Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — найбуйнейшы беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які з’яўляецца навуковым і культурным цэнтрам Беларусі. Гэта найстарэйшы дзейны ўніверсітэт краіны, заснаваны ў 1921 годзе.

Галоўны корпус БДУ. Арыгінал фота: bsu.by

У БДУ налічваецца каля 2700 выкладчыкаў і выкладчыц, у тым ліку 8 акадэмікаў і 9 членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, каля 300 дактароў навук і звыш 1400 кандыдатаў і кандыдатак. Тут навучаюцца больш за 24 000 студэнтаў і студэнтак, магістрантаў і магістрантак, аспірантаў і аспірантак, дактарантаў і дактарантак, з іх больш за 4 500 — замежныя навучэнкі і навучэнцы.

На сайце ВНУ можна наведаць анлайн 3D-экскурсію па будынках універсітэта.

Паступленне і навучанне

БДУ складаецца з 16 факультэтаў, 11 навучальных інстытутаў і адукацыйных устаноў, 6 навукова-даследчых інстытутаў і цэнтраў, 6 прадпрыемстваў і навукова-тэхналагічнага парка.

Універсітэт прапаноўвае адукацыю ў некалькіх формах: даўніверсітэцкая падрыхтоўка, бакалаўрыят (79 спецыяльнасцяў), магістратура (46 спецыяльнасцяў), аспірантура (132 спецыяльнасці), дактарантура (121 спецыяльнасць) і дадатковая прафесійная адукацыя дарослых. Таксама магчыма атрымаць вышэйшую адукацыю ў завочнай форме.

Навучанне па шэрагу спецыяльнасцяў магістратуры праходзіць цалкам на англійскай мове, у тым ліку па спецыяльнасці «Менеджмент», профіль «Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі».

Паступленне на бакалаўрыят праходзіць па агульных правілах прыёму ў ВНУ ў Беларусі, у магістратуру — на аснове дыплома аб вышэйшай адукацыі. Падрабязнасці прыёмнай кампаніі, неабходныя дакументы і прахадныя балы мінулых гадоў знаходзяцца па спасылцы.

Па спецыяльных умовах праходзяць пераможцы міжнародных алімпіяд і апошняга этапу рэспубліканскіх алімпіяд, калі прадмет з’яўляецца профільным; узнагароджаныя знакам «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў»; выпускніцы і выпускнікі Ліцэя БДУ з адзнакамі не ніжэй за 9 па профільных прадметах і не ніжэй за 8 па астатніх прадметах; дзеці-сіроты; тыя, хто прайшлі тэрміновую ваенную службу. Цалкам з спісам можна азнаёміцца тут.

Абітурыенты і абітурыенткі, якія паступаюць па ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, маюць асобны конкурс.

Фінансавыя ўмовы

Як і ў іншых універсітэтах Беларусі, залічэнне на бюджэт залежыць ад колькасці выдаткаваных месцаў і балаў, якія абітурыенты і абітурыенткі набралі на цэнтралізаваных экзаменах і тэстах.

На платных умовах кошт адукацыі залежыць ад факультэта і курса і складае ад 1 600 да 6 400 беларускіх рублёў для грамадзян і грамадзянак Беларусі, ад 1 800 да 9 400 долараў для замежных грамадзян і грамадзянак за год. Дакладныя лічбы глядзі па спасылцы.

Навучанне ў аспірантуры і дактарантуры за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ажыццяўляецца на аснове дзяржаўнага заказу, па заяўкам арганізацый, якія маюць патрэбу ў работніках і работніцах вышэйшай кваліфікацыі.

Тыя студэнты і студэнткі, што навучаюцца на бюджэце і маюць добрую паспяховасць, паказваюць поспехі ў вучэбнай, навуковай і грамадзянскай дзейнасці, могуць разлічваць на атрыманне стыпендыі. У залежнасці ад спецыяльнасці і сярэдняга балу, дадаецца падвышальны каэфіцыент. Памер мінімальнай стыпендыі залежыць ад дзяржаўнага бюджэту пражытковага мінімуму і складае каля 160 рублёў для БДУ.

Пражыванне

Студгарадок аб’ядноўвае адзін інтэрнат для работнікаў і работніц БДУ і 9 студэнцкіх інтэрнатаў. Апошнія маюць больш за 8 000 месцаў.

Тут ёсць пакоі для заняткаў, адпачынку, трэнажорныя і спартыўныя залы, більярдавыя, клубы па інтарэсах. У інтэрнатах працуюць сталовыя і буфеты, можна скарыстацца паслугамі пральні. Для вольнага часу арганізаваны танцавальная студыя, фальклорны гурток, творчая майстэрня, спартыўныя секцыі аздараўленчай аэробікі, валейбола, баскетбола і іншае.

Сачыце за БДУ ў ВКонтакте, Facebook, Instagram, Linkedin.

> Афіцыйны сайт БДУ

Ты ведаеш кагосьці, хто вучыўся ці цяпер вучыцца ў БДУ? Калі ласка, напішы нам на пошту adukacyja@gmail.com і дапамажы звязацца з гэтым чалавекам, каб мы маглі расказаць пра яго ці яе досвед вучобы там.

Калі ты рыхтуешся да паступлення ці цяпер вучышся ў любым ВНУ, дадавайся ў наш утульны чат беларускіх студэнтаў і студэнтак! Там мы збіраемся, каб знаёміцца, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго.

Каб далучыцца, напішы нам праз Telegram-бота.