Як псіхалагічна дапамагаюць студэнцтву ў Брытаніі? Пагутарылі з Вольгай Галубка

У Брытаніі псіхалагічная падтрымка — адзін са шматлікіх сервісаў, якія прапаноўваюць студэнтам і студэнткам універсітэты. Апроч гэтага, існуюць служба падтрымкі людзей з інваліднасцю, праграмы падтрымкі, ментарскія праграмы, праграмы па падвышэнні шанцаў на працаўладкаванне, акадэмічная падтрымка.

Можна запрасіць любую дапамогу, якая табе патрэбная, каб атрымліваць адукацыю: напрыклад, калі ты прыязджаеш з іншай сістэмы і не ведаеш, як пісаць эсэ ў брытанскім універсітэце. Усе сістэмы дапамогі узаемазвязаны. 

adu.place пагутарыў пра гэта з беларускай Вольгай Галубка, якая навучаецца ў Вестмінстарскім універсітэце ў Лондане. Магчыма, іншыя ўніверсітэты таксама знойдуць, што пераняць у гэтай сістэме.

Хто можа разлічваць на паслабленні ў вучобе?

— Для мяне вельмі важна, што тут і ментальнае здароўе, і нейраадрозненні — гэта не проста нейкая маргіналізаваная сфера, — тлумачыць Воля. — Яны ўключаны ў агульную сістэму абароны людзей ад дыскрымінацыі і існуюць у законе, гэтая сістэма рэльна працуе і дапамагае.

Студэнты і студэнткі ў хранічным ці доўгатэрміновым стане могуць атрымліваць падтрымку праз службу падтрымкі людзей з інваліднасцю. Закон, дзякуючы якому гэта сталася магчымым, называецца «Закон аб роўнасці 2010 года» (Equality Act 2010 — гэта адзін з самых перадавых антыдыскрымінацыйных актаў у свеце. Ён забяспечвае абарону ад дыскрымінацыі на аснове шэрагу характарыстык, такіх як узрост, пол, раса, рэлігія, інваліднасць, сэксуальная арыентацыя і цяжарнасць.

Пад інваліднасцю разумеецца любы стан, які аказвае ўплыў на штодзённае жыццё чалавека ў доўгатэрміновай перспектыве. Таму падтрымкай службы могуць скарыстацца людзі з хранічнай дэпрэсіяй, трывожнасцю, аўтызмам і іншымі ментальнымі і нейралагічнымі парушэннямі. Сюды ж звяртаюцца людзі, у якіх ёсць складанасці з навучаннем (learning difficulties). Гэта звычайна дыслексія, дысграфія, СДЎ(Г).

— Я якраз нядаўна даведалася, што ў мяне сіндром дэфіцыту ўвагі, — распавядае Вольга. — Мне было дастаткова адзін раз зарэгістравацца ў службе, і пасля гэтага я атрымліваю пэўныя паслабленні. Іх мэта — даць мне роўныя магчымасці разам з іншымі студэнтамі і студэнткамі і дапамагчы рэалізаваць сябе ў навучальным працэсе. 

У Вестмінстэрскім універсітэце, дзе навучаецца Воля, простая сістэма рэгістрацыі ў сервісе, які надае падтрымку. Дыягназ можна не пацвярджаць, а далучыць ліст ад псіхатэрапеўта, дзе ён ці яна тлумачылі б сваё бачанне складанасцяў, з якімі сутыкаецца чалавек праз свой стан і як гэта можа адбіцца на вучобе.

— Напрыклад, у мяне складана з канцэнтрацыяй, таму вучоба для мяне — не суперпростая справа, — тлумачыць Воля. — Калі мяне зарэгістравалі ў сістэме, і я адразу аўтаматычна атрымала падоўжанне ўсіх дэдлайнаў на пяць працоўных дзён, магчымасць больш вольна наведваць заняткі.

Напрыклад, мае выкладчыкі і выкладчыцы папярэджаныя, што я магу спазняцца ці прапускаць лекцыі праз свой стан. Я ніколі не прапускала лекцыі пакуль, але рэгулярна спазняюся на пяць хвілін, бо не магу хутка збірацца. Таму я вельмі ўдзячная, што праз гэта не ладзяць спектакль, як было ў Беларусі, напрыклад. Можна таксама выбіраць, дзе ты сядзіш, ёсць магчымасць здаваць іспыт у ціхім пакоі. Таксама я дадаткова атрымліваю 15 хвілін на кожную гадзіну заданняў, якія патрабуюць хуткай рэакцыі. Я ўжо выкарыстоўвала гэтую магчымасць, гэта сапраўды апынулася карысным. Дзякуючы гэтаму я паказваю добры акадэмічны вынік.

Цікава, што выкладчыкі і выкладчыцы не ведаюць, хто са студэнтаў і студэнтак зарэгістраваны ў гэтай службе. Яны атрымліваюць агульную інфармацыю, што ў пэўнай групе ёсць такія людзі — таму падчас заняткаў там варта прытрымлівацца пэўных правілаў. Напрыклад, яны дублююць важную інфармацыю пісьмова, таму што ў класе ёсць хтосьці, які можа праслухаць яе.  

Як працуе служба псіхалагічнай падтрымкі

Служба псіхалагічнай падтрымкі існуе для ўсіх студэнтаў і студэнтак, гэта абсалютна бясплатна. Час чакання ў чарзе залежыць ад таго, наколькі экстрэнным спецыялісты і спецыялісткі ацэняць твой выпадак. 

— Я звярталася туды аднойчы, — распавядае Воля. — Апісала свой запыт, са мной звязаліся цягам сутак. Але я не атрымала нармальныя інструкцыі, бо звярнулася не зусім па тэме іх кампетэнцыі, а таксама ўзгадала, што ў мяне ёсць псіхатэрапеўтка. Мне даслалі толькі спіс знешніх сервісаў, куды можна звярнуцца.  

Агулам жа студэнты і студэнткі могуць атрымаць індывідуальныя сустрэчы з кансультатамі і кансультанткамі ці лекарамі і лекаркамі па псіхічным здароўі анлайн ці асабіста ва ўніверсіэцкіх кампусах. Апроч гэтага — узяць удзел у групавых занятках, каб абмеркаваць асабістыя і акадэмічныя складанасці ў канфедынцыйнай абстаноўцы з іншымі студэнтамі і студэнткамі. Таксама ўсе могуць наведваць семінары — кшталту, як даць рады стрэсу ці суму па дому замежных студэнтаў. Таксама ёсць вялікая бібліятэка запісаных семінараў на розныя тэмы. 

Размоўная тэрапія ў Англіі дасяжная ўсім праз сістэму нацыянальнай аховы здароўя. У некаторых раёнах Лондана яе можна атрымаць нават без накіравання ўчастковага лекара. У метадаў, якімі карыстаюцца спецыялісты, мусіць быць навукова даказаная эфектыўнасць, спецыялісты прытрымліваюцца прафесійнага кодэксу. Часцей за ўсё выкарыстоўваюць кагнітыўна-паводзінную тэрапію, яе вытворчыя, міжасабовую тэрапію.

Адаптацыя студэнтаў і студэнтак

У навучальных установах Брытаніі існуюць сістэмы падтрымкі, якія дапамагаюць студэнтам і студэнткам адаптавацца ў студэнцкім жыцці. Асабліва карысна гэта для першакурснікаў і першакурсніц, якія часам зусім разгубленыя напачатку вучобы.

— Звяртацца можна не толькі ў крызісныя сітуацыі, для якіх ёсць асобныя спецыялісты, — кажа Воля. — Гэта могуць быць розныя складанасці і пытанні, у тым ліку скрынінг той жа дыслексіі. У маім універсітэце ёсць шмат студэнтаў і студэнтак не з Брытаніі, а з краін, дзе не так шмат увагі надзяляецца ментальным і нейралагічным асаблівасцям, таму яны могуць горш ведаць пра свой стан, і ў першы час сутыкацца шмат з якімі праблемамі. Напрыклад, у Беларусі СДЎ увогуле не дыягнастуюць дарослым, а у Літве даросламу немагчыма атрымаць такі дыягназ праз дзяржаўную медыцыну..

З адаптацыяй замежнікам тут таксама дапамагаюць, але толькі на англійскай мове. Напрыклад, Студэнцкі саюз праводзіць праграму, у межах якой яны тэлефануюць усім студэнтам і гутараць з кожным і кожнай пра пэўныя праблемы і магчымасці. Інфармацыя пра гэта дасяжная ва ўсіх інфарэсурсах універа. Акром таго, ладзіцца Тыдзень імпрэзаў для новых студэнтаў і студэнтак. 

— Я спазнілася на яго, таму не магу распавесці падрабязна, — усміхаецца Воля. — Але распавяду пра карысную сістэмную дапамогу: цьютарства. Да кожнага студэнта прыстаўлены персанальны цьютар і акадэмічны цьютар — гэта звычайныя лідары і лідаркі курса, чыя праца — дапамагаць табе са складанасцямі, якія ўзнікаюць у цябе падчас вучобы, даць спасылкі, растлумачыць незразумелае. Асабістыя цьютары — гэта выкладчыкі і выкладчыцы ўніверсітэта, за імі замацаваныя студэнты. Яны сочаць, каб не было пэўных правалаў: напрыклад, калі не прыходзіш на лекцыі два тыдні — табе дасылаюць ветлівы ліст з прапановай дапамогі. 

Якія яшчэ плюшкі ёсць?

Кожны студэнт Вестмінстарскага ўніверсітэта можа атрымаць дадатковы тыдзень дэдлайну два разы на год, пры гэтым нічога можна не тлумачыць і не прад’яўляць даведкі. Калі ёсць даведкі, якія пацвярджаюць захворванні ці няшчасныя выпадкі ў сям’і, ты можаш перанесці іспыт без штрафаў і паніжэння ацэнак.

— Гэта важна, проста каб разумець, што ты і твае эмоцыі важны, што да цябе ставяцца з павагай, — кажа Воля. — Мае калегі, якія карысталіся гэтым, выбіралі мінімальныя палёгкі, але ўсім проста важна разумець, што ніхто не будзе прымушаць цябе рабіць тое, да чаго ты не гатовы. Нават агульная атмасфера павагі ўжо спрыяе ментальнаму здароўю.

У гэтым семестры я не справілася са сваім апошнім заданнем, напісала акадэмічнаму цьютару і папрасіла перанесці на лета. Цьютар ветліва, не ацэньваючы мяне, не падбадзёрваючы, але і не асуджаючы, праінфармаваў мяне, што я магу перанесці на лета і апісаў наступствы гэтага, а таксама прапанаваў яшчэ адзін варыянт пераносу яшчэ на тыдзень, якая прапаноўваецца ўсім студэнтам. Я здала і атрымала высокі бал.

Усе студэнты карыстаюць сістэму пашыраных дэдлайнаў. Пра гэтыя магчымасці і падтрымку пастаянна нагадваюць. 

— У нас у бібліятэцы нават ёсць асобная паліца з кніжкамі пра дабрабыт, клопат пра сябе, добрыя вучэбныя звычкі, — распавядае Воля. — Можна паглядзець гэты спіс на сайце. На фізічнай палічцы таксама стаяць кніжкі, якія дапамагаюць адцягнуць увагу. Напрыклад, я гартала гід па ціхіх месцах Лондана. Гэта вельмі шумны горад, таму гэта было карысна. Таксама я глядзела кніжку з рэцэптамі для паляпшэння памяці. Там былі таксама кніжкі пра трывожнасць, дэпрэсію, а таксама кніжка “Як быць псіхалагічна здаровым студэнтам”.

Бонус!

Прыкладанне з бясплатным доступам, якое ўхваліла Нацыянальная сістэма аховы здароўя Вялікабрытаніі. Тут сабраныя практыкаванні, якія дапамогуць расслабляцца, супакойвацца, адпускаць трывогі і лепш засынаць. 


Ліка Юр’ева