United World Colleges (UWC) — гэта сетка 18 каледжаў і школ на чатырох кантынентах, якая аб’ядноўвае больш за 10 500 студэнтаў і студэнтак штогод. Каледжы прапануюць адукацыю для школьнікаў і школьніц старэйшых класаў у адпаведнасці з International Baccalaureate Diploma Programme. Каштоўнасці сеткі — разнастайнасць, міжкультурнае паразуменне, фізічнае здароўе, кам’юніці, лідарства, ініцыятыўнасць, асабістая ўнікальнасць.
Мацвей — студэнт другога, апошняга года ў UWC у Дыліджане, Арменіі. Хлопец родам з невялікага горада ў Беларусі, і цяпер плануе паступаць ва ўніверсітэт ЗША. Распавядаем пра адукацыю Мацвея і асаблівасці навучання ў UWC.
— Нарадзіўся я ў мястэчку на поўдні краіны, у Лунінцы, адзінаццаты клас скончыў у мясцовай гімназіі. Ніколі не вучыўся ні ў Брэсце, ні ў Мінску — усё жыццё правёў у Лунінцы.
Дзесьці ў пачатку дзясятага класа я даведаўся пра тое, што можна навучацца за мяжой нават да ўніверсітэта, пра UWC — найпрасцейшы шлях з’ехаць у іншую краіну для навучання.
На той момант заяўкі ўжо не прымаліся — я спазніўся на два ці тры тыдні. У сетку каледжаў UWC можна падавацца як з дзясятага, так і з адзінаццатага класа. Так я прапусціў сваю першую магчымасць, але вырашыў для сябе, што ў наступным годзе магу паспрабаваць зноў.
У адзінаццатым класе шмат клопатаў: ЦТ, тэсты, экзамены. У вольныя моманты пісаў эсэ і праходзіў этапы паступлення. Усяго іх тры, і працэс падрыхтоўкі быў вельмі важны для мяне. Я засіджваўся да ранку, але мне ўсё роўна падабалася. Часам нават замест дамашніх заданняў рыхтаваўся.
Паступленне
— UWC — гэта старэйшая школа з адукацыяй еўрапейскага ці амерыканскага ўзору. У гэтай сістэме мы лічымся “seniors”. Нягледячы на тое, што гэта старэйшая школа і мы падаемся ва ўніверсітэты толькі пасля, яна ўсё яшчэ складанейшая за тое, як мы навучаемся па беларускай сістэме. IB Diploma — гэта сістэма самай складанай старэйшай школы ў свеце, распрацаваная ў Швейцарыі.
Нягледзячы на гэта, я праходзіў праграму адзінаццатага класа зноў, а цяпер дапаўняў веды ў дванаццатым. Адукацыя ў UWC дае столькі магчымасцяў, што я не разглядаў паўтарэння аднаго года як нейкую праблему для сябе.
Ёсць два шляхі для паступлення: праз нацыянальны камітэт (яны ёсць практычна ва ўсіх краінах, уключаючы Беларусь) альбо непасрэдна ў той ці іншы каледж. У першым выпадку выбар школы робіць камітэт.
Другі варыянт — падача заяўкі праз UWC Global Selection Programme (GSP), Міжнародную праграму адбору. Гэта значна просты працэс з фармальным адборам, але ён не ўключае намінацыю на стыпендыі, і за адукацыю трэба будзе плаціць самастойна.
Неабходныя дакументы
— Першапачаткова ніякія дакументы не патрэбны. Падача адбываецца праз спецыяльную форму. Яе нядаўна абнавілі: цяпер форма стала больш зразумелай. Там захоўваецца інфармацыя пра ўсе этапы паступлення. Толькі перад трэцім турам у мяне запрасілі даведку пра здароўе, якую я лёгка зрабіў у свайго педыятра, і інфармацыю пра заробкі бацькоў.
Вядома, выбарчая камісія глядзіць на атэстат. Але толькі ў межах беларускага нацыяльнага камітэта і з ацэнкай, наколькі цяжка таму ці іншаму чалавеку будзе вучыцца ў межах UWC. Каледжы атэстат не цікавіць. Адзінае, што добрыя адзнакі могуць быць дапаможнікам падчас паступлення ва ўніверсітэт, але тым не менш больш увагі будзе надавацца вынікам адукацыі ў UWC. Тое, што я імкнуўся атрымаць залаты медаль у школе, цяпер грае невялікую ролю ў маім жыцці.
Сертыфікат пацвярджэння ўзроўня англійскай мовы таксама не патрэбен. Выбар студэнтаў і студэнтак з дастатковым уроўнем валодання мовай з’яўляецца адказнасцю нацыянальнага камітэта, але беларуская камісія не вельмі моцна займаецца гэтым пытаннем: мне задалі толькі адно пытанне на англійскай мове, а ў трэцім анлайн-этапе такіх зусім не было. Я займаўся з рэпетытаркай з дзявятага класа і здаваў ЦТ па англійскай мове, таму вялікіх праблем у мяне не было. Але варта ўлічваць, што ў розныя гады працэс можа адбывацца па-рознаму, і веды англійскай усё ж трэба мець.
Менавіта праз малую колькасць неабходных дакументаў працэс быў даволі просты. Да таго ж, людзям з беларускім пашпартам не патрэбна віза ў Арменію, у адрозненне ад каледжаў у іншых краінах, з чым нярэдка бываюць праблемы. У нашым каледжы ёсць студэнты і студэнткі, якім адмовілі ў выдачы візы, і праз сетку UWC іх заяўкі перанакіравалі ў Дыліджан.
Дадатковую інфармацыю можна паглядзець на сайце нацыяльнальнага камітэта, а таксама ў Instagram, VK ці Facebook.
Дарэчы, падача на наступны год яшчэ адкрыта — зазірні ў нашы “Магчымасці”!
Працэс адбору
— Паступленне звычайна падзеленае на тры туры, але па рашэнні камісіі іх можа быць і больш.
На першым этапе неабходна напісаць некалькі эсэ, адказваючы на агульныя і асабістыя пытанні. Яны павінны раскрыць твой патэнцыял. Але не акадэмічныя дасягненні ці здольнасці, а асабістасць, індывідуума.
Другі тур — відэа. У ім трэба распавесці пра сябе і раскрыць матывацыю паступлення ў UWC. Вядома, адказ, што гэта крута, не падыходзіць. Я натхняўся Кэйсі Нэйстэтам, амерыканскім ютуберам — па маім меркаванні, лепшым за апошнія дзесяць гадоў. Мне падабаецца яго стыль, і на гэтым я зрабіў сваё відэа: падпісаў, што яно “было натхнёна вялікім і магутным Кэйсі Нэйстэтам”. Гэтым этапам я займаўся ў канцы снежня.
Нечакана для сябе, я апынуўся ў трэцім туры. Гэта серыя дыстанцыйных сазвонаў: інтэрв’ю, гульні. За шэсць гадзін нам трэба было паказаць сябе праз розныя пытанні і гульні. Мэта апошняга этапу — паглядзець, ці падыходзіш ты UWC-руху, і размеркаваць па каледжах.
У заяўцы праз нацыянальны камітэт можна ранжыраваць каледжы ад найбольш да найменш пажаданага. У маім топ-2 быў UWC у Дыліджане, у які я і патрапіў. Пра гэта мне паведамілі ў сакавіку, у канцы мая даслалі афіцыйнае запрашэнне з намінацыяй на стыпендыю, і ўжо ўсё лета пасля выпуску з школы я рыхтаваўся да каледжу і паляпшаў сваю англійскую мову.
Пры падачы праз нацыянальны камітэт стыпендыі могуць размяркоўваюць як камітэты, так і каледжы, і ўсё рашэнне выключна на іх.
Асаблівасці праграмы
— Выбар асноўных прадметаў адбываецца яшчэ да прыезду ў каледж. Мне гэта падаецца дзіўным, бо невядома, што менавіта будзе выкладацца, хто будзе настаўнікам ці настаўніцай. Добра, што пасля іх усё ж можна змяніць.
У Беларусі я навучаўся на фізіка-матэматычным профілі. За тры класы паглыбленага вывучання фізікі і матэматыкі я стаміўся ад гэтых прадметаў, таму ў каледжы я абраў эканоміку і тэатр на ўзмоцненым узроўні (High-Level Subject, HL), яны мне адразу вельмі спадабаліся. Таксама я ўзяў англійскую мову як другую. Можна браць і як першую, але я вырашыў пайсці па крыху прасцейшым шляху.
З стандартнага ўзроўню (Standard-Level Subject, SL) я абраў матэматыку (Math AA), навакольныя сістэмы і грамадства (Environmental Systems and Societies, ESS), самастойнае вывучэнне беларускай мовы (Belarusian Self-Taught).
У межах IB ёсць шмат розных праграм па матэматыцы, мая называецца Analysis and Applications, Аналіз і прымяненне. Сістэма выкладання гэтай нагадвае беларускую. Першы семестр быў лёгкі для мяне, потым стала цяжэй, але ўсё роўна беларускі бэкграўнд дапамагае.
Другі прадмет — ESS — у нейкім сэнсе сумесь прыродазнаўчых навук: геаграфіі, біялогіі і экалогіі. Не скажу, што гэта мой любімы прадмет, але ён дае добрае ўяўленне пра свет, змены клімату, уладкаванне навакольнага асяроддзя.
Апошні, пра беларускую мову, уключае чытанне беларускай літаратуры, запаўненне чытацкага дзённіка і выкананне розных заданняў. Пачалі мы з разумення, што такое Self-Taught, самастойнае вывучэнне, а потым атрымалі т’ютараў і т’ютарак. Мая т’ютарка працуе ў Лондане ў Музеі імя Францыска Скарыны, мне падабаецца з ёй працаваць. Мы стэлефаноўваемся ў зуме і абмяркоўваем зробленыя мной заданні, што атрымалася добра, а што варта падцягнуць. Часам у класе мы проста сядзім і чытаем кнігі ў вольнай атмасферы, і такі чыловы прадмет вельмі каштоўны сярод сур’ёзнага навучання.
Як правіла, можна ўзяць агулам шэсць прадметаў, вышэйшага (HL) і стандартнага ўзроўню (SL). Звычайна суадносіны 3 на 3, але можна ўзяць дадатковы HL, каб атрымалася 4 на 2 адпаведна.
Таксама існуе сістэма актыўных пазакласных заняткаў, якія арганізоўваюцца студэнцтвам і наглядаецца выкладчыцкім складам. Адна з іх — CAS (ад англ. Creativity, Activity, Service), у межах якой кожны студэнт і кожная студэнтка павінны ўзяць кружкі на кожную букву.
Creativity — гэта нейкі незвычайны праект (я ўдзельнічаю ў зборы самалёта), Activity —спорт, Service — пра дапамогу мясцовым суполкам і школе (я працую над праектамі сацыяльнага прадпрыемства для Дыліджану).
Другая — ToK (ад англ. Theory of Knowledge, Тэорыя ведаў). Праз гэтую праграму мы паляпшаем сваё крытычнае мысленне і абмяркоўваем філасофскія пытанні пра веданне і этыку. Гэта абавязковы прадметы, але за іх не ставяць адзнакі, — яны скіраваныя на асабістае развіццё і баўленне часу, і напрыканцы патрабуюць толькі напісанне выніковага эсэ.
Падчас другога года здаюцца IB экзамены. Ацэньванне адбываецца некалькімі шляхамі:
- IA (Internal Assessment, Унутранае ацэньванне), паперы-даследаванні, якія пішуцца па ўсіх прадметах, акрамя мастацтваў (па іх адзнакі ставяцца за выкананыя працы).
- EE (Extended Essay, Пашыранае эсэ), папера на 3 000 словаў па любым прадмеце і па любой тэме. Маё эсэ было па англійскай мове, і я даследаваў як на рок-н-ролл 80-х гадоў Амерыцы паўплывалі сацыяльныя праблемы тых часоў (накшталт В’етнамскай вайны і забойства прэзідэнта Кенэдзі).
Нашы выкладчыкі і выкладчыцы правяраюць гэтыя працы і паведамляюць адзнакі, але яны прыкладныя. Эсэ ацэньваецца літарай ад A да D. Вынікі C і D дадаюць адзін бал да выніковай сумы адзнак па ўсіх экзаменах, A і B — два. Дакладныя вынікі мы даведваемся ўлетку, калі гэтыя ж працы правяраюць у IB цэнтры, і тады ж атрымліваем свае дыпломы.
Напрыканцы першага года таксама праводзяцца ацэньванні, але іх мэта — даць настаўнікам і настаўніцам разуменне, чаго студэнты і студэнткі дасягнулі за год навучання ў каледжы, патрэніравацца перад сапраўднымі экзаменамі, а таксама пасля выкарыстаць для паступлення ва ўніверсітэт.
Падрабязна пра навучанне, сістэму і прадметы IB праграмы можна паглядзець на сайце арганізацыі International Baccalaureate.
Кансультацыі па паступленні ва ўніверсітэт
— У межах каледжа працуюць кансультанты і кансультанткі па паступленні, якія часткова бяруць на сябе працу з дакументамі. Ім трэба даслаць выпіску сваіх адзнакаў за 9–11 класы, вынікі IB экзаменаў і дадатковых іспытаў, неабходных для паступлення, напрыклад, у ЗША. Таксама яны праводзяць асабістыя кансультацыі і варкшопы па неабходных тэмах: напісанне эсэ, запаўненне заяўкі, апісанне фінансавага становішча, пошук карысных крыніц і сайтаў, сустрэчы з універсітэтамі і гэтак далей. Яны месцяцца ў анлайн-прасторы, куды кожны і кожная мае доступ. Пры гэтым сам працэс паступлення — цалкам на студэнтках і студэнтах.
Жыццё ў Дыліджане, Арменіі
— Стыпендыя ўключае бясплатнае пражыванне ў інтэрнаце на кампусе і харчаванне, таму я жыву побач з універсітэтам і не плачу ні за што.
Арменія — вельмі традыцыйная краіна, але вялікімі крокамі ідзе да добрай будучыні. Прама цяпер адбываецца шмат праектаў, звязаных з інавацыямі, тэхналогіямі і адукацыяй, таму я не магу не захапляцца краінай.
Нягледзячы на традыцыйныя каштоўнасці мясцовага насельніцтва, Арменія вельмі інтэрнацыянальная, некаторыя яе нават называюць сучасным Амстэрдамам 16 стагоддзя праз вялікі ўзровень развіцця і свабоды ў параўнанні з краінамі-суседкамі.
Мяне засмучвае, што Дыліджан развіваецца неактыўна. Гэта неверагоднай прыгажосці горад з вялікім патэнцыялам, з якога можна шмат “выжаць”, калі пільна заняцца інфраструктурай, эканомікай і іншымі сферамі. Але развіццё ідзе, толькі ў сваім павольным тэмпе.
У каледжы мне так усё падабаецца, што нават не магу ні на што паскардзіцца. Нават ежа ў сталоўцы класная. Усё, што мне не падабаецца, тычыцца мяне. Я правёў усё жыццё ў Беларусі, а потым маё асяроддзе значна змянілася на інтэрнацыянальнае, да чаго я не быў падрыхтаваны. Але я прызвычаіўся, і цяпер усё добра.
Чаму варта паступаць у UWC
У першую чаргу гэта сетка каледжаў падыходзіць для тых, хто адчувае, што беларуская сістэма адукацыі ім не падыходзіць, хто разумее, на якія рызыкі яны пайдуць і гатовыя з імі сустрэцца, тых, хто сапраўды гатовыя прыўнесці нешта беларускае ў міжнароднае асяроддзе і ўзяць нешта з гэтага міжнароднага ў сваю беларускасць. Хачу сказаць: падавайцеся ўсе.