Амбасада Польшчы ў Беларусі шукае кандыдатаў на стыпендыяльную праграму імя Стэфана Банаха, разлічаную на 2016-2017 навучальны год.
Навучанне па праграме дазволіць атрымаць ступень магістра альбо доктара навук у польскіх вышэйшых навучальных установах, падначаленых Міністэрству навукі і вышэйшай адукацыі.
Да ўдзелу запрашаюцца грамадзяне краін Усходняга партнёрства (Беларусі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Азербайджану, Грузіі).
Набор кандыдатаў на навучанне другой ступені (усяго 45 даступных месцаў у 2016 годзе) ажыццяўляецца праз пасярэдніцтва польскіх дыпламатычных і консульскіх установаў.
Набор кандыдатаў на трэцюю ступень навучання адбываецца праз пасярэдніцтва польскіх ВНУ.
Стыпендыя разлічана на навучанне ў вобласці дакладных, прыродазнаўчых, тэхнічных навук ці па накірунку еўрапеістыка/еўрапейскае права. Пасля сканчэння першага курсу стыпендыяты атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у праграме абмену студэнтаў Erasmus. Таксама студэнты змогуць прайсці кароткатэрміновую стажыроўку на тэрыторыі Польшчы, а перад пачаткам вучобы – летні курс польскай мовы.
Фінансавыя ўмовы
Памер стыпендыі складае 1350 злотых штомесяц. Арганізатары аплоцяць выдаткі, звязаныя з удзелам у падрыхтоўчым курсе, а тасама ў мерапрыемствах для ўдзельнікаў праграмы.
Падрабязна пазнаёміцца з умовамі падачы заяўкі можна па спасылцы (на польскай мове).
Дэдлайн – 24 чэрвеня 2016 г.