У БДУ у 2024 годзе плануюць абвесціць набор новыя спецыяльнасці. На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі адкроецца «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць» — выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю «Географ. Выкладчык. Перакладчык». На факультэце міжнародных адносін адкрываюцца спецыяльнасці «міжнародная канфлікталогія» і «міжнародная лагістыка»: аналагаў гэтых спецыяльнасцей няма ў іншых ВНУ. На факультэце філасофіі і сацыяльных навук чакаюць абітурыентаў на спецыяльнасць «сацыяльная работа і кансультаванне». Плануецца, што выпускнікі будуць кансультаваць людзей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі
Мы ў adu.place натхніліся гэтай навіной і пагутарылі з HR-спецыялісткай Валерыяй Рудакоўскай, якае мае шасцігадовы досвед. Яна параіла сёлеташнім абітурыентам, на якія сферы варта звярнуць увагу, абапіраючыся на даныя rabota.by. Калі ты паступаеш у 2024 годзе, звярні ўвагу на наступныя сферы, праз некалькі гадоў у іх дакладна спатрэбяцца эксперты!
- Рабочы персанал. Напрыклад, гэта прадаўцы, афіцыянты, будаўнікі, кіроўцы. Праз некалькі гадоў смела можна ісці працаваць у гэтую сферу з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй альбо нават зусім без яе. На такія месцы часта бяруць нават без досведу, таму займець практыку можаш нават падчас студэнцтва! Гэта дапаможа набыць карысныя навыкі.
- Будаўніцтва і нерухомасць. У гэтую сферу будуць запатрабаваныя ўсе прафесіі — пачынаючы ад працаўнікоў, заканчваючы архітэктарамі і праектыроўшчыкамі. Асабліва цэняць тут людзей, якія ўмеюць абыходзіцца з адмысловымі праграмамі. Тут таксама заўсёды шукаюць добрых спецыялістаў па продажы.
- Транспарт і лагістыка. Тут будуць чакаць людзей, якія арыентуюцца ў лагістыцы як унутры краіны, так і па-за межамі.
- Вытворчасць. У гэтай сферы праз некалькі гадоў хутчэй за ўсё будзе шмат запытаў на любыя прафесіі, дзе штосьці вырабляюць. Напрыклад, на фабрыкі ці заводы, швейныя прадпрыемствы. Смела вучыся як працоўным, так і кіраўнічым спецыяльнасцям.
- Продажы. Не пужайся, гэта не пра «халодныя званкі», якія ўсім надакучылі. Цяпер граматныя прадажнікі мусяць разумець псіхалогію і правільна даносіць інфармацыю, а таму — шмат працаваць з патрэбамі аўдыторыі, аналізаваць іх і прыўносіць у жыццё чалавека штосьці лепшае.
Парады ад HR-спецыялісткі Валерыі Рудакоўскай наконт кар’еры
Парада першая. Укладвацца ў самаадукацыю
Чым больш у свой час студэнты ўкладуцца ў адукацыю, тым больш магчымасцяў у іх будзе. Каля 34% людзей, якія шукаюць працу, не маюць досведу, і каб вылучыцца сярод іх, асабліва студэнтцву патрэбныя навыкі. Да таго ж, працадаўца цэніць гэты скіл і гатовы ўкладацца ў навучанне, калі бачыць, што яно спрыяе прафесіяналізму. Галоўнае тут — не вучыцца дзеля вучобы, а адразу прымяняць веды ў практыцы. Як на ўроках працы ў школе: выразалі сняжынку — упрыгожылі ёй клас.
Парада два. І ў фармальную адукацыю — таксама
Фармальная адукацыя ўсё ж застаецца важнай, нават калі вучоба ва ўніверсітэце адчуваецца сумнай — яна патрэбная. Нават за такімі моднымі і знешне простымі прафесіямі, як SMM-маркетолаг, хаваецца шмат аналітычнай працы са статыстыкай і лічбамі.
Парада тры. Паглыбляйся ў працу
Цяпер імкліва развіваецца штучны інтэлект, які заменіць шмат якія прафесіі, дзе патрабуюцца прастыя аперацыі. Напрыклад, касы самаабслугоўвання відавочна выціснуць з рынку касіраў. Аднак ШІ ніколі не выцісне з рынку прафесіі, дзе трэба глыбока паглыбляцца ў праблему, генараваць ідэі і прапаноўваць новыя рашэнні. Таму ў сабе варта таксама развіваць такія софт-скілз.
Парада чатыры. Падумай, да чаго ляжыць сэрца
Людзі часта выбіраюць прафесію сыходзячы з грошай ці прэстыжу, а не з уласных жаданняў: праз гэта шмат людзей выгараюць. Таму варта вызначыцца: чаго ты менавіта хочаш? Працаваць з людзьмі? А як? Калі камунікаваць з людзьмі, то якім чынам і дзе? Калі быць карысным грамадству, то праз што? Ад адказаў на такія пытанні ўжо можна адштурхвацца і станавіцца прафесіяналам — поспеха можна дамагчыся ў любой сферы. Галоўнае — асэнсоўваць, што калі ты выбіраеш працу, да якой ёсць ахвота, будзе і імпэт у ёй удасканальвацца.
Парада пяць. Не забывайся на софт-скілы
Цяпер яны сапраўды вельмі важныя. У любой сферы карысна быць здольным навучацца, быць камунікабельным і данасіць свае думкі. Вядома, знакаміты баланс паміж працай і жыццём важны. Але хацелася б нагадаць, што гэта не пра вольны графік цягам працоўнага дня, калі людзі няспешна п’юць каву і спазняюцца на працу. Хочацца расчараваць: гэта пра канцэнтрацыю цягам усяго 8-гадзіннага працоўнага дня, пасля якога ты можаш адпусціць працу і забыцца на яе. Гэта самадысцыпліна і разуменне, што працадаўца не будзе плаціць проста так: ён будзе плаціць за выкананыя задачы. Часам працадаўца нават не патрабуе 8-гадзінны працоўны дзень: ён патрабуе выкананыя працоўныя задачы. Таму важна самадысцыпліна і ўменне самаарганізавацца.
Крыніцы, якія Валерыя параіла, каб больш зразумець пра кар’еру і працу:
- Прафарыентолаг. Спецыялісты могуць дапамагчы больш дакладна зразумець свой кірунак для развіцця.
- rabota.by. Там можна знайсці шмат статыстыкі і матэрыялаў пра працу агулам, заробкі і ўсе актуальныя навіны.
- Кніжка Максіма Батырова «45 татуіровак асобы». Калі хочацца пачытаць пра менеджарскія лайфхакі, якія дапамогуць лепш арганізаваць працоўныя працэсы.
- Кніжка Майкла Уоткінса «Першыя 90 дзён». Тут можна пачытаць, што рабіць у першыя тры месяцы адаптацыі на новым месцы працы.
- Кніжка Франчэска Чырыла «Метад Памідора. Кіраванне часам, натхненнем і канцэнтрацыяй». Напэўна, найлепшая кніжка, каб даць рады тайм-менеджмэнту.
- Максім Іляхаў і Людміла Сарычава. «Новыя правілы дзелавога ліставання». Яна дапаможа разабрацца з працоўнай камунікацыяй.
Ліка Юр’ева