Adu.place распачынае кансультацыі па паступленні. Паспей запісацца!

З 23 сакавіка да 26 красавіка кожны і кожная, хто цікавіцца адукацыяй за мяжой, можа спытацца пра гэта ў беларусаў і беларусак, якія ўжо скарылі гэтую прыступку навучання! 

Як гэта зрабіць?

Проста зайсці па спасылцы, абраць зручны па часе слот і эксперта ці экспертку, з якімі хочацца пагутарыць. Пасля гэтага ты атрымаеш на пошту спасылку на зум-сустрэчу: у пазначаны час там цябе будзе чакаць кансультант ці кансультантка. Каб загадзя спланаваць свой час, раім рэгістравацца на сустрэчы за 2-3 дні. 

Кансультацыі ладзяцца бясплатна! Іх працягласць — каля гадзіны, цягам якой ты будзеш знаходзіцца на сустрэчы сам-насам з экспертам ці эксперткай. У іх можна запытвацца ўсё, што табе хацелася ведаць пра адукацыю за мяжой: як рыхтавацца да паступлення, з якім узроўнем англійскай ці іншай мовы варта паступаць, што чакае на месцы, якія ўмовы ў інтэрнаце, ці хапае на жыццё стыпендыі і нават, як працуе мясцовы ціндар (пагадзіся, пра гэта таксама добра ведаць загадзя).

Мы сабралі вялікі пул ментараў і ментарак з розных краін — Кітай, Дубай, Нарвегія, Румынія, Чэхія, Літва, Польшча, Італія. Ты зможаш даведацца пра працэс паступлення ад студэнтаў і выпускніц топавых універсітэтаў па ўсім свеце, пачуць пра падводныя камяні жыцця ў мегаполісах і сакрэты стыпендыяльных праграм. 

Напрыклад, Анастасія Карзей пракансультуе пра паступленне ў Дубай. Яна вучыцца ў філіяле Нью-Ёркскага ўніверсітэта і сама абірае, якія прадметы будзе вывучаць. Дзяніс Рабчук — студэнт універсітэта Bocconi у Мілане, з радасцю падзеліцца досведам з тымі, каго цікавіць вучоба на эканамічных і матэматычных спецыяльнасцях. Для тых, хто хоча паступіць у магістратуру, таксама ёсць кансультацыі — ментары і ментаркі запрашаюць вас паразмаўляць пра вучобу ў Швецыі, Польшчы, Літве, Італіі і Чэхіі.

Кацярына Буніна, галоўная рэдактарка adu.place:

«Для нас важна рабіць  адукацыю дасяжнай для кожнага і кожнай, дапамагчы людзям знайсці адказы на пытанні. Упэўнены, што пра гэта як ніхто ведае моладзь, якая была на гэтым жа месцы і разумее твае хваляванні! Таму мы і вырашылі арганізаваць такія сустрэчы, дзе ты можаш спытаць пра ўсе моманты працэсу падрыхтоўкі, падачы заявак, навучання. 

Мы спадзяемся, што сустрэча з рэальнымі студэнткамі і студэнтамі натхніць цябе, дапаможа справіцца са страхамі і паверыць, што ўсё рэальна. 

Памятай, што няма няправільных пытанняў! Калі цябе гэта хвалюе — запытайся, не адкладай магчымасць атрымаць круты досвед навучання!»


Запісацца на кансультацыю