У межах праграмы ViceVersa Нямецкага фонду перакладчыкаў і Фонду імя Роберта Боша ладзіцца другая беларуска-нямецкая перакладчыцкая майстэрня.
Час правядзення: 24 – 31 кастрычніка 2016. Месца: Вернэтсхаўзэн, Швейцарыя
Перакладчыкі літаратуры з нямецкай мовы на беларускую і з беларускай на нямецкую вынесуць на абмеркаванне свае працы і супольна разгледзяць перакладчыцкія стратэгіі і рашэнні канкрэтных праблем. Аднолькава вітаюцца як тэксты, што знаходзяцца ў працэсе падрыхтоўкі да выдання, так і праекты, што выконваюцца “на загад душы”, але яшчэ не маюць дагаворнай асновы.
Кола ўдзельнікаў:
Будзе абрана па пяць перакладчыкаў мастацкай літаратуры, навукова-папулярнай літаратуры, эсэ, драматургіі, паэзіі або літаратуры для дзяцей і юнацтва. У якасці выключэння магчымы ўдзел і перакладчыкаў-пачаткоўцаў у тым выпадку, калі яны ўжо інтэнсіўна займаліся літаратурным перакладам.
Удзел магчымы толькі пры ўмове прысутнасці на працягу ўсёй майстэрні.
Фінансавыя ўмовы:
Выдаткі на ўдзел, пражыванне, харчаванне і праезд бяруць на сябе арганізатары.
Неабходныя дакументы:
- біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі пра ўласную асобу (максімум 1 старонка);
- максімум 5 старонак перакладу, што мае быць абмеркаваны падчас майстэрні (двайны інтэрвал паміж радкамі, нумараваныя радкі, месца для заўваг з правага боку);
- адпаведны ўрывак арыгінала (нумарацыя радкоў з левага боку);
- звесткі пра аўтара і твор, а таксама асаблівыя цяжкасці пры перакладзе, на якія пажадана звярнуць увагу падчас абмеркавання (максімум 1 старонка).
На ўсіх дакументах неабходна пазначыць уласнае імя і даслаць у фармаце Word або pdf на адрас: info@looren.net (Перакладчыцкая майстэрня).
Дэдлайн падачы заяўкі – 15 чэрвеня 2016.
Кантактная асоба: Зорка Цыкламіны
Кіраўнікі майстэрні: Ірына Герасімовіч (Мінск) і Томас Вайлер (Маркклееберг).
Больш падрабязнасцей на сайце партнёраў школы – Інстытута імя Гётэ ў Менску.