Амбасада ЗША ў Мінску абвяшчае конкурс на ўдзел у Праграме імя сенатра Фулбрайта для малодшых выкладчыкаў беларускіх ВНУ на 2017-2018 навучальны год.
Праграма Фулбрайта для выкладчыкаў не прадугледжвае атрыманне вучонай ступені, а дае магчымасць прайсці прафесійную стажыроўку ў навучальнай установе ЗША з мэтай:
- распрацоўкі новых курсаў і планавання рэформы навучальных праграм у сваіх установах;
- павышэння прафесійнага майстэрства і авалодання новымі методыкамі выкладання;
- пашырэння інфармацыйнай базы ў сваёй галіне вывучэння;
- усталявання доўгатэрміновых прафесійных сувязяў і трывалых кантактаў паміж сваёй навучальнай установай і гасцявым універсітэтам.
Зацікаўленыя кандыдаты маюць:
- быць грамадзянамі Рэспубліці Беларусь і пастаянна пражываць у Беларусі;
- мець дыплом аб вышэйшай адукацыі;
- з’яўляцца выкладчыкамі адной з навучальных устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь на момант падачы заяўкі;
- мець вопыт выкладання ў адной з навучальных устаноў вышэйшай адукацыі не менш за два гады на момант падачы заяўкі;
- добра валодаць ангельскай мовай (абраныя фіналісты павінны будуць прайсці тэст TOEFL).
Удзельнікі праграмы Фулбрайта прыбываюць у ЗША па візе J-1, якая абавязвае атрымальніка вярнуцца ў краіну свайго пражывання пасля завяршэння стажыроўкі як мінімум на два гады.
Прафесійная стажыроўка ў ЗША цягам аднаго семестра дае магчымасць удзельнікам праграмы пазнаёміцца з праграмамі навучання ў амерыканскіх універсітэтах, узяць удзел у распрацоўцы курсаў, сабраць неабходныя матэрыялы для сваіх даследаванняў, а таксама усталяваць кантакты з амерыканскімі калегамі. Нягледзячы на тое, што гэтая праграма не прадугледжвае атрымання вучонай ступені, яна стварае добрыя магчымасці для прафесійнага росту ў любой галіне.
У большасці выпадкаў пошукам прымаючага ўніверсітэта ў ЗША прэтэндэнты займаюцца самастойна. Калі ласка, не абмяжоўвайце сябе найбольш вядомымі ўніверсітэтамі ў ЗША, звяртайце сваю ўвагу таксама на іншыя установы. Нягледзячы на тое, што многія ўніверсітэты ў ЗША не маюць шырокай міжнароднай вядомасці, умовы для правядзення даследаванняў у такіх установах адпавядаюць усім неабходным патрабаванням. Навукоўцы, што працуюць над даследаваннямі ў невялікіх і менш вядомых установах, часта атрымоўваюць больш увагі, чым іх калегі ў больш буйных і вядомых універсітэтах. Калі вы раней ужо навучаліся ў Злучаных Штатах, ваш гасцявы ўніверсітэт у гэтай праграме павінен адрознівацца ад папярэдняга. Гэтае патрабаванне абумоўлена тым, што любы прафесійны абмен у ЗША прадугледжвае пашырэнне кантактаў ў навуковай супольнасці.
Фінансавыя ўмовы
Праграма Фулбрайта для выкладчыкаў беларускіх ВНУ спансуецца Дзярждэпартаментам ЗША і прадугледжвае аплату міжнароднага і мясцовых пералётаў, медыцынскага страхавання, штомесячнай стыпендыі на працягу ўсяго перыяду стажыроўкі.
Працэс падачы заявак
Зацікаўленыя кандыдаты павінны запоўніць анлайн-заяўку да 20 верасня 2016 года.
Адбор кандыдатаў на ўдзел у Праграме Фулбрайта для выкладчыкаў беларускіх ВНУ праводзіцца ў Аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША ў Мінску. Папярэдне абраныя кандыдаты будуць запрошаныя на інтэрв’ю ў лістападзе, канчатковае зацверджанне ўдзельнікаў будзе атрымана напачатку 2017 года.
Праграма дае роўныя магчымасці ўсім удзельнікам і не дыскрымінуе іх па расавых, палавых, рэлігійных, нацыянальных і этнічных прыкметах, сэксуальнай арыентацыі, мове або інваліднасці.