19-гадовая Анастасія Корсак закончыла Воранаўскую сярэднюю школу, што ў Гродненскай вобласці. У 2021 годзе дзяўчына паступіла на бюджэт факультэта міжнародных адносін БДУ. Правучыўшыся два курсы, яна адлічылася з беларускай ВНУ і самастойна паступіла на першы курс бакалаўрыяту Нью-Ёркскага ўніверсітэту і цяпер навучаецца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Як так атрымалася, яна распавяла adu.place.
Анастасія Корсак. Фота з асабістага архіву.
Глабальная адукацыя
— Я родам з зусім маленькага пасёлка Воранава ў Гродзенскай вобласці і ніколі не ведала пра магчымасці, якія ёсць у сусветнай адукацыі. Самай вялікай марай для мяне было паступіць у БДУ. І хаця мне вельмі падабалася вучыцца на факультэце міжнародных адносін, мне не зусім пасавала тая сістэма адукацыі.
Таму я стала шукаць шляхі працягнуць адукацыю замяжой. Спачатку я выйграла ў праграме абмену ў ЗША Global Ugrad, на яе могуць падавацца студэнты і студэнткі розных краін. Але БДУ мяне не адпусціў: яны сказалі, што ў іх няма дамовы з універсітэтамі ЗША. Я ведаю, што некаторыя беларусы выключаліся з беларускіх ВНУ ці бралі акадэмку, каб усё ж паўдзельнічаць у праграме, але я вырашыла паспрабаваць паступіць у ЗША самастойна, ужо па звычайным працэсе паступлення ў амерыканскія ВНУ.
Яшчэ навучаючыся ў БДУ, я здала моўны іспыт на С1 — я добра ведала ангельскую, хаця вучыла яе самастойна. Звычайна гэта той мінімум ведання мовы, які патрабуюць топавыя амерыканскія ўніверсітэты.
У ЗША ёсць два варыянты паступлення: па ранняй падачы дакументаў напрыканцы лістапада, калі ты можаш выбраць толькі адзін універсітэт, і звычайная — у студзені, калі ты можаш падавацца адразу ў 17-20 устаноў.
Я вырашыла выкарыстаць перавагі ранняй падачы, бо лічыцца, што так больш шанцаў паступіць і атрымаць фінансаванне. А я вельмі хацела паступіць менавіта ў Нью-Ёркскі ўніверсіэт, бо ў яго кампусе ў Абу-Дабі ёсць сістэма глабальнай адукацыі, якая мне так падабаецца. Падчас такой вучобы ты можаш убачыць свет!
Спраўджаная мара
— Так я вырашыла рызыкнуць, але паколькі падача была ў студзені, у мяне было толькі чатыры месяцы, каб сабраць усе дакументы. Я не раю так рабіць! Лепш за ўсё пачаць падрыхтоўку за год-паўтара, каб спакойна прапісаць усе матывацыйныя і рэкамендацыйныя лісты, сабраць неабходныя актыўнасці.
Але як ёсць: я стала збіраць дакументы за чатыры месяцы. У ЗША ва ўсе ўніверсітэты трэба падавацца праз адзіны партал Common App. Там патрабуецца адно агульнае эсэ, якое накіроўваецца ва ўсе ўніверсітэты, і дадатковыя — для кожнай асобнай установы адукацыі. Часам яны прапануюць дастаткова цікавыя тэмы: напрыклад, паразважаць, пра што можа распавесці зуб мудрасці. Але ўсё ж самае распаўсюджанае эсэ — патлумачыць, чаму ты хочаш менавіта ў гэты ўнівер.
Калі ты пішаш тэкст такога кшталту, я бы рэкамендавала ўявіць, што ты сядзіш са сваім універсітэтам на спатканні. Таму варта казаць, не чаму табе патрэбная гэтая ВНУ, а старацца паказаць, чаму гэтаму ўніверсітэту патрэбны ты. Чаму яны мусяць цябе прыняць? Усе раяць пісаць эсэ за некалькі месяцаў, даваць вычытаць блізкім, каб яны ацанілі, наколькі яно раскрывае тваю асобу, але я пісала іх за адзін вечар. Так я таксама не раю рабіць.
Далей трэба далучыць рэкамендацыйны ліст. Па іх я звярнулася да настаўніцы, якая рыхтавала мяне да рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўству, і да сваёй рэпетытаркі па ангельскай мове. То-бок большую частку працы я правяла сама, але з падтрымкай гэтых людзей.
Не менш важнай часткай з’яўляецца апісанне актыўнасцей (варта дадаць дзесяць) і дасягненняў (раюць паказаць не менш за пяць). Актыўнасці — гэта то, чым ты займаешся, акром вучобы: спорт, валанцёрства. Дасягненні — гэта поспехіі. Кажуць, што варта звяртаць увагу на міжнародны ўзровень, але ў мяне быў пералік дасягненняў і актыўнасцей выключна на нацыянальным узроўні.
Напрыклад, я пісала пра стажыроўку ў МЗС, першае месца ў рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўству. Таму я раю пачаць рыхтавацца загадзя — каб было, што прапісаць у гэтых пунктах. Калі падаешся на сайце, там можна паставіць галачку, што ты ўпэўнены, чым хочаш займацца, — напрыклад, біялогіяй. І адпаведна, падабраць усе актыўнасці пад гэтую сферу. Бачна, што ў адрозненні ад беларускіх устаноў адукацыі, дзе чалавек — лічба, бо пры паступленні глядзяць на ЦТ, атэстат і гэтак далей, у ЗША важныя не толькі адзнакі, але і асоба.
Але калі шчыра, я думала, што мяне нікуды не возьмуць. Я памятаю, як позна ўвечары сядзела ў цесным беларускім інтэрнаце з яшчэ чатырма людзьмі побач і чытала ліст, што я паступіла. Я не ўсведамляла, што адбываецца, і нават даслала брату скрын паведамлення, каб ён пацвердзіў гэта: мне падавалася, я нават не разумела, што там напісана на ангельскай мове.
А пасля я ўбачыла, што мне не трэба ні за што плаціць, — і апынулася ў яшчэ больш узнёслым стане. Я вучуся на стыпендыі, якая фінансуе не толькі цалкам вучобу, але і пакрывае кошты квіткоў на дарогу, стажыроўкі, харчаванне, пражыванне, страхоўкі. Я маю некалькі стыпендый, якія абнаўляюцца кожны месяц ці семестр, некаторыя з іх могуць нават пакрыць мае падарожжы падчас вакацый восенню ці зімой.
Глабальная адукацыя
— Бакалаўрыят Нью-Ёркскага ўніверсітэту месціцца ў трох кампусаз: непасрэдна ў Нью-Ёрку, Шанхаі і Абу-Дабі. Цяпер я навучаюся ў Абу-Дабі, але цягам вучобы я мушу перамяшчацца па свеце, абіраючы курсы ці спецкурсы ў Лос-Анджэлесе, Фларэнцыі, Парыжы ці яшчэ дзе-небудзь, што будзе пасаваць маёй праграме. У першае такое “навучальнае падарожжа” я выпраўляюся ўжо ўзімку. Так выглядае глабальная адукацыя.
Агулам жа амаль ва ўсіх амерыканскіх ВНУ дзейнічае сістэма liberal arts education: гэта значыць, я паступаю не на пэўную спецыяльнасць, а ва ўніверсітэт. Спецыяльнасць я магу абраць да другога курсу, а да гэтага часу можна выбіраць цікавыя мне прадметы. Каб “закрыць” сваю спецыяльнасць і атрымаць дыплом, трэба сдаць пэўныя абавязковыя крэдыты, але не прынцыпова, у які год навучання.
Таксама можна абраць падспецыяльнасці, але трэба разумець, што чым больш усяго набярэш, тым складаней будзе вучыцца. Я думаю ўзяць дзве спецыяльнасці: бізнэс і фільмы і новыя медыя. У майго знаёмага, напрыклад, наогул дзве спецыяльнасці і дзве падспецыяльнасці.
У адрозненні ад Беларусі, тут няма загадзя складзенага для цябе раскладу: мы выбіраем курсы самі. У пачатку кожнага семестра ёсць пэўны дзень і час, калі мы мусім зайсці на сайт і выбраць іх. Месцы абмежаваныя, можна нават не паспець падацца на жаданы курс, але потым месцы дадаюць, таму не варта пераймацца. Ты можаш паставіць сабе заняткі ў зручны час: напрыклад, калі ты не ўспрымаеш інфармацыю рана ранкам, выбраць больш позні час для вучобы.
У гэтым семестры я вывучаю некалькі абавязковых і некалькі дадатковых курсаў. Адзін з абавязковых прадметаў для спецыяльнасцей, звязаных з эканомікай, паліталогіяй, бізнэсам і гэтак далей, — курс па міжнароднай палітыцы, эканоміцы і сацыялогіі. Яго выкладае аўтар бестсэлераў Нью-Ёрк Таймс. Таксама адзін з абавязковых курсаў для майго першага семестру замяжой — напісанне сцэнароў для фільмаў і серыялаў, які вядзе лаурэат на Оскар Scandar Copti.
Абавязкова для першакурснікаў наведаць прадмет, дзе вучаць пісаць эсэ, для яго трэба абраць адну з тэмаў — напрыклад, гендэр, змяненне клімату, расізм і расы. Я выбрала апошнюю. Мой чацвёрты курс — бізнес, палітыка і соцыум. Цікава, што на ўсіх класах могуць быць студэнты і студэнткі розных курсаў, бо вы маглі выбраць яго ў розныя гады навучання.
У нас няма лекцый як такавых — заняткі называюцца “класы” і больш падобныя да нашых семінараў, таму да іх трэба шмат рыхтавацца. Мне падабаецца, як выкладчыкі ставяцца тут да сваёй працы, я бачу зацікаўленасць з іх боку.
Напрыклад, я ніколі не баюся задаваць нават самыя бязглуздыя пытанні, бо бачу, з якім неймаверным энтузіазмам выкладчыкі на іх адказваюць. Яны нават могуць даслаць табе ліст на электронную пошту з падзякай за пытанне і спісам дадатковай літаратуры па тэме! Часам напрыканцы класа выкладчык раздае пустыя паперкі, дзе ананімна можна напісаць каментары наконт занятку і задаць пытанні, якія чамусьці не можаш агучыць. Сярод выкладчыкаў — шмат знакамітасцяў, напрыклад, часты госць тут — Дэвід Кэмеран.
Гэтая сістэма гучыць вельмі складана, але на кампусе ёсць шмат бясплатных рэсурсаў, якія табе дапамагаюць. Ты проста прыходзіш і кажаш: “Дапамажыце, калі ласка, я нічога не разумею!” — і табе могуць дапамагчы скласці план навучання нават на ўсе чатыры года. Калі хочаш, можаш звярнуцца да бясплатных псіхолагаў ці нават коўчаў па поспеху.
Мульцікультурны асяродак
— Вядома, я хацела б сказаць, што тут не трэба нічога зубрыць, але гэта не так. На маёй спецыяльнасці трэба шмат чытаць, але і запамінаць інфармацыю трэба. Нягледзячы на тое, што я добра ведаю ангельскую, шмат часу ў мяне сыходзіць, каб пераналадзіцца на навучанне на замежнай мове. Я пачынаю прывыкаць да розных акцэнтаў: вакол цябе тут сапраўды — цэлы свет.
Спачатку я пераймалася праз розніцу менталітэтаў, але калі прыехала сюды, пабачыла, што ўсё добра. У мяне ёсць сябры рускія, украінцы, я не магу падлічыць, з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі колькіх краін камунікавала, — і з усім мы знаходзім агульную мову.
Каб усім было камфортна разам, клапоціцца і ўніверсітэт. Напрыклад, перад вучобай мы праходзілі тэст на расізм, вынікі якога потым абмяркоўвалі ўсе разам перад вялікім экранам падчас адной з абавязковых сесій. У нас ёсць пакоі, дзе могуць маліцца мусульмане, ёсць бясплатны шатл штонядзелю, які можа адвезці цябе ў царкву.
Але нягледзячы на такую блізкасць да розных культур свету, нас вучаць быць вельмі асцярожнымі з гэтым. Напрыклад, падумаць дзесяць разоў, ці карэктным будзе задаць тое ці іншае пытанне, ці не пакрыўдзіць яно каго. Вучаць спытацца, перад тым як яго задаваць, хаця для людзей з постсавецкай прасторы гэта першы час і нязвыкла.
Клопат універсітэту бачны не толькі ў гэтым. Калі я толькі прыехала, мяне з яшчэ адным беларусам сустрэлі ў аэрапорце, правялі без чэргаў, пасадзілі ў машыну і давезлі з Дубая да кампуса ў Абу-Дабі. Увесь гэты шлях мне, стомленай ад шасцігадзіннага пералёту, не трэба было хвалявацца ні пра што: за нас нават цягалі рэчы.
Універсітэт імкнецца скласці такую атмасферу, каб вы не ехалі з глузду праз вучобу, а выходзілі з бібліятэкі, вылазілі з ноутбукаў. Бо кампус хаця і адносна вялікі, калі доўга знаходзіцца з ім, узнікае пачуццё бурбалкі: гэта ўсё адно, калі б у Беларусі пастаянна быць на факультэце. Ты стамляешся ад гэтага пастаяннага атачэння вучобай, таму ўсе імкнуцца выехаць на дзень кудысьці. Напрыклад, у Дубаі на канферэнцыю ці яшчэ куды — знайсці магчымасці зусім не складана. Падыходзіш да ліфту, а там абвестка, што сёння акадэмічная супольнасць запрашае ехаць глядзець на зоркі ў пустыні.
Каб усё паспяваць, я стала весці гугл-каляндар, хаця і шмат супраціўлялася, бо прывыкла пісаць спісы спраў ад рукі і выкрэсліцваць іх. Апынулася, што гугл-каляндар — не толькі зручна, але і неабходна, бо выкладчыкі адпраўляюць праз яго запрашэнні на сустрэчы. Калі б не вяла яго, дакладна б пра нешта забыла і нічога не паспела б.
Калі ты хочаш паступіць замяжу, галоўнае, як гэта ні банальна, мець жаданне. Тады знойдуцца ўсе рэсурсы. Таксама раю не быць, як я, і пачынаць рыхтавацца загадзя. Час спатрэбіцца, каб спакойна вызначыцца з моўным іспытам, скласці спіс дасягненняў і актыўнасцей, скласці асноўную ідэю эсэ. Час і жаданне — усё, што трэба!
Ты таксама хочаш падзяліцца сваёй гісторыяй? Смела пішы нам у Telegram-бот.
Ліка Юр’ева