Беларус стварыў парк каля свайго ўніверсітэту: пачытай яго гісторыю

Кірыл Кветка апантаны раслінамі ўсё сваё жыццё. У 10 гадоў ён пачаў гандляваць імі на рынку, каб зарабіць на іншыя экзэмпляры для свайго саду. У 15 – стаў вырошчваць расліны ў цяпліцы. Студэнтам Кірыл стварыў на тэрыторыі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту “Кветка Парк”, які цяпер ужо стаў візітоўкай гораду. Памерам больш за два гектары, ён мае больш за 3000 розных раслінаў.

Цяпер хлопец закончыў універ, але працягвае развіваць парк. Пра сваю гісторыю ён распавёў adu.place.

Кірыл Кветка. www.instagram.com/kvetka_kirilla/

Рынак – калыска натхнення

— Я займаюся раслінамі амаль з нараджэння. Пакуль жылі ў кватэры, вырошчваў хатнія расліны, але мае магчымасці абмяжоўваліся трыма падваконнямі. Калі мне было 10, мы пераехалі ў прыватны дом, і я перакваліфікаваўся на садовыя расліны. Тады ж я ўпершыню пайшоў на рынак і стаў зарабляць капейчыну, каб купляць новыя расліны. Пагандлявалі на рынку з бацькамі, на зваротным шляху заехалі ў кветкавую краму – і ўсе грошы імгненна разыходзіліся на новыя расліны.

Кірыл Кветка. www.instagram.com/kvetka_kirilla/

Калі мне было гадоў 15, я адначасова вучыўся, гандляваў на рынку, вырошчваў нешта ў цяпліцы, якую мне дапамагаў змайстраваць бацька, і прафесійна займаўся водным пола. Часам нават бабуля ездзіла за мяне на рынак і старалася прадаваць расліны па шыльдачках з апісаннямі, якія я рабіў.

Тады рынак быў эпіцэнтрам усяго ў нашым горадзе, а я не магу распавядаць ціха без эмоцый, таму мае аповеды для аднаго чалавека пра догляд за пэўнай кветкай прываблівалі яшчэ шмат мінакоў. Цяпер рынак ужо не такі папулярны, але каля маёй кропкі і дагэтуль збіраюцца людзі: у мяне нізкія кошты, я ўсім раблю падарункі і заахвочваю людзей сваімі расказамі.

Мая мэта – натхніць людзей кветкамі, каб у іх загараліся вочы. Цяпер некаторыя людзі нават і не хочуць нешта пасадзіць, але падыходзяць проста падтрымаць мяне. 

“Кветка Парк”

Мара, якая апынулася рэальнасцю

— Калі прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, я спыніўся на сваім родным горадзе Брэсце, бо не хацеў кідаць сваю калекцыю раслінаў. Выбраў максімальна блізкую да тэмы спецыяльнасць у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце – “меліярацыя і водная гаспадарка”. У той час я ўжо даволі шмат выказваўся ў інтэрв’ю пра сваю мару – стварыць уласны парк, пра гэта прачытаў рэктар Аляксандр Генадзьевіч Бахановіч. Ён прапанаваў мне рэалізаваць гэта на тэрыторыі ўніверу. Так мая вучоба стала лёсавызначальнай.

Кірыл Кветка. www.instagram.com/kvetka_kirilla/

Мы пачалі ствараць “Кветка Парк” вясной мінулага году. Спачатку я перасаджваў матачныя кусты са свайго дамашняга саду, сеяў аднагадовыя кветкі з насення – яны ствараюць масштаб. На клумбы пачалі звяртаць увагу студэнты, супрацоўнікі ўніверу, мінакі. Неяк хтосьці праходзіў міма і спытаў мяне, колькі год гэтаму месцу – парку на той момант было ўсяго тры месяцы.

“Кветка Парк”

Я імкнуся развіваць парк, але для гэтага трэба пастаяння ўкладацца ў яго грашыма, часам і высілкамі. Дагэтуль я рабіў усё сам, але цяпер закончыў універсітэт і маю планы масштабаваць праект, сабраць каманду. Я яшчэ не паспеў запаланіць усю тэрыторыю, а хацелася б – таму буду старацца. 

Акром уласна вырошчвання раслінаў, я арганізую імпрэзы. У “Кветка Парку” ўжо прайшлі выставы 60 гатункаў майго вінаграду – я хацеў паказаць гораду, што ў Брэсце магчыма такое рабіць, каб людзі ўбачылі і натхніліся. Мы рабілі таксама выставы больш за 50 гатункаў астраў да 1 верасня, да Дня маці – выставы хрызантэмаў, духмяных раслінаў і кавуноў. На іх заўсёды ўсё можна мацаць і нюхаць. Я ладжу экскурсіі па парку – пэўна, ужо ўсе школы, дзіцячыя садкі і працоўныя калектывы Брэсту на іх пабывалі. Летам правёў, пэўна, экскурсій 150. Я стараюся знайсці падыход да розных людзей: напрыклад, з дзеткамі мы нюхаем і мацаем расліны, бо ім так цікава. 

“Кветка Парк”

Любому месцу значнасць надаюць людзі, якія там гуляюць. Каб іх не было, яно б не мела такога сэнсу. Таму я рады, што ёсць людзі, якія шмат значэння прыдаюць “Кветка Парку”. Сюды прыходзяць пасля працы, прагуляцца, панюхаць кветкі, бавіць час з сябрамі. Я стараюся рабіць усё магчымае, каб развіваць парк – напэўна, таму ў мяне атрымліваецца.    

Задаваць свае трэнды

— У школе я пачаў дзяліцца натхненнем у сацсетках. Спачатку ўсе нават асуджалі і смяяліся – маўляў, хлопец вырошчвае кветкі. Але я гэта перарос: зразумеў, што гэта маё жыццё, і мне стала ўсё адно на ўсіх. Насамрэч стэрэатыпы адносныя: усе адэкватныя людзі разумеюць, што гендэр не пераклікаецца з хобі ці са справай. Можна ўсё перавярнуць і задаць іншыя трэнды – паказаць, як варта. 

Свой першы цікток я запосціў падчас кавіду: зрабіў фотасэт у масках з кветак, які праглядзела паўмільёна чалавек. Усім вельмі спадабаліся відэа пра вінаград – людзі не разумелі, як у Беларусі можна вырасціць такую прыгажосць. Шмат хто скідае мне фоткі, дзеляцца, што купілі і вырасцілі.

Але цяпер я мала камунікую праз сацсеткі – больш часу выдаткоўваю на “Кветка-Парк”. Хачу масштабаваць яго, каб ён стаў такім зялёным эпіцэнтрам. Таксама маю планы даць там уласны сольны канцэрт, бо ўжо маю свой альбом.

Вядома, шмат высілкаў сыходзіць на ўсё гэта, але лічу, самае галоўнае – не здавацца. Варта спрабаваць, нават калі не атрымліваецца! Нікога не слухаць, а ісці наперад. Калі не атрымалася – прааналізаваць памылкі, прыкласці больш высілкаў, параіцца з іншымі – і гэта прывядзе да выніку. Калі ўсё кідаеш, пэўна, не так моцна і хацеў чагосьці. 

Парады ад Кірыла, як вырошчваць кветкі

— Большасцю я прыйшоў да ўсяго праз уласны досвед. Я з дзяцінства не люблю ісці па чужых слядох. Але я раіў бы шукаць інфармацыю, сыходзячы з прыбліжанага да тваіх абставінаў досведу. Напрыклад, мне, жыхару Брэсту, будзе мала карысным артыкул пра вырошчванне пэўнага гатунку раслінаў, які напісаў чалавек, які жыве ў іншым клімаце. 

Вядома, шмат чаго я вучыў праз свае памылкі. Калі мы толькі пераехалі ў прыватны сектар, я купіў свой першы вінаград на грошы,  якія мне падарылі на дзень народзінаў. Але быў маленькім, прадавец нічога мне не патлумачыў, я сам з часам даходзіў да высноваў, як і што варта рабіць – таму першы ўраджай атрымаў толькі праз шэсць гадоў. Цяпер у мяне будзе пару паўнавартасных гронак вінаграду на наступны пасля пасадкі год. Але я хаця і магу пасябраваць з любымі раслінамі, бываюць розныя сітуацыі.

Адна аграфірма даслала мне на тэставанне больш за сто гатункаў петуніяў – я нічога не вырасціў, бо разбавіў добры грунт з зямлёй з гароду, а там апынуліся шкоднікі і захворванні. Падавалася, я ведаў, як варта рабіць, але паўплывалі розныя фактары: лянота, жаданне сэканоміць грошы, думкі “а мо, і так пранясе”. У ідэале трэба рабіць усё, як мае быць. 

Цяпер зіма, таму людзі сутыкаюцца з шэрагам тыповых праблемаў, калі вырошчваюць кветкі. Нашы кватэры і так створаныя для жыцця чалавека зімой, а не трапічнай расліны, таму ім даводзіцца цяжка. Галоўнае пытанне – недахоп свету і цеплыні. Таму раю пазбягаць марозных скразнякоў, а калі бракуе свету – выкарыстоўваць фіталампы.

Яшчэ адна праблема не зусім абазнаных людзей – інтэнсіўнасць паліву.  Расліны хочуць своечасовага паліву, і галоўнае – каб земляны ком не перасыхаў. І калі чалавек кіруецца выключна інструкцыяй, дзе напісана “паліваць два разы на тыдзень”, гэта можа спрацаваць летам, а не ўзімку. Зімой расліне трэба менш вільгаці, таму варта адчуваць гэта і паліваць, калі высыхае верхні слой. Такія нескладаныя інструкцыі дапамогуць табе правільна даглядаць за раслінамі!


Хуткая апытанка для Кірыла:

Самая дарагая адзінкава купленая расліна?

Лілейнік. Я купіў яго яшчэ да дэнамінацыі за адзін мільён трыста тысяч рублёў.

Любімы твор пра кветкі?

“Маленькі прынц”. У нейкім разуменні мы падобныя ізаляванасцю і прыхільнасцю да чагосьці пэўнага.

Адзін з першых успамінаў пра кветкі?

Мне было гадоў сем. На плошчы пасля 8 сакавіка даганлёўвалі кветкамі, і я ўгаварыў бацькоў, каб мне купілі адну. Добра памятаю, як назіраў за працэсам кожны дзень: недзе кветачка завяла, недзе з’явілася новая, павытрасаў зямлю – там цыбулінка засохла. Цяпер я ведаю, што гэта быў крокус – ранняя вясенняя кветачка.

Ці дорыш ты кветкі? 

Я не дару букецікі на нейкія святы, бо ва ўсіх маіх знаёмых маіх кветак і так мора. Бо калі камунікую з людзьмі вакол мяне, яны самі сабой насычаюцца нейкімі саджанцамі. Таму з букецікамі гэта нават не параўнаць.  

Любімая кветка?

Усе да адзінага аднолькава любімыя. Нават у маленькай кветачцы можна разглядзець нешта вялікае і натхняльнае, цэлы цэлы сусвет. Але асаблівыя для мяне тыя, што я сам выводжу. Напрыклад? Я вывеў лілейнік, зарэгістраваў, назваў “Кветка Кірыла”. У мяне ёсць мэта: праз год 50, калі ў мяне будзе шмат выведзеных мной раслін, пасадзіць парк з выключна мной выведзеных раслінаў.

Кірыл Кветка. www.instagram.com/kvetka_kirilla/


Ліка Юр’ева