае скілы, якім знойдзецца прымяненне ва ўстанове: мо, ты лідар ці лідарка і хочаш быць старастай, ці хочаш быць амбасадарам ці амбасадаркай праграмы ў сваім блогу?
Добра адзначыць унікальны досвед, якога можа не быць у еўрапейскіх студэнтаў і студэнтак: напрыклад, вопыт міграцыі ці праца ў неспрыяльных умовах.
Універсітэты ствараюць не проста прастору для навучання, а суполку, таму падкрэслі, што ты хочаш дзяліцца досведам і атрымліваць яго ад іншых, а не проста хадзіць на пары.
Што па лайфхаках
- Пачытай, якія прадметы, выкладчыкі і выкладчыцы ёсць на праграме, каб напісаць пару сказаў з канкрэтнымі назвамі і паказаць абазнанасць у кірунку, да якога ты імкнешся.
- Прадумай сваю гісторыю, якая зачэпіць прыёмную камісію. Для гэтага можна пачаць з асабістай гісторыі, якая стане «гаплікам».
- Добра мець у галаве разуменне пра каштоўнасці ўніверсітэту і арыентавацца на іх: пра іх можна даведацца на сайтах ВНУ, напрыклад. Такім чынам ты пакажаш, што пасуеш да праграмы і ўстановы.
- Часам на праграму матывацыйны ліст можа быць не патрэбны, але ў анкеце будуць пытанні кшталту «Чаму вы хочаце сюды?», «Як вы будзеце ўжываць гэтыя веды?» Не прапусці, гэта яно самае!
- Не пішы таго, чаго не было. Памятай, што табе трэба не проста паступіць, але і з карысцю вучыцца. Калі твае шчырую матывацыю і рэальныя поспехі не зацэніць камісія, мо, ты не тое шукаеш?
Маеш цікавыя гісторыі пра матывацыйны ліст ці іншыя парады? Напішы нам у Telegram-бота ці на пошту adukacyja@gmail.com.
Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.
Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.
Ліка Юр’ева