22 чэрвеня ў межах праекту ECLAB_Інтэракцыя адбудзецца дыскусія «Дысідэнты ў савецкі час і сёння» з французскім філосафам Мішэлем Ельчанінавым і героямі яго кнігі «Новыя дысідэнты». Беларуская частка кнігі вырасла з сустрэч і размоў са Святланай Алексіевіч, Дзмітрыем Строцавым, Ганнай Чыстасердавай, Артурам Клінавым ды іншымі.
Вядучая – Вольга Шпарага, кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» ў ECLAB.
Лакацыя – прастора «ЦЭХ» (вул. Кастрычніцкая, 16, над барам «Хуліган»). Пачатак а 18:30.
Мішэль Ельчанінаў – філосаф, галоўны рэдактар часопіса «Philosophie Magazine». У 2000 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Цялеснае выражэнне ў творчасці Фёдара Дастаеўскага». Аўтар некалькіх кніг, сярод якіх «Дастаеўскі: раман і філасофія» (1998) і «Дастаеўскі: цялесны раман» (2013 года). У 2015 г. у Францыі выйшла яго кніга «У галаве ў Пуціна», якая атрымала прыз Prix de la Revue des deux Mondes і перакладзеная на нямецкую, польскую, нарвежскую, іспанскую і грэчаскую мовы.
Мішэль Ельчанінаў таксама выступіў аўтарам прадмовы да збору твораў Святланы Алексіевіч, які выйшаў у Францыі ў 2015 г. У 2013 г. падрыхтаваў да выдання на англійскай мове «турэмнае ліставанне» Надзі Талаконнікавай і Славоя Жыжэка, а ў 2016 г. з яго пасляслоўем у Францыі выйшаў «Даклад Нямцова». Апошняя кніга Мішэля Ельчанінава «Новыя дысідэнты» знаёміць з формамі культурнага пратэсту ў сучасных Расіі, Украіне, Беларусі, Кітаі, Індыі, Іране, Палестыне і Мексіцы. У яе аснову ляглі размовы з інтэлектуаламі і актывістамі, з якімі Мішэль сустракаўся падчас сваіх візітаў у гэтыя краіны.
Артыкул Мішэля Ельчанінава паводле матываў кнігі «У галаве ў Пуціна» (на рускай мове).
Уваход вольны!
Мерапрыемства ў Facebook.