Сабралі для цябе кароткатэрміновыя магчымасці для адукацыі. Можна ненадоўга (а там паглядзіш!) трапіць у ААН, абмеркаваць дыпламатыю ў Турцыі ці Канадзе, разабрацца з сацыяльнымі медыя ў Германіі ці больш даведацца пра дэмакратыю ў Францыі. Гайда адукоўвацца!
Разбірацца з пытаннямі голаду
Стажыроўка ў арганізацыі ААН, якая займаецца пытаннямі ежы і агракультуры. Калі цікавішся харчовай бяспекай, устойлівым развіццём і пытаннямі голаду — а гэта галоўны фокус FAO — табе дакладна прыдасца гэтая прапанова. Беларусь уваходзіць у арганізацыю, таму можаш смела падавацца на стажыроўку.
Умовы — нядаўні выпуск пасля бакалаўрыята ці магістратуры, валоданне хаця б адной афіцыйнай мовай FAO (руская залічваецца), неабходныя навыкі ў сферы. Працягласць стажыроўкі — 3-11 месяцаў.
Падрабязнасці: тут.
Саміт маладзёжнай публічнай дыпламатыі ў Турцыі
Саміт маладзёжнай публічнай дыпламатыі ў Стамбуле — добрая магчымасць для тых, хто цікавіцца міжнароднымі адносінамі і дыпламатыяй. Удзельнікі і ўдзельніцы змогуць вывучыць ролю культуры, мастацтва і літаратуры ў міжнародных адносінах, а таксама пазнаёміцца з інавацыйнымі падыходамі да вырашэння глабальных праблем.
Абяцаюць, што гэта будзе не толькі адукацыйнае мерапрыемства, але і натхняльны досвед, які можа вызначыць будучыя прафесійныя траекторыі ўдзельнікаў і ўдзельніц.
Прадастаўляюць: авіябілет у абодва бакі, пражыванне, харчаванне, сертыфікат аб удзеле, магчымасць стажыроўкі ў CS CD Incubations. Ёсць рэгістрацыйны ўнёсак — $16.
Падрабязнасці: тут.
Стажыроўка ў Германіі па сацыяльных медыя
Кампанія распавядае, што стажор будзе працаваць пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў. Мяркуецца, што гэта дазволіць хутка засвойваць новыя навыкі і прымяняць іх на практыцы.
Кампанія прапануе фінансавае ўзнагароджанне за стажыроўку, а таксама магчымасць пераходу на пастаянную пазіцыю пры паспяховым праходжанні праграмы. Гэта робіць стажыроўку прывабным варыянтам для пачатку кар’еры ў сферы сацыяльных медыя і digital-маркетынгу.
Падрабязнасці: тут.
Форум культурнай дыпламатыі і тэхналогій у Канадзе
Форум — галоўная платформа для развіцця міждысцыплінарнага дыялогу і супрацоўніцтва паміж маладымі спецыялістамі, навукоўцамі і практыкамі ў галіне культурнай дыпламатыі і тэхналогій.
Арганізатары абяцаюць удзел у панэльных дыскусіях, атрыманне сертыфікатаў, наведванне гала-вечара і ўсіх іншых мерапрыемстваў — для адабраных удзельнікаў усё гэта бясплатна. Таксама аплочваюцца квіткі на самалёт, харчаванне, пражыванне. Таксама для ўдзельнікаў і ўдзельніц прадугледжваецца экскурсія па горадзе, якая ўключае ў сябе наведванне знакамітага Ніягарскага вадаспаду.
Падрабязнасці: тут.
Bonn International Fellowships
У Бон запрашаюцца выбітныя даследчыкі з усіх абласцей на кароткі тэрмін (да 12 дзён). Для постдокаў і дасведчаных выкладчыкаў, якія праводзяць даследаванні або выкладаюць за мяжой ва ўніверсітэце / навукова-даследчым інстытуце, а таксама маюць высокую міжнародную рэпутацыю ў сваёй галіне даследаванняў.
Што прапануюць? Транспартныя выдаткі (у залежнасці ад краіны), дапамогу ў памеры 160 еўра ў дзень️, выдаткі на мерапрыемствы (да 500 еўра за кожную прапанову).
Падрабязнасці: тут.
Сусветны форум у падтрымку дэмакратыі
Сусветны форум у падтрымку дэмакратыі ў Стразбурзе (Францыя) — гэта штогадовая сустрэча палітыкаў, акадэмікаў, актывістаў, прадстаўнікоў моладзі і наватараў дэмакратыі ў штаб-кватэры Рады Еўропы. Маладзёжная дэлегацыя збярэ каля 60 удзельнікаў з усяго свету, якія выкажуць свой пункт гледжання на дэмакратыю і разнастайнасць.
Патрабаванні: узрост ад 18 да 30 гадоў, актыўны ўдзел у моладзевых арганізацыях або іншых арганізацыях грамадзянскай супольнасці, якія працуюць з моладдзю па пытаннях дэмакратыі і разнастайнасці. Пакрываюцца выдаткі на пералёт і візу. Таксама ўдзельнікам будзе прадастаўлена пражыванне і харчаванне.
Падрабязнасці: тут.