Адукацыя — стыль жыцця. Расказваем, чаму мы запусцілі adu.place

Ініцыятыва «Адукацыя.інфо» нарадзілася у 2004 годзе — амаль 20 (!) гадоў таму. Зараз 2023, і сэрцы нашай каманды перапоўнены вялікай радасцю, бо мы ў чарговы раз знайшлі моц і файных людзей, каб перазапусціцца ў новым фармаце adu.place!

З самага пачатку свайго існавання «Адукацыя» была месцам, вакол якога гуртаваліся людзі, якія апантана шукалі магчымасці для свайго развіцця і распаўсюджвалі іх на шырокае кола беларускай моладзі.

Каманда валанцёрак і валанцёраў рабіла карысную рассылку і жывыя аду-падзеі:

  • Аду-фэсты,
  • Летнія школы,
  • Веды-паці пра адукацыю ў розных краінах і па розных спецыяльнасцях,
  • Аду-эспедыцыі,
  • Аду-марафоны,
  • Аду-кірмашы,
  • Blended learning курсы. 

Мы былі зараджаныя адукацыяй і аб’ядноўваліся вакол агульных каштоўнасцей свабоды развіцця і адказнасці за сваю будучыню.

«Адукацыя.інфо» адкрывала нечаканыя жыццязмяняльныя магчымасці для беларускай моладзі, дапамагала выбраць ці змяніць прафесію і нават давала сяброў і сябровак на ўсё жыццё. Хай гэтая энергія перадаецца далей!

Многія з выпускніц і выпускнікоў нашых праграм цяпер робяць свой унёсак у развіццё Беларусі і па-за яе межамі. Мы калісьці знайшлі і скарысталіся класнымі магчымасцямі, каб цяпер ствараць новыя магчымасці — для цябе!

Амбітная, апантаная, адукаваная каманда adu.place на хвалях новых медыйных, візуальных ды адукацыйных трэндаў пераўтварае «Адукацыю.інфо» у дынамічную ды насычаную кантэнтам пляцоўку, якая, спадзяемся, можа стаць тваім happy place.

Адукацыя — стыль жыцця, a adu.place — place to be.