Ад студэнцкага шчасця да крызісу моладзі: што пайшло не так?

Падаецца, стэрэатып пра «лепшыя гады жыцця» становіцца ўсё менш і менш рэалістычным — распавядаем пра вынікі даследавання шчасця, зробленага ў Вялікабрытаніі.

Старая практыка

У літаратуры налічваецца як мінімум 600 апублікаваных артыкулаў, якія сведчаць аб тым, што шчасце мае U-вобразную форму ўзросту і, наадварот, што няшчасце мае форму гарба. Іншымі словамі, калі чалавек малады, ён настолькі ж шчаслівы, наколькі ён будзе шчаслівы ў старасці (у сярэднім; індывідуальныя жыцці адрозніваюцца).

Для многіх студэнцкія гады былі самымі шчаслівымі. У 146 краінах за перыяд з 1973 па 2017 гады былі знойдзеныя доказы нізкага перыяду шчасця, які прыпадае на 50-гадовы ўзрост. U-вобразная форма выяўляецца ў цэлым шэрагу паказчыкаў дабрабыту, уключаючы задаволенасць жыццём, фінансавую задаволенасць, каштоўнасць і шчасце.

Гэта звязана з тым, што маладыя людзі мелі нізкі ўзровень псіхічнага здароўя, і калі яны станавіліся старэй, дрэннае здароўе павялічвалася, дасягаючы піка прыкладна ва ўзросце 50 гадоў, перш чым стан пачынаў паляпшацца. Былі сцвярджэнні, што горб сярэдняга ўзросту быў звязаны са зменамі ў тым, што людзі чакаюць ад жыцця з цягам часу, або з вехамі, па якіх людзі назіраюць, як разгортваецца іх жыццё.

Што змянілася

Брытанскія навукоўцы Дэвід Бланчфлаўэр з Дартмуцкага каледжа і Алекс Брайсан з Універсітэцкага каледжа Лондана прааналізавалі некалькі навуковых прац, у якіх вывучалася, як з узростам мяняецца задаволенасць жыццём.

Новыя даныя паказваюць, што каля 2014–2017 гадоў дабрабыт людзей ва ўзросце 18–25 гадоў, у асаблівасці жанчын, пачаў рэзка зніжацца. Цяпер людзі ў росквіце жыцця больш шчаслівыя за маладых. Доказы гэтай трансфармацыі ўпершыню сталі відавочнымі ў Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі, але цяпер гэта справядліва для 82 краін свету.

У цяперашні час існуе мноства доказаў з развітых і развіваных краін, што дрэннае самаадчуванне зніжаецца з узростам практычна ўсюды. Пра гэта глабальна сведчыць у асноўным, але не выключна, база даных Global Minds, — з 2020 года ўзровень дабрабыту знізіўся ў 48 краінах, а пакуль неапублікаваныя даныя кажуць пра яшчэ 34 краіны.

Напрыклад, у ЗША доля маладых жанчын, якія на пытанне «цяпер, думаючы пра сваё псіхічнае здароўе, уключаючы стрэс, дэпрэсію і праблемы з эмоцыямі, колькі дзён за апошнія 30 дзён ваша псіхічнае здароўе было дрэнным?» адказалі «30», з 1993 да 2022 гады павялічылася амаль у чатыры разы, з 3% да 11%, паводле Сістэмы назірання за паводзінавымі фактарамі рызыкі (BRFSS).

Даследаванне «Здаровыя розумы» (Healthy Minds Survey) за 2007–2022 гады выявіла, што доля студэнтаў і студэнтак, якія адчувалі сябе прыгнечанымі, дэпрэсіўнымі або безнадзейнымі больш за палову дзён за апошнія два тыдні, павялічылася з 12% да 20% для мужчын і ад 14% да 28% для жанчын адпаведна. Таксама быў выяўлены рост адчаю, смутку і безнадзейнасці сярод старшакласніц і старшакласнікаў.

У Вялікабрытаніі сітуацыя падобная: «горб» недабрабыту пачаў знікаць у 2019 годзе. Як і ў выпадку са Злучанымі Штатамі, узроставы профіль адчаю прыкметна не змяніўся сярод тых, каму за 40 гадоў і старэй, але ўзровень адчаю значна вырас сярод тых, хто маладзейшы за 40, асабліва сярод самых маладых.

Люксембургскі ўніверсітэт у Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі і Швецыі ў сваім апытанні пра псіхічнае здароўе, устойлівасць і самарэгуляцыю ў кавідны і посткавідны перыяд (COME-HERE) выявіў, што паказчык дэпрэсіі найвялікшы ва ўзросце да 26 гадоў, пасля чаго паступова зніжаецца.

Прычыны няшчасця моладзі

Даследчык шчасця Тобіас Эш з Універсітэта Вітэн-Хердэке апісвае прычыны так: «Раней падлеткі і маладыя людзі жадалі спрабаваць рэчы, развівацца, ім падабалася рызыкаваць і ісці на прыгоды — гэта юнацкае шчасце прадчування і чакання.

Але сёння моладзь больш не адчувае гэтай ранняй фазы шчасця. Наадварот, перыяд падлеткавага і юнацкага ўзросту характарызуецца трывогай і невялікай упэўненасцю ў будучыні. Давайце падумаем пра глабальныя крызісы, пра планетарны крызіс, войны, але давайце таксама згадаем страты каштоўнасці, пагрозы дэмакратыі, асабістай бяспецы».

Таксама варта ўлічваць важнасць сацыяльных сетак у нашым жыцці. Пастаяннае параўнанне з іншымі ў сацыяльных сетках стварае адчуванне, што маладыя людзі маюць вельмі шмат хібаў. Парог для ўступлення ў адносіны з людзьмі ў рэальным жыцці расце, і ў выніку свет у цэлым усё часцей успрымаецца як варожы, кажа Эш.

Цяпер навукоўцы мяркуюць, што на змену крызісу сярэдняга ўзросту прыходзіць крызіс моладзі.