Часопіс CityDog.by у межах праекта “Мінскія дыяспары” прадстаўляе выставу “Межы Іншага” групы “Вера”.
Галоўнай тэмай выставы, якая адкрыецца 25 жніўня, ў 19:00 у ангары “ЦЭХа”, з’яўляюцца ўяўленні пра беларускую талерантнасць у час вайсковых канфліктаў і міграцыйнага крызісу.
“Межы Іншага” – гэта спроба аналізу адкрытасці беларускага грамадства да новых абставінаў. Беларусь мае сваю гісторыю мультыкультуралізму – стагоддзямі розныя этнічныя групы мірна суіснавалі на гэтай тэрыторыі. Але палітычная сітуацыя ў рэгіёне мяняецца, і той стэрэатып цярпімасці і ўзаемапавагі, які здаўна рэпрадукуецца і ў дзяржаўнай ідэалогіі, і ў масавай свядомасці, сёння праходзіць праверку на практыцы.
Зважаючы на гэта, група “Вера” даследуе сацыяльнае поле з мэтай выявіць найбольш яскравыя рэакцыі на такія перамены, праводзіць аналіз медыя, а таксама персанальнага досведу ўдзельнікаў. У выніку на выставе будуць прадстаўлены аб’екты і відэа, цытаты і дакументацыя, аб’яднаныя агульнай інсталяцыйнай рамкай.
Гэтая выстава – дэбютны праект групы “Вера”, якая сфарміравалася ў чэрвені 2016-га і яднае мастакоў і культурных работнікаў Веру Залуцкую, Аляксея Навумчыка, Антона Сарокіна і Аляксея Талстова. Выканаўчы куратар выставы – Аляксей Талстоў.
Выстава даступная з 25.08.2016 па 31.08.2016, з 12:00 да 22:00.
Уваход вольны.