Разбіраемся з HR-спецыялісткай, якія сферы будуць у топе ў будучыні

У БДУ у 2024 годзе плануюць абвесціць набор новыя спецыяльнасці. На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі адкроецца «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць» — выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю «Географ. Выкладчык. Перакладчык». На факультэце міжнародных адносін адкрываюцца спецыяльнасці «міжнародная канфлікталогія» і «міжнародная лагістыка»: аналагаў гэтых спецыяльнасцей няма ў іншых ВНУ. На факультэце філасофіі і сацыяльных навук чакаюць абітурыентаў на спецыяльнасць «сацыяльная работа і кансультаванне». Плануецца, што выпускнікі будуць кансультаваць людзей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі

Мы ў adu.place натхніліся гэтай навіной і пагутарылі з HR-спецыялісткай Валерыяй Рудакоўскай, якае мае шасцігадовы досвед. Яна параіла сёлеташнім абітурыентам, на якія сферы варта звярнуць увагу, абапіраючыся на даныя rabota.by. Калі ты паступаеш у 2024 годзе, звярні ўвагу на наступныя сферы, праз некалькі гадоў у іх дакладна спатрэбяцца эксперты!

  1. Рабочы персанал. Напрыклад, гэта прадаўцы, афіцыянты, будаўнікі, кіроўцы. Праз некалькі гадоў смела можна ісці працаваць у гэтую сферу з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй альбо нават зусім без яе. На такія месцы часта бяруць нават без досведу, таму займець практыку можаш нават падчас студэнцтва! Гэта дапаможа набыць карысныя навыкі.
  2. Будаўніцтва і нерухомасць. У гэтую сферу будуць запатрабаваныя ўсе прафесіі — пачынаючы ад працаўнікоў, заканчваючы архітэктарамі і праектыроўшчыкамі. Асабліва цэняць тут людзей, якія ўмеюць абыходзіцца з адмысловымі праграмамі. Тут таксама заўсёды шукаюць добрых спецыялістаў па продажы. 
  3. Транспарт і лагістыка. Тут будуць чакаць людзей, якія арыентуюцца ў лагістыцы як унутры краіны, так і па-за межамі. 
  4. Вытворчасць. У гэтай сферы праз некалькі гадоў хутчэй за ўсё будзе шмат запытаў на любыя прафесіі, дзе штосьці вырабляюць. Напрыклад, на фабрыкі ці заводы, швейныя прадпрыемствы. Смела вучыся як працоўным, так і кіраўнічым спецыяльнасцям.
  5. Продажы. Не пужайся, гэта не пра «халодныя званкі», якія ўсім надакучылі. Цяпер граматныя прадажнікі мусяць разумець псіхалогію і правільна даносіць інфармацыю, а таму — шмат працаваць з патрэбамі аўдыторыі,  аналізаваць іх і прыўносіць у жыццё чалавека штосьці лепшае.

Парады ад  HR-спецыялісткі Валерыі Рудакоўскай наконт кар’еры

Парада першая. Укладвацца ў самаадукацыю

Чым больш у свой час студэнты ўкладуцца ў адукацыю, тым больш магчымасцяў у іх будзе. Каля 34% людзей, якія шукаюць працу, не маюць досведу, і каб вылучыцца сярод іх, асабліва студэнтцву патрэбныя навыкі. Да таго ж, працадаўца цэніць гэты скіл і гатовы ўкладацца ў навучанне, калі бачыць, што яно спрыяе прафесіяналізму. Галоўнае тут — не вучыцца дзеля вучобы, а адразу прымяняць веды ў практыцы. Як на ўроках працы ў школе: выразалі сняжынку — упрыгожылі ёй клас.

Парада два. І ў фармальную адукацыю — таксама

Фармальная адукацыя ўсё ж застаецца важнай, нават калі вучоба ва ўніверсітэце адчуваецца сумнай — яна патрэбная. Нават за такімі моднымі і знешне простымі прафесіямі, як SMM-маркетолаг, хаваецца шмат аналітычнай працы са статыстыкай і лічбамі.

Парада тры. Паглыбляйся ў працу

Цяпер імкліва развіваецца штучны інтэлект, які заменіць шмат якія прафесіі, дзе патрабуюцца прастыя аперацыі. Напрыклад, касы самаабслугоўвання відавочна выціснуць з рынку касіраў. Аднак ШІ ніколі не выцісне з рынку прафесіі, дзе трэба глыбока паглыбляцца ў праблему, генараваць ідэі і прапаноўваць новыя рашэнні. Таму ў сабе варта таксама развіваць такія софт-скілз.

Парада чатыры. Падумай, да чаго ляжыць сэрца

Людзі часта выбіраюць прафесію сыходзячы з грошай ці прэстыжу, а не з уласных жаданняў: праз гэта шмат людзей выгараюць. Таму варта вызначыцца: чаго ты менавіта хочаш? Працаваць з людзьмі? А як? Калі камунікаваць з людзьмі, то якім чынам і дзе? Калі быць карысным грамадству, то праз што? Ад адказаў на такія пытанні ўжо можна адштурхвацца і станавіцца прафесіяналам — поспеха можна дамагчыся ў любой сферы. Галоўнае — асэнсоўваць, што калі ты выбіраеш працу, да якой ёсць ахвота, будзе і імпэт у ёй удасканальвацца.

Парада пяць. Не забывайся на софт-скілы

Цяпер яны сапраўды вельмі важныя. У любой сферы карысна быць здольным навучацца, быць камунікабельным і данасіць свае думкі. Вядома, знакаміты баланс паміж працай і жыццём важны. Але хацелася б нагадаць, што гэта не пра вольны графік цягам працоўнага дня, калі людзі няспешна п’юць каву і спазняюцца на працу. Хочацца расчараваць: гэта пра канцэнтрацыю цягам усяго 8-гадзіннага працоўнага дня, пасля якога ты можаш адпусціць працу і забыцца на яе. Гэта самадысцыпліна і разуменне, што працадаўца не будзе плаціць проста так: ён будзе плаціць за выкананыя задачы. Часам працадаўца нават не патрабуе 8-гадзінны працоўны дзень: ён патрабуе выкананыя працоўныя задачы. Таму важна самадысцыпліна і ўменне самаарганізавацца.

Крыніцы, якія Валерыя параіла, каб больш зразумець пра кар’еру і працу:

  1. Прафарыентолаг. Спецыялісты могуць дапамагчы больш дакладна зразумець свой кірунак для развіцця.
  2. rabota.by. Там можна знайсці шмат статыстыкі і матэрыялаў пра працу агулам, заробкі і ўсе актуальныя навіны.
  3. Кніжка Максіма Батырова «45 татуіровак асобы». Калі хочацца пачытаць пра менеджарскія лайфхакі, якія дапамогуць лепш арганізаваць працоўныя працэсы.
  4. Кніжка Майкла Уоткінса «Першыя 90 дзён». Тут можна пачытаць, што рабіць у першыя тры месяцы адаптацыі на новым месцы працы. 
  5. Кніжка Франчэска Чырыла «Метад Памідора. Кіраванне часам, натхненнем і канцэнтрацыяй». Напэўна, найлепшая кніжка, каб даць рады тайм-менеджмэнту.
  6. Максім Іляхаў і Людміла Сарычава. «Новыя правілы дзелавога ліставання». Яна дапаможа разабрацца з працоўнай камунікацыяй.

Ліка Юр’ева