Цягам часу мы разбіраліся, як найбольш эфектыўна вучыць замежныя мовы і працаваць над маўленнем, чытаннем і ўспрыманнем на слых. Гэты артыкул прысвечаны пісьмовым навыкам – найбольш складанаму на думку шматлікіх. Але ці так гэта на самай справе?
Пісьмо сапраўды можа выклікаць цяжкасці, але гэта “вішанька на торце” вывучэння мовы. Калі надаваць увагу ўсім астатнім аспектам, то і пісаць будзе куды лягчэй. Нават калі ты хочаш працаваць над нейкім асобным аспектам, памятайце, што адначасова можна трэніраваць і пісьмо. Менавіта таму ў гэтым артыкуле нададзена шмат увагі падрыхтоўчым практыкаванням.
Многія баяцца зрабіць памылку, бо ў тэксце яна больш відавочная, чым у размове (там на ўражанне можна паўплываць невербальнымі сродкамі). Але чамусьці мала хто задумваецца над тым, что “вусныя” памылкі вельмі падобныя да памылак у маўленні. То бок асноўныя цяжкасці можна выявіць яшчэ да таго, як ты пачнеш нешта пісаць.
Як і ва ўсіх астатніх аспектах вывучэння замежнай мовы, куды больш важна “як”, а не “што”. Напрыклад, граматыка і сінтаксіс – гэта падсістэмы ў агульнай моўнай сістэме, таму трэба вывучаць узаемасувязі, а не асобныя дзеясловы, прыназоўнікі ці месца той ці іншай часціны мовы ў сказе. Гэта і будзе асноўным “як”. А што датычыцца “што” – існуе шмат “актыўных” і “пасіўных” тэхнік. Пачнем з “пасіўных”.
Як мы ўжо разглядалі ў артыкуле пра чытанне і ўспрыманне на слых, трэба як мага даўжэй стрымліваць жаданне паглядзець нешта ў слоўніку ці ў падручніку. Мы пасіўна чытаем/слухаем і спрабуем выкарыстаць выключна наяўныя веды для разумення інфармацыі. Пры гэтым мы аналізуем незнаёмую інфармацыю і спрабуем яе зразумець, нават калі не ведаем дакладнае граматычнае правіла ці напісанне нейкага слова.
Што адбудзецца, калі мы сустрэнем нейкую з’яву сто, дзвесце ці нават тысячу разоў у розных кантэкстах? Мы запомнім, што гэта менавіта так, а не па-іншаму. Чаму? Ну вось “так кажуць”, гэта звычна гучыць/выглядае! Дарэчы, менавіта так мы калісьці вывучылі нашую родную мову, і не было патрэбы шукаць нешта ў слоўніку? Наш мозг апрацоўвае ўсё як статыстычныя даныя і ўжо на іх падставе робіць вынікі і фармулюе правілы.
Канешне, у адпаведнасці з вашым узроўнем, але напачатку колькасць сапраўды не менш патрэбная за якасць.
А зараз дададзім актыўную тэхніку. Навошта? Бо наш мозг лепей запамінае тую інфармацыю, якая паступае праз шмат каналаў (напрыклад, гук і субтытры) і якую мы адразу актыўна выкарыстоўваем.
Сто разоў напісаць адное і тое ж, канешне, замацуе напісанне, але ніяк не ўжыванне слова.
Штосьці накшталт “There are no secrets between us. However, among many of our friends that is not the case”. Можна рабіць гэта метадам “снежны ком”, то-бок кожны раз паўтараць на пісьме патрэбныя словы і выразы, але ў іншым кантэксце і дадаваць новую інфармацыю.
Але ці азначае гэта, што трэба кінуць актыўнае вывучэнне граматыкі, сінтаксісу і правапісу? Ні ў якім разе! Чытай правілы, выконвай практыкаванні, але заўсёды тэсціруй веды ва ўмовах сапраўднага жыцця, то бо пасіўна-актыўнага ўзаемадзеяння з тэкстамі ці аўдыёзапісамі. Калі ты дакладна ведаеш, што як выглядае/гучыць, то і пісаць будзе лягчэй.
Пунктуацыя… У некаторых мовах сэнсавыя адносіны могуць часам перадавацца зусім іншай расстаноўкай знакаў прыпынку. Чамусьці ўзнікае ўражванне, што коскі, двухкоссі, працяжнікі і іншыя сімвалы ў замежнай мове ставяць выпадковым чынам, дзе больш падабаецца. Але не, гэта наўпрост іншая падсістэма, якую магчыма засвоіць тымі ж метадамі, як і тыя падсістэмы, што мы разгледзелі да гэтага. Да пасіўна-актыўнага вывучэння дададзім метад з практыкі маўлення.
Напачатку нават трэба перабольшваць, каб адчуць разніцу (бо кожны знак выконвае пэўную сэнсавую функцыю, інакш яго б там не было).
Столькі падрыхтоўкі, але менавіта да пісьма мы дайшлі толькі зараз. Канешне, трэба пісаць тэксты на агульныя тэмы і на папярэдніх ступенях вывучэння мовы. Галоўнае тут – як мага часцей атрымліваць фідбэк з боку носьбітаў ці добрых настаўнікаў.
Гэта найбольш важна, бо выпраўляць пасля будзе складаней, асабліва праз некалькі тыдняў ці месяцаў, калі прызвычаіліся да памылкі і аўтаматычна лічыце яе слушным варыянтам напісання.
Калі гаворка ідзе пра сапраўды вольнае валоданне мовай, то без агульнамоўнай падрыхтоўкі цяжка дасягнуць патрэбнай бегласці. І нават калі гэта ўжо зроблена, застаецца пытанне логікі выказвання. То-бок я ведаю, як трэба пісаць, але не вельмі добра разумею, што. А словы “матывацыйны ліст”, “эсэ” ці “магістарская” выклікаюць калі не паніку, то вельмі няёмкае пачуццё, асабліва калі хутка трэба напісаць нешта з гэтага. Для тых, кто добра рыхтаваўся на агульнамоўным узроўні, рашэнне простае: вучыцца на прыкладах складаных тэкстаў.
Якой структуры прытрымліваецца аўтар? Як ён падае інфармацыю? Як разгарнуць аргумент і не згубіць думку? Як слушна спаслацца на іншага аўтара? Карыснымі будуць і агульныя парады па напісанні пэўных тыпаў тэкстаў, то бок правілы гульні. Нават калі мы ведаем, як біць па мячыку, без ведання астатніх правілаў у футбол па-сапраўднаму не згуляеш.
Вось мы і дайшлі да апошняга пункту. Нават калі ўсё да гэтага выглядае больш-менш прыстойна, ёсць некалькі рэчаў, на якія трэба звярнуць увагу ўсім:
- бясконцыя сказы. Так, я час ад часу люблю пісаць, як Томас Ман, калі пачатак і канец выказвання складана губляюцца з-за пачварных сказаў на чатыры-пяць радкоў.
Але, шаноўныя чытачы, як доўга вы зможаце ўтрымліваць увагу на тэксце, калі дзесьці секунд праз пяць вы перастаеце разумець, ці скончыўся сказ, ці пачалася іншая думка, і ўвогуле, што аўтар хоча нам сказаць вось такім вялізным сказам, які ён невядома чаму не хоча скончыць і паставіць кропку, нібыта баіцца, што забудзе сказаць нешта важнае ці што яго прымуць за дурня, які не ў стане выказваць свае думкі сказамі больш за тры словы, таму трэба напісаць сто трыццаць тры, але ні ў якім разе не спыніцца хаця б на сярэдзіне, каб пашкадаваць свайго чытача, якому трэба неяк зразумець сэнс гэтай гаргары на паўстаронкі?
Дарэчы, хто асіліў гэты сказ з першага разу, мая павага! Таму пішы так, каб кожны сказ утрымліваў адну думку. Можаце яе падрабязна патлумачыць. Але пазбягай дваццаці думак на сказ. Не хвалюйся, у цябе хопіць месца на старонцы, каб напісаць больш сказаў і зрабіць тэкст чытабельным. - Плынь тэксту. Сярэднявечча засталося ў мінулым, паперы хопіць, каб падзяліць тэкст на тэматычныя інфармацыйныя блокі. Гэта палепшыць як жыццё чытача, так і тваё, бо табе будзе лягчэй арыентавацца ў тэксце і пры неабходнасці ўносіць праўкі.
Таму смела націскайце “Enter”, калі выказалі ўсё, што хацелі. Асабліва датычыцца матывацыйннага ліста, бо нечытабельная мешаніна ў адным абзацы тэарэтычных, практычных навыкаў, працоўнага досведу і аргументаў на карысць пэўнай фірмы/ВНУ зніжае вашыя шанцы ў некалькі разоў. - Стыль. Вельмі часта тут ці перабольшваюць і выкарыстоўваюць як мага больш тэрмінаў, ці пішуць на побытавай мове. І тое, і другое не вельмі добра выглядае.
Таму чытайце і даведвайцеся, дзе і як выкарыстоўваюць тэрміны, і рабіце гэта ў вашых тэкстах, але ў меру. У другім выпадку – вывучай сінонімы і чытай/слухай якасныя тэксты, каб прызвычаіцца. Інакш, наглядзеўшыся выключна блогераў ці нейкіх маргінальных фільмаў, можна знянацку і напісаць, якая прышпільная тэма магістарскай, а аб’ект даследванняў увогуле дах нахер знясе. Гэта не жарт, я сапраўды чула нешта падобнае ад замежнікаў, якія вывучалі мову на адпаведных матэрыялах і не ведалі, што гэта…кхм…не самы аптымальны спосаб выказвацца ў афіцыйна-дзелавым ці навуковым стыле! - Літаральны пераклад і фальшывыя сябры перакладчыка. Нават у блізкароднасных мовах не заўсёды ёсць адпаведнікі для ўсіх слоў, а словы з аднолькавым гучаннем маюць рознае значэнне. Калі ты перакладаеш нейкае слова літаральна і для цябе гэта гучыць лагічна, замежнік наўпрост не зразумее цябе, бо не ведае вашай роднай мовы. То-бок для яго гэта будзе бязглуздзіцай, якая не мае сэнсу ў сістэме яго мовы.
Таму трэба прызвычаіцца да таго, што ў іншае мове “думаюць па-іншаму”. І немцы “ставяць заяву” (Antrag stellen), а не падаюць. Як і “Termin” – гэта не “тэрмін”, а “прызначаны час” ці пэўная дата. Калі ты выканаеш усе папярэднія парады, то з гэтым праблем амаль што не будзе ўзнікаць. - Незразумелая асноўная думка. Можна ведаць, “што” і “як” пісаць, але не менш важна ведаць, “навошта” ты гэта пішаш, інакш ваш тэкст будзе, як казалі ў Савецкім Саюзе, “безыдэйным”. Нават калі ты пішаш эсэ толькі каб здаць іспыт, самому эсэ ўсё роўна, якую ты там адзнаку хочаш за яго атрымаць і як табе абрыдла пісаць. Яно хоча ўсяго толькі быць лагічным, прыгожым і змястоўным.
Таму каб тэкст быў тэкстам, а не адпіскай на пэўную колькасць старонак, трэба сфармуляваць і пераканаўча разгарнуць асноўную думку, то-бок паступова знайсці адказ на асноўнае пытанне.
Калі было сфармулявана “прааналізаваць уплыў італьянскага мастацтва Адраджэння на нямецкае”, чытачы (ці выкладчыкі) хочуць ўбачыць, што, як, калі і чаму паўплывала, што з гэтага атрымалася і як развівалася далей. Яны не хочуць чытаць плынь свядомасці кшталту “а вось тут было гэта, а яшчэ гэта. Да яго было нешта іншае, хаця да тэмы дачынення гэта не мае, але ж цікава, дый тэксту паболей. Засталося раптам мала старонак, таму я накідаю імёнаў і агульных сказаў пра моцны ўплыў. Сутнасці пытання нішто не супярэчыць”.
Вось, шаноўныя чытачы, гэта быў апошні артыкул невялікага агляду розных аспектаў вывучэння замежнай мовы. Спадзяюся, вы знайшлі для сябе нямала карыснага і зможаце больш эфектыўна дасягнуць вашых моўных мэтаў. Канешне, існуе вельмі шмат іншых метадаў і падыходаў, таму смела эксперыментуйце і вынаходзьце найбольш аптымальныя для вас.
Галоўнае – як мага часцей практыкуйцеся, і ўсё атрымаецца! Да новых сустрэч на старонках adu.place!
Марыя Кірава