Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі запрашаюць на цыкл публічных лекцый “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”.
Лакацыя – канферэнц-заля бізнэс-клуба “Imaguru” (вул. Фабрыцыюса, 4). Дакладны час – а 18:30 6 траўня.
Мы жывем у часы, калі мяжа паміж навуковай фантастыкай і рэальнасцю хутка мяняецца. Тэхналагічны прагрэс, рухомы інавацыямі і магчымасцямі, сёння выступае неабходным фундаментам развіцця краінаў, але таксама і тым чыннікам, які непазбежна ўплывае на чалавека, яго асяроддзе. Аднойчы гэтыя тэхналогіі могуць сапраўды змяніць наш свет да непазнавальнасці – і тое, што зараз успрымаецца як утопія, стане рэальнасцю нашага сёння. Гэта адначасова захапляе, але і пужае.
- Як перспектыўныя тэхналогіі паўплываюць на нашу будучыню?
- Якія сацыяльныя наступствы нас чакаюць?
- Ці не пагражае гэта прыватнаму жыццю чалавека, яго індывідуальнасці?
- Ці не стане гісторыя эвалюцыі тэхналагічнага працэсу гісторыяй чалавечых пройгрышаў?
- Ці зняволяць чалавека машыны, ці ўсё ж існуе шанец адбіцца?
Лятучы ўніверсітэт прапануе паразважаць над гэтымі пытаннямі, уяўляючы будучыню новых тэхналогій разам з практыкуючым футуролагам Уладзімірам Батаевым, на яго публічнай лекцыі “Новыя кропкі адліку і перспектыўныя сцэнары развіцця будучыні”.
У лекцыі разглядаюцца найбольш супярэчлівыя і адначасова шматабяцаючыя напрамкі развіцця сучасных тэхналогій: ад штучнага інтэлекту да разумных гарадоў, ад інтэрнэту рэчаў да цыркулярнай эканомікі, а таксама абмяркоўваецца іх уплыў на паўсядзённае жыццё асобнага чалавека і грамадства ў цэлым.
Уваход вольны!
Інфармацыя пра лектара:
Уладзімір Батаеў з’яўляецца кіраўніком аддзела “разумных гарадскіх рашэнняў” у EsperantoXL – галандскім сістэмным інтэгратары і распрацоўшчыку разумных рашэнняў у галіне транспарту ды лагістыкі, а таксама ў іншых сегментах разумнага горада. Ён працаваў з муніцыпалітэтамі, архітэктурнымі фірмамі і фірмамі, якія займаюцца гарадскім планаваннем, а таксама з інавацыйнымі кластарамі ў Фінляндыі, Малайзіі, Нідэрландах, ААЭ і Вялікабрытаніі. Яго ўвага засяроджана на выяўленні канкрэтных мясцовых гарадскіх праблем, якія могуць быць хутка вырашаны з дапамогай разумных гарадскіх рашэнняў, іх рэалізацыі і стварэнні выразных каналаў сувязі для грамадзян, якія дапамагаюць быць упэўненымі, што грамадзяне атрымліваюць адчувальныя выгоды, і што якасць іх жыцця паляпшаецца.