Чатыры парады ад амерыканцаў, як паступіць вучыцца ў ЗША

14 з 25 найбуйнешых спартовых стадыёнаў належаць футбольным камандам каледжаў ЗША. Гарвард валодае самай вялікай акадэмічнай бібліятэкай у свеце, маючы 15,8 мільёнаў тамоў кніжак. У амерыканскіх ВНУ навучаецца прыкладна 21 мільён чалавек, але толькі невялікі адсотак ад іх – замежныя студэнты і студэнткі.

Таму паступленне ў ЗША – гэта заўсёды пра канкурэнцыю. Каб перамагчы ў ёй, трэба быць моцна матываваным і гатовым да марафона. Adu.place схадзіў на Дзень амерыканскай адукацыі, які ладзіла арганізацыя “EducationUSA”, каб дапамагчы табе яго адолець. Мы сфармулявалі чатыры парады ад выпускнікоў і выпускніц амерыканскіх ВНУ, якія прысутнічалі на сустрэчы, як стаць студэнтам ці студэнткай ЗША. Трымай погляд знутры! 

Засяродзіцца на вучобе

Шмат якія каледжы глядзяць на сярэдні бал вучняў і вучаніц. Асабліва гэта тычыцца спецыяльнасцяў, звязаных з навукай, тэхнікай, матэматыкай. Таксама гэта актуальна для ВНУ, у якія складана паступіць — напрыклад, MIT. Таму каб павялічыць свае шанцы залічэння, варта засяродзіцца на вучобе, каб мець добры сярэдні бал атэстату і іспытаў, калі яны патрэбныя.

Замежнікам і замежніцам варта добра ведаць англійскую мову, таму што амаль заўсёды ВНУ патрабуюць вынікі моўных іспытаў, таму на яе таксама давядзецца падналегчы. Калі казаць пра магістратуру, часта на тэхнічныя спецыяльнасці трэба здаваць складаны іспыт GRE.

Вылучыцца сярод іншых

Аднак вучоба — толькі адзін пазл у гэтай карцінцы. Прыёмныя камісіі ў ЗША глядзяць і на іншыя бакі жыцця абітурыентаў і абітурыентак, каб бачыць, як яны вылучаюцца сярод іншых. Ёсць ВНУ, якія зацікаўленыя ў маркетынгу свайго брэнду, і адзін з метадаў для іх — пабудаваць яго з дапамогай лепшых з лепшых навучэнцаў і навучэнак. Праз гэта яны глядзяць на цябе ў доўгатэрміновай перспектыве: што ты можаш прынесці ўстанове? Таму важна паказаць сябе разнастайнай асобай, якая не толькі вучыцца 24/7, а валодае шэрагам іншых здольнасцяў і кампетэнцый.

Канкураваць са студэнтамі і студэнткамі з Кітая, Індыі і Паўднёвай Карэі становіцца ўсё цяжэй, бо яны амаль ідэальная абітура. Табе трэба вылучыць сваю заяву сярод тысячы іншых. Але прыёмнай камісіі важна не проста, што ты цудоўна танчыш шчабятуху — яна хоча бачыць тваю тактыку. Як ты будуеш сваю дзейнасць, на якія акцэнты звяртаеш увагу, чаму абіраеш менавіта такое спалучэнне актыўнасцей, чаму хочаш быць залучаны ў такую дзейнасць? 

Яшчэ не згубілі матывацыю? Каб крыху адпачнуць, паглядзіце невялікае відэа, у якім студэнт Гарварду паказвае адзін свой дзень.

Выкарыстаць свой досвед

ЗША — краіна, дзе вельмі каштоўны асабісты досвед. Таму падумай, як ты можаш выкарыстаць свой. Пашукай, што ў ім можа быць унікальнага: магчыма, ты ўдзельнічаў у гістарычных падзеях? Альбо ў тваёй сям’і ёсць гісторыя, якая склала тваю ідэнтычнасць? Альбо ты перажываеш цікавы досвед, які прама цяпер стварае цябе як асобу, дапамагае бачыць свет па-новаму?

Магчыма, на гэты конт нават варта параіцца з кімсьці, бо мы не заўсёды можам цаніць сваю індывідуальнасць ці наогул разумець, што яна можа быць каштоўнай. Напрыклад, ты можаш быць нават прадстаўніком ці прадстаўніцай краіны з цікавай культурай, яе носьбітам — і менавіта гэта зачэпіць камісію.

Аформіць усё гэта ў эсэ

Усю акадэмічную паспяховасць, актыўнасці і ўласны досвед варта ладна апісаць у эсэ. Звычайна ў амерыканскія ВНУ патрабуюць адзін “цэнтральны” тэкст, які ідзе ва ўсе ўстановы, і шэраг “індывідуальных”, якія патрабуе кожны ўнівер для сябе. Таму ў цябе будзе, дзе разгуляцца. Эсэ — гэта каштоўная магчымасць распавесці сваю гісторыю. Пажадана, каб гэта былі не проста факты: я раблю прыкладанне, я граю ў школьным аркестры, я гуляю ў футбол, я збіраю LEGO. Важна, каб гэта была асабістая гісторыя, брэнд.

Беларуска Ганна Сямёнава, якая сёлета паступіла ў Стэнфард, казала пра гэта так:

— Таму трэба рабіць асабісты брэнд яшчэ задоўга да паступлення, займацца тым, што табе і праўда цікава. І ўжо потым пісаць заяўку, раздзяліўшы яе па сферах, дзе кожная частка будзе падкрэсліваць твой брэнд і раскрываць яго. Памятай, што калі ўніверсітэт гатовы даваць табе 350 тысяч даляраў за навучанне, то нечага чакае і ад цябе: ва ўсім, што чытаюць універы, яны мусяць пабачыць карысць ад чалавека.


Ліка Юр’ева