ECLAB запрашае на разумны 10-дзённы праект

17-26 чэрвеня ў прасторы “ЦЭХ” адбудзецца выставачна-дыскусійны праект ECLAB_Інтэракцыя: дзесяць дзён у публічнай прасторы са студэнтамі і выкладчыкамі ECLAB.

Выставачна-дыскусійны праект ECLAB_Інтэракцыя прысвечаны розным досведам і оптыкам, звязаным з беларускай гісторыяй і сучаснасцю, але выпадаюць з-пад увагі, замоўчваюцца і не прагаворваюцца.

***

Як нам сёння казаць пра савецкае мінулае? Чаму пэўныя тэмы і праблемы працягваюць выцясняцца за межы індывідуальнай і калектыўнай памяці? Што прыўносяць у разуменне гэтага досведу тыя даследчыя оптыкі, якія практыкуюцца ў ECLAB: сацыяльна-крытычная, гендарная, урбаністычная? І што азначаюць для сучаснасці тэмы, узнятыя на выставе?

Відавочна, што разнастайнасць заяўленых даследчых праблем не ўтварае адзінага цэлага, а, хутчэй, агаляе разрывы ў беларускай гісторыі і сучаснасці. Таму арганізатары прапануюць наведнікам не толькі ўключыцца ў інтэракцыю з выставачнымі аб’ектамі – асабістымі рэчамі і архіўнымі дакументамі з розных савецкіх эпох, відэа- і аўдыядакументамі, прыватнымі ўспамінамі і масавымі медыявобразамі, – але таксама паспрабаваць пракласці свой маршрут або знайсці сваю схему зборкі сэнсаў і даследчых сюжэтаў.

Дапамагчы ў гэтым зможа дыскусійная частка праекта ECLAB_Інтэракцыя, дзе таксама можна будзе пазнаёміцца з іншымі кірункамі вучэбнага і даследчага жыцця каледжа.

***

Куратарская група: Аксана Жгіроўская, Ірына Саламаціна, Ганна Самарская, Андрэй Лянкевіч, Аляксей Братачкін, Вольга Раманава.

Працоўная група: студэнты, выпускнікі і выкладчыкі ECLAB.

Каардынатар: Аксана Жгіроўская, сукіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр».

***

Праграма мерапрыемстваў

17 чэрвеня, пятніца

19:00 – адкрыццё выставы і прэзентацыя адукацыйнага праекту ECLAB з удзелам выкладчыкаў і выпускнікоў.

Арт-перформанс «Лінза № 25» ад канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр».

18 чэрвеня, субота

16:00–18:00 – чытка студэнтамі ECLAB п’есы Малгажаты Сікорскай «Чамадан» (рэж. Валянціна Мароз, сукіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр»).

18:30 – нямецка-амерыканская даследчыца Аніка Вальке прэзентуе сваё даследаванне і кнігу «Піянеры і партызаны: вусная гісторыя нацысцкага генацыду ў Беларусі» («Pioneers and Partisans: An Oral History of Nazi Genocide in Belorussia», Oxford University Press, 2015). Пасля прэзентацыі адбудзецца дыскусія.

Мадэратар – Аляксей Братачкін, кіраўнік канцэнтрацыі «Публічная гісторыя».

19 чэрвеня, нядзеля

16:00 – прэзентацыя электроннага вучэбнага дапаможніка «Псіхааналіз і грамадства: тэксты для чытання», падрыхтаванага выкладчыцай Лідзіяй Міхеевай разам з выпускнікамі і студэнтамі ECLAB.

18:00 – прагляд і абмеркаванне фільма «Усходні калідор» (рэж. Валянцін Вінаградаў, «Беларусьфільм», 1966 г.). Гэты фільм, які так і не трапіў у шырокі пракат, у форме прыпавесці расказвае пра нямецкую акупацыю і партызанскае падполле ды ледзьве не ўпершыню ў савецкім кіно закранае тэму Халакосту. Мадэратарка абмеркавання – Вольга Раманава, кіраўніца канцэнтрацыі «Масавая культура і медыя».

20 чэрвеня, панядзелак

18:30 – «Чалавечы твар Інтэрнэту». Інтэрактыўная лекцыя даследчыка і выкладчыка ECLAB Міхаіла Дарашэвіча пра беларускую інтэрнэт-аўдыторыю. Мадэратары студэнты канцэнтрацыі «Інтэрнэт і грамадства».

20:00 – прэзентацыя даследавання «Праблемы мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі: сацыяльныя і гуманітарныя навукі», падрыхтаванага Цэнтрам еўрапейскіх даследаванняў (Мінск, Беларусь). Вядучы – Аляксей Братачкін, кіраўнік канцэнтрацыі  «Публічная гісторыя». Удзельнічаюць Лідзія Міхеева, Ірына Саламаціна ды іншыя эксперты.

21 чэрвеня, аўторак

18:30 – адкрытая сустрэча студэнцкага Філасофскага клуба ECLAB на тэму «Маўклівая большасць: хто нясе адказнасць?» Вядучыя: студэнткі ECLAB Таццяна Кавалёнак і Кацярына Лявончык.

20:00 – «”Пакаленне ў масках”: нефармалы ў савецкім кінематографе перыяду Перабудовы». Інтэрактыўная лекцыя Вольгі Раманавай з паказам і абмеркаваннем фрагментаў кінафільмаў.

22 чэрвеня, серада

18:30 – «Дысідэнты ў савецкі час і сёння». Дыскусія з французскім філосафам Мішэлем Эльчанінавым і героямі яго кнігі «Новыя дысідэнты» (“Les nouveaux dissidents”, Edition Stock, 2016). Беларуская частка кнігі вырасла з сустрэч і размоў са Святланай Алексіевіч, Дзмітрыем Строцавым, Ганнай Чыстасердавай, Артурам Клінавым ды іншымі.

Мадэратарка – Вольга Шпарага, кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка».

23 чэрвеня, чацвер

Экскурсіі студэнтаў і выкладчыкаў ECLAB:

18:00–20:30 – «Нефармальны Мінск» – роварная экскурсія, прысвечаная гісторыі мінскіх нефармальных рухаў: стыляг, хіпі, панкаў, скінхэдаў ды іншых.

Экскурсавод – студэнт ECLAB Сяргей Дановіч.

Зыходная кропка экскурсіі – «ЦЭХ». Зарэгістравацца можна па тэлефоне +375299177820 або адправіўшы заяўку на эл. пошту serge_trakt@tut.by з просьбай уключыць у спіс экскурсантаў.

18:30–21:30 – «Жаночы Мінск» – экскурсія па выставе і горадзе.

Экскурсаводка – Ірына Саламаціна, кіраўніца канцэнтрацыі «Гендарныя даследаванні», сурэдактарка кнігі «Фемінісцкая (арт) крытыка», якая экспануецца на выставе.

Падчас экскурсіі па горадзе запланавана наведванне майстэрняў мастачак Марты Шматавай, Ілоны Касабука, Таццяны Радзівілка, Кацярыны Сумаравай, удзельніц калектыўнай выставы «Штучнае асвятленне. Клара і Роза».

Зыходная кропка экскурсіі – «ЦЭХ». Колькасць удзельні_ц_каў абмежаваная. Зарэгістравацца можна па спасылцы.

24 чэрвеня, пятніца

18:30 – прэзентацыя даследавання і кнігі «Фемінісцкая (арт) крытыка» (Каўнас, 2015), падрыхтаваная Лабараторыяй гендарных даследаванняў ECLAB і праектам «Гендарны маршрут». Удзельнічаюць рэдактаркі Ірына Саламаціна і Вольга Шпарага, а таксама мастачкі – удзельніцы праекта.

20:00 – дыскусія «”Савецкае” ў “постсавецкім”: сляды, аўтаматызмы, новыя сцэнары» з удзелам Вольгі Шпарагі, Аляксея Братачкіна, Аксаны Жгіроўскай і студэнтаў ECLAB. Мадэратарка – Вольга Раманава, кіраўніца канцэнтрацыі «Масавая культура і медыя».

25 чэрвеня, субота

16:00–18:00 – паказ дакументальнага спектакля «Шэрая вясёлка» (студэнты ECLAB, рэж. Валянціна Мароз, сукіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр»).

18:30 – «Недатыкальнасць прыватнага жыцця, або Privacy за кубак кавы». Інтэрактыўная прэзентацыя медыя-эксперта Паўлюка Быкоўскага. Мадэратары – студэнты канцэнтрацыі «Інтэрнэт і грамадства».

26 чэрвеня, нядзеля

18:00–20:30 – адкрыты выпускны ECLAB_Open [mind]: студэнты ECLAB выступяць з самымі цікавымі даследчымі праектамі, выкананымі за час свайго навучання ў каледжы.

20:30 – адкрытая вечарынка ECLAB_Open [mind] у бары «Хуліган» (і на вуліцы вакол яго). Уваход вольны!