Жывая бібліятэка запрашае пазнаёміцца з Іншым і змяніць светапогляд разам з “кнігамі”.
Калі: 24 верасня, 13.00 – 18.00. Месца: Галерэя ТUT.BY, пр.Дзяржынскага, 57 (ст.м. Міхалова).
Сустрэча з Іншым – гэта магчымасць праз незразумелае пашырыць свае асабістыя межы. Іншы – гэта адна з цэнтральных катэгорый сучаснай філасофіі. Праз сустрэчу з Іншым мы разумеем свет, культуры і каштоўнасці, а найперш – самога сябе. Каб узнікла ідэя, каб сфармуляваць праблему, каб крытычна аднесціся да любой з’явы і не быць спакушаным стэрэатыпамі, важна бачыць не тое, што падобна на цябе, а іншае. Іншую думку, іншы лад жыцця, іншыспосаб мыслення і карціну свету. Пра ўсё гэта можна даведацца з кніжак і фільмаў, але галоўным носьбітам гэтых іншых сусветаў з’яўляецца сам чалавек.
Жывая бібліятэка – гэта незвычайная бібліятэка. Тут людзі са сваімі гісторыямі становяцца “кнігамі” для таго, каб адказаць на розныя пытанні. “Кніга” – гэта чалавек, які належыць да нейкай стыгматызаванай сацыяльнай групы, мае асаблівы светапогляд, унікальную прафесію, належыць да спецыфічнай субкультуры ці мае веравызванне, нязвыклае для большасці з асяроддзя.
Жывая бібліятэка праходзіць у межах Тыдня беларускага мыслення (19-25 верасня), які сумесна арганізавалі Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова”, “Беларусский журнал”, кнігарня “ЛогвінаЎ”, Інстытут палітычных даследаванняў “Палiтычная сфера”.
Больш даведацца можна на старонках ў ВК і FB.
Калі вы хочаце стаць валанцёрам на Жывой бібліятэцы, дапамагчы з пошукам “кніг” ці самім стаць кнігамі- дасылайце свае заяўкі праз сацыяльныя сеткі або на human.library.belarus@gmail.com.