Мовы з іншых моўных групаў, вядома, вучацца нялёгка. Часам падаецца, што лепш заходзяць мовы, якія падобныя на тваю родную. Усе беларусы і беларускі збольшага разумеюць польскую ці ўкраінскую — хіба так цяжка загаварыць на іх? Але на практыцы апынаецца, што такія мовы блытаюцца ў галаве, часам цяжка зарыентавацца, дзе слова на роднай, а дзе — на іншай, мяшаюцца канчаткі і абароты.
Іван Турчанка вывучае мовы краінаў, якія суседнічаюць з Беларуссю: польскую, літоўскую і латышскую. Акрамя гэтага, ён ведае і пастаянна ўдасканальвае англійскую і латынь, а таксама плануе вывучаць чэшскую.
— Мяне цікавіць вывучаць мовы, падобныя на тыя, якія я ўжо ведаю. Бо навошта вучыць з нуля, калі можна будаваць ужо на пэўным грунце? Ты адразу будзеш разумець палову, але трэба будзе давучыць. Асноўная парада — калі дома не будзеш вучыць кожны дзень, нічога не вывучыш. Мне здаецца, з мовамі так паўсюль, дзе б ты ні навучаўся. У сярэднім я выдаткоўваю па некалькі гадзін у сераду, чацвер, суботу і нядзелю – то-бок, чатыры дні на тыдзень. У астатнія дні магу выдаткоўваць па 30-40 хвілін на хатнія заданні. Самастойная праца дома — гадзін 13-14 на тыдзень.
Не баяцца падобных моваў
— З аднаго боку, веданне блізкіх моваў перашкаджае, бо сапраўды ў галаве адбываецца блытаніна. Але з іншага боку, калі чуеш тую ж кітайскую — не разумееш нічога, а чэшскую з веданнем беларускай і польскай вучыць нашмат прасцей. У цябе адразу ёсць разуменне на слых, можаш дамовіцца з чалавекам ужо на пачатку навучання. Таму я б раіў не баяцца падобных моваў. Нават калі будзеш ужываць іншыя словы — людзі зразумеюць, што ты не ведаеш усе мовы ідэальна.
Размяжоўвай заняткі
— Калі ў мяне ў пэўны дзень заняткі па пэўнай мове, я ў гэты дзень не размаўляю на іншых. Увесь дзень размаўляю з сяброўкай на польскай, каб наладзіць на яе мазгі. Бо мовы, вядома, мяшаюцца ў галаве, асабліва спачатку, таму трэба прывесці гэта да сістэмы.
Напрыклад, за два месяцы да польскага іспыту я зразумеў, што не магу размаўляць бегла па-польску. Тады я сказаў, што буду размаўляць па-польску кожны дзень з усімі, а не толькі на занятку. Размаўляў не толькі з сябрамі, а нават з мамай спрабаваў.
Словы варта паўтараць
— Словы з польскай і беларускай блытаюцца, таму часам яны ўзаемапранікаюць адна ў адну ў маім маўленні. Каб гэтага не было, дапамагла тая ж практыка пастаяннага маўлення. Калі гутарыш на адной мове, лепш бачыш прабелы ў словах. Я разумеў, якога слова бракуе — глядзеў яго, запісваў сабе. Праз гадзіну, калі я размаўляю, ужо мог выкарыстаць яго. Гэта датычна больш нейкіх бытавых слоў і тых, якія звязваюць тваю гаворку: іх можна выкрышталізаваць, толькі калі пачнеш актыўна ўжываць мову. Дзён восем я размаўляў на польскай — і набраў цэлы стос словаў, якіх мне не хапала. Прыйшоў на іспыт — і здаў усё добра.
Як размяжоўваць словы
— Калі засяроджваешся на мове, потым тэхнічна добра адпрактыкаваць словы у розных прыкладаннях. Я класічна вывучаю словы з усіх моў. Шукаю словы, спрабую зразумець значэнні. І я заўсёды стараюся запісваць прыклады ўжывання, каб бачыць кантэкст. А то часам ведаеш слова, а не ведаеш, як яго ўжыць. Калі цяжкія формы словаў, я стараюся ўсе формы перапісаць, як зразумець, як гэта ўжываць у мове. То-бок, не проста напісаць інфінітыў, але і ўсе формы цалкам. І зразумела, гэта трэба паўтараць, бо інакш назаўтра ўсё выляціць з галавы і не вернецца.
Трэба паўтараць гэта з рознай перыядычнасцю. Напрыклад, сёння, заўтра, потым — праз тыдзень, а потым — праз месяц. Так трэба паўтарыць раз 6-7, пакуль яно не будзе сядзець у галаве, як звычайнае слова, якое ты ведаеш нібыта ўсё жыццё. Як паўтараць? Можна проста час ад часу перачытваць. Так я, напрыклад, вывучыў літоўскае слова “тапор”: яно мне не вельмі патрэбна, але столькі разоў прачытаў, што ўжо запомніў, што гэта “kirvis”.
Класічная схема такая: запісваеш адзін стаўбец — з уласна словамі, другі — з іх тлумачэннямі. Закрываеш рукой словы — спрабуеш узгадваць праз тлумачэнні. Гэта працуе, калі хутка трэба вывучыць, бо механічнае чытанне працуе крыху больш марудна. Але лёгка не будзе, калі думаеш, што проста прачытаю — і ўсё.
Пампуй прыкладанні для знаёмстваў!
— У мяне была патрэба вывучыць польскую вельмі хутка — я сядзеў над ёй па 6-7 гадзін штодзень. Так недзе за пяць месяцаў вывучыў мову да В2 — за гэты час мы прайшлі курс у 750 гадзін. Калі былі ў Польшчы, спампавалі адразу сабе Ціндар, шукалі польскіх сяброў, хадзілі з імі гуляць, гутарылі. І так паціху вывучылі.
Акцэнт таксама залежыць ад мовы. У ангельскай, вядома, важныя гукі і інтанацыі. У польскай такога не рабілі, бо гэтым яна падобная на беларускую. З літоўскай і латышскай мне бракуе навучання вымаўленню. Яна там таксама не вельмі адрозніваецца, але ёсць тонкасці. У гэтых мовах цяжка, асабліва ў літоўскай, націск не пастаянны, а перакідваецца. Гэта вельмі цяжка, бо залежыць ад склонаў. Тут не дапамагае гугл-перакладчык, бо там няма агучанай літоўскай мовы! Там ёсць нават выдуманыя, а літоўскай няма! Таму ты не можаш нават паслухаць, як слушна вымавіць, бо няма ўзору. Я думаў ужо знайсці якога літоўца, каб пытаць у яго, дзе ставіцца націск.
Важна разумець, што калі размаўляеш, нічога дрэннага ў акцэнце няма! Галоўнае — каб ён табе не перашкаджаў разуменню. Ёсць памылкі, якія сапраўды мяняюць сэнс словаў. Напрыклад, у польскай “ль” вымаўляецца крыху інакш, нават калі ты не навучышся ідэальна яго вымаўляць — нічога страшнага, будзе ў цябе такі беларускі акцэнт.
Парады слоўнікаў ад Вані!
Польская мова:
Літоўская мова:
- Перакладае с літоўскай мовы на рускую і наадварот
- Бот у тэлеграме, які перакладае з літоўскай на рускую і наадварот
Латышская мова:
- Перакладчык з латышскай мовы на латышскую
- Бот у тэлеграме, які перакладае з латышскай на рускую і наадварот
Ліка Юр’ева