ADU_TALKS: куды пайсці вучыцца беларусам і беларускам? 

Adu.place разам з EU NEIGHBOURS east зладзілі ADU_TALKS — вялікую імпрэзу, дзе прэзентавалі адукацыйныя магчымасці для беларусаў і беларусак. Анлайн і афлайн у ім узялі ўдзел больш за 250 чалавек! Каб не спойлерыць шмат, скажам, што шмат на якіх адукацыйных праграмах чакаюць беларусаў і беларусак, галоўнае – паспяваць шукаць магчымасці і не саромецца падавацца на іх.

Фота: Аліна Мазавец

Не хвалюйся, калі не атрымалася патрапіць: сабралі для цябе ўсе карысныя спасылкі ў адным месцы.

Што такое EU4Youth?

Эрыкас Янкаўскас, менеджар праграмы EU4Youth фазы III па занятасці і прадпрымальніцтву моладзі, Цэнтральнае агенцтва па кіраванні праектамі (CPVA). Фота: Аліна Мазавец

Ініцыятыва заахвочвае моладзь краін Усходняга партнёрства браць удзел у дэмакратычным жыцці. Яна прапаноўвае гранты, тэхнічную дапамогу і стыпендыі. У 2024 годзе беларусам і беларускам будуць дасяжныя гульня ў чат-боце, Курс электроннага навучання прадпрымальніцкім навыкам і крэатыўнаму мысленню. Інструмент самаацэнкі для маладых прадпрымальнікаў даступны ўжо цяпер, але пакуль што толькі на ўкраінскай мове.

З грантаў цяпер можна падацца на Green House for social innovators. Праект мае мэтай умацаваць сацыяльныя прадпрыемствы ў Грузіі, Беларусі і Украіне, які акцэнтаваныя на ўстойлівыя зялёныя і лічбавыя сацыяльныя бізнес-мадэлі, прыцягненне ментараў, інвестараў і міжнародны абмен праграмы. 

Што прапаноўвае SALT Support for Advanced Learning and Training?

Доктар Аўдроне Узіэлене, каардынатарка магчымасцяў для акадэмічнай супольнасці праграмы EU4Belarus: Цэнтральнае агенцтва кіравання праектамі Літвы. Фота: Аліна Мазавец

У межах праграмы можна атрымаць студэнцкія стыпендыі, даследчыцкія групавыя гранты, узяць удзел у стажыроўках для выкладчыкаў, а таксама прайсці моўныя курсы. Прама цяпер набіраюць ахвотных на акадэмічныя стыпендыі для беларускіх даследчыкаў, выкладчыкаў і дактарантаў. Апліканты могуць жыць як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Стыпендыю могуць даць на:

  • супрацоўніцтва з замежнымі калегамі, каб стварыць курс або навучальны план, выкладаць, а таксама праводзіць лекцыі і прэзентацыі;
  • правядзенне даследаванняў у пэўнай галіне ў вышэйшай навучальнай установе або даследчым цэнтры, у тым ліку час у бібліятэках і архівах, палявыя даследаванні (збор даных), а таксама міжнароднае супрацоўніцтва для стварэння рэцэнзуемай публікацыі;
  • неаплатная стажыроўка з боку ўніверсітэта або даследчага інстытута.

Падаць заяўку можна да 15 снежня.

Таксама можна атрымаць акадэмічныя групавыя гранты на даследаванні па любым навуковым накірунку. Дэдлайн – 22 студзеня 2024 году. З крытэрамі можна азнаёміцца на сайце.

А Social Camp?

Social Camp – адукацыйна-ментарынгавы праект для беларусаў і беларусак, зацікаўленых у развіцці краіны і сувязях з ёй, незалежна ад месца жыхарства. У 2023-2024 гадах яны прапаноўваюць некалькі курсаў:

  • “Сторытэлінг: тэорыя і практыка”;
  • “Сацыяльны праект: ад ідэі да рэалізацыі”;
  • “Сацыяльнае прадпрымальніцтва”;
  • “Адвакацыя”;
  • “Распакоўваем актывізм”.

Яны кампактныя і зоймуць у вас некалькі гадзін на тыдзень цягам паўтара месяца. Таксама заўсёды можна папрасіць дапамогі ў ментараў і ментарак праекту. Яны даюць парады, як вырашаць грамадска значныя праблемы, рэалізоўваць сацыякультурныя праекты, атрымліваць веды аб спецыфіцы прафесійнага асяроддзя ў новай краіне знаходжання, як пашырыць кантакты ў лакальнай прафесійнай супольнасці і шмат па чым іншым. Важная ўмова – праекты мусяць быць сацыяльнымі.

Акром гэтага, Social Camp экспертна і фінансава падтрымлівае ідэі, якія накіраваныя на развіццё лакальных супольнасцяў. Памер мікрагрантаў – ад 5 да 20 тысяч еўра. Такім чынам, з Social Camp ты можаш прайсці ўвесь шлях: атрымаць веды, кансультацыі ментараў і ментарак, падтрымку, каб рэалізаваць праект.

Цяпер трывае другі навучальны сезон, набор на другі семестр пачынаецца ў снежні 2023 году. Таксама працягваюць прымаць заяўкі на ментарынг. Пра крытэры адбору, форму падачы заявак і шмат што іншае – глядзі на сайце праекту

Як наконт міждысцыплінарнасці?

Якуб Кубіца, кіраўнік камунікацый Еўрапейскага каледжа ў Наталіне. Фота: Аліна Мазавец

Коледж Еўропы ў Наталіне прапаноўвае поўныя стыпендыі беларусам і беларускам на навучанне ў міждысцыплінарных даследаваннях. Прымаюць людзей з розным досведам і адукацыяй. Падчас вучобы можна падабраць такія курсы і прадметы, якія цікавыя менавіта табе. За апошнія пяць гадоў не было двух студэнтаў з аднолькавай праграмай.

Можна падавацца анлайн бясплатна да 16 студзеня 2024 году. Важна – на суразмоўі трэба хаця б крыху распавесці пра сябе на французскай мове. Нават калі ўзровень мінімальны, цябе могуць прыняць, калі ты падцягнеш яго да навучальнага году. Падрабязнасці – на сайце.  

Куды пракласці MOST?

MOST+ – праграма, якая дапамагае ўстанавіць прафесійныя кантакты паміж беларускімі і еўрапейскімі спецыялістамі і спецыялісткамі, а таксама палепшыць узаемаразуменне паміж імі.

Яна падтрымлівае спецыялістаў і спецыялістак, якія працуюць у пэўных прафесійных сектарах: грамадства, культура, бізнес, адукацыя, ахова здароўя, устойлівае развіццё. Можна паехаць на стажыроўку ў краіны ЕС як самастойна, так і групай. Падрабязнасці – тут.  

Хто такія Маладыя Еўрапейскія амбасадары? 

Усевалад Лагун, амбасадар еўрапейскай моладзі. Фота: Аліна Мазавец

Гэта маладыя людзі з краін Усходняга партнёрства, Еўразвязу і ЗК. Яны будуюць масты паміж краінамі, павышаюць дасведчанасць аб ЕС у краінах УП, распаўсюджваюць веды пра краіны УП у Еўропе.

Таксама маладыя людзі дапамагаюць павысіць грамадзянскую актыўнасць і разам працаваць дзеля лепшай будучыні. Для гэтага рабята ладзяць імпрэзы ўжывую і анлайн. Сярод іх – варкшопы, канферэнцыі, культурныя актыўнасці, нэтворкінг. Як далучыцца да ўсяго гэтага – шукай на сайце.

Зробім SALTO?

Андрэй Паўловіч, намеснік дырэктара Дэпартамента знешніх і міжгаліновых праграм Фонду развіцця сістэмы адукацыі. Фота: Аліна Мазавец

Праграма для моладзі SALTO аб’ядноўвае некалькі магчымасцяў: Erasmus+, European Solidarity Corps, Young people & youth workers, EU, Programme Countries, EaP, Neighbouring Partner Countries. Рэгулярны апдэйт па ўсіх імпрэзах можна знайсці тут. Таксама на сайце дасяжная бібліятэка інструментаў. Варта стварыць профіль, а потым атрымліваць усю інфармацыю адсюль. Агульную інфармацыю пра праекты шукай тут. 


Па спасылцы шукай фота з імпрэзы!


Засталіся пытанні пра імпрэзу? Пішы нам у Telegram-бот!


Ліка Юр’ева