Мы ў adu.place вырашылі не адставаць ад часу і чэкнуць, дзе вядомыя беларусы і беларускі вучыліся ў 21 год.
Разброс вялікі: ад беларускіх да замежных універаў, ад курсаў — да ВНУ. Каго ледзь не адлічылі праз залішнюю прагу да бібліятэкаў? Хто выйшла замуж фіктыўна, каб паступіць? Каму было не шкада выдаткаваць ажно дзве стыпендыі на кніжкі? Хто праваліўся на ўступных іспытах? Чытайма пра гэта ў матэрыяле!
Францыск Скарына
Дакладны год нараджэння беларускага першадрукара невядомы. Аднак прыкладна ў 21 год Францыск Скарына навучаўся ў Кракаўскім універсітэце, куды паступіў у 1504 годзе. Там ён атрымліваў ступень бакалаўра на факультэце вольных мастацтваў або філасофіі. Гэта было не так і проста! Ступень атрымлівалі толькі 23,7% студэнтаў і студэнтак! А каб паступіць на адзін з факультэтаў, абітурыент павінен быў прайсці навучанне на факультэце вольных мастацтваў. Спачатку шкаляр вывучаў цыкл «трывіум» (граматыка, рыторыка і логіка), потым «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка).
Францішак Багушэвіч
Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры ў 21 год толькі-толькі атрымаў пачатковую адукацыю: закончыў Віленскую гімназію (скончыў у 1861 годзе). Яму было цікава вывучаць славянскія мовы, матэматыку і заканадаўства. Ужо тады ён захапляўся гісторыяй і культурай краю, таму меў камунікацыю з музеем старажытнасцей у Вільні. Праз некалькі год Францішак перадасць туды некалькі краязнаўча-археалагічных прадметаў. У 21 год юнак таксама паступіў ў Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз два месяцы яго выключылі за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.
Марк Шагал
Вядомы беларускі мастак у 21 год у 1907-ым працягваў мастацкую адукацыю ў Санкт-Пецярбурзе. Спачатку ён хацеў паступіць у адзіную ў Расейскай імперыі Акадэмію мастацтваў, але праваліўся на іспыце. Таму пайшоў вучыўся ў рысавальную школу пры Таварыстве заахвочвання мастацтваў, куды яго прынялі адразу на трэці курс, а таксама ў прыватнай школе. Яму таксама прызначылі стыпендыю. Толькі праз два гады Шагал з’едзе ў Парыж, дзе пачнецца зусім іншы этап ягонай творчасці.
Зоська Верас
У 21 год беларуская пісьменніца і грамадская дзяячка Зоська Верас ужо мела нядрэнную адукацыю. Яна закончыла прыватнае гандлёвае вучылішча ў Кіеве і прыватную гімназію Баркоўскай у Гродне. Якраз у 21-гадовым узросце ў 1913 годзе яна навучалася на 10-месячных садоўніцка-агародніцка-пчалярскіх курсах. Вядома, што цікавасць батанікай потым прыдасца ёй: яна склала «Беларуска-польска-расейскі-лацінскі батанічны слоўнік», нават Караткевіч раіўся з ёй наконт пэўных тэрмінаў у сваіх творах.
Уладзімір Караткевіч
А вось сам Уладзімір Караткевіч у 1951 годзе, калі яму быў 21 год, вучыўся на рускім аддзяленні філфаку Кіеўскага дзяржаўным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі. Кажуць, малады пісьменнік выяўляў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў: чытаў класікаў сусветнай, беларускай, польскай, украінскай і рускай літаратуры, цікавіўся гісторыяй. У той жа час складаў вершы на рускай і беларускай мовах, спрабаваў пісаць на ўкраінскай і польскай. А таксама — друкаваў вершы ў аршанскай раённай газеце. Апроч гэтага, аднакурснікі ўзгадвалі, што Караткевіч-студэнт быў душой кампаніі, адзначалі ягоную мужнасць і прынцыповасць. Менавіта падчас студэнцтва ў Кіеўскім універсітэце ў Караткевіча з’явілася задума рамана «Каласы пад сярпом тваім». Замест таго, каб хадзіць на лекцыі, ён сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Некалькі разоў яго нават ледзь не выключылі за тое, што шмат часу бавіў там.
Браніслаў Эпімах-Шыпіла
21-гадовы культурны дзеяч скончыў Аляксандраўскую польскую гімназію з залатым медалём. За выдатную вучобу яго нават вызвалілі ад аплаты за навучанне. Падчас вучобы ён збіраў матэрыялы па беларускай гісторыі, этнаграфіі і літаратуры. У гэтым жа 1871 годзе — паступіў на адздзяленне клясычных моваў гісторыка-філалагічнага факультэту Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсітэту. У студэнцкія гады не толькі вучыўся, але і даваў прыватныя ўрокі, дапамагаючы грашыма матулі.
Барыс Кіт
Беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар ракетнай тэхнікі ў 21 год навучаўся на фізіка-матэматычным факультэце ў Віленскім універсітэце. Тады, у 1931 годзе, гэта была ўстанова імя Стэфана Баторыя. Пакуль вучыўся там, дарэчы, выкладаў матэматыку ў Віленскай беларускай гімназіі. З першых дзён навучання ён актыўна ўдзельнічаў ва ўніверсітэцкім жыцці, уступіў у студэнцкі саюз, наведваў сходы Таварыства беларускай школы. Там жа фізік вывучаў нямецкую мову.
Алаіза Пашкевіч
Беларуская паэтка і публіцыстка ў 21 год навучалася ў Віленскім прыватным сямікласным вучылішчы Прозаравай, куды ў 1884 годзе паступіла адразу ў чацвёрты клас. Жылося ў Вільні ёй няпроста. Бацькі прысылалі няшмат грошай, трэба было падразабляць дадатковымі лекцыямі і аднойчы Алаіза нават самлела ад голаду проста ў час урока. Плата за навуку была вельмі высокая — 100 рублёў на год, таму за вельмі старанную і добрую вучобу Алаізе прызначылі стыпендыю. Праз слабое здароўе яна была вымушаная зрабіць паўзу ў вучобе на пару гадоў, але потым вярнулася да адукацыі.
Ганна Тумаркін
Першая ў Еўропе жанчына-прафесарка філасофіі нарадзілася ў Дуброўне (цяпер — Віцебская вобласць) у 1875 годзе. Калі ёй было 20 гадоў, яна ўжо абараніла дысертацыю па параўнальным аналізе працаў Гэрдэра і Канта на філасофскім аддзяленні Бернскага ўніверсітэту ў Швейцарыі. Яшчэ праз пару гадоў яна стане выкладаць там філасофію. Сёння адна з вуліцаў побач з Бэрнскім універсітэтам носіць яе імя.
Уладзімір Конан
Знакаміты беларускі філосаф, крытык і культуролаг у 21 год навучаўся на гістфаку БДУ, які закончыў у 1959 годзе. Праз пару гадоў ён паступіць у аспірантуру Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук і пачне сваю навуковую кар’еру.
Ніл Гілевіч
Беларускі паэт і літаратуразнаўца ў 21 год вучыўся на філфаку БДУ, куды паступіў пасля заканчэння Мінскага педагагічнага вучылішча ў 1951 годзе. Менавіта там ён пачаў публікаваць свае вершы. Там жа ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай: Ніна Кавалёва была ягонай аднакурсніцай. Студэнтам Ніл Гілевіч шмат грошай выдаткоўваў на кніжкі. Аднойчы закупіўся ў букіністычным ажно на 530 рублёў — гэта адпавядала двум стыпендыям. «Цяпер у мяне — тры вялізныя тамы Байрана, з сотнямі ілюстрацый, у скураных вокладках. Выданне 1904 года», — пісаў ён у дзённіку.
Соф’я Кавалеўская
У першай ў свеце жанчыны-прафесаркі матэматыкі беларускага паходжання быў няпросты шлях у вучобе. У 21 год яна ўжо закончыла вывучаць матэматыку ў Гайдэльберзе і паехала ў Берлін браць прыватныя ўрокі ў Карла Ваерштраса. Чаму так складана? У Берлінскі ўніверсітэт у 1847 годзе не дапускалі жанчын! Некалькі год Соф’я працавала над працамі, потым іх прадставіў Ваерштрас — і Гётынгенскі ўніверсітэт завочна прысудзіў ёй ступень доктаркі філасофіі. Наогул, каб паступіць ва ўніверсітэт, Кавалеўская пабралася фіктыўным шлюбам: тады ў Расійскую імперыі жанчын не бралі ва ўніверсітэты, а ў замежныя патрабаваўся від на жыхарства, якія давалі толькі замужнім.
Стэфанія Станюта
У 21 год знакамітая беларуская актрыса закончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве. У 1926 годзе яна дзейнічала ў статусе вышэйшай навучальнай установе. Маладых беларусаў вучылі рэжысёры МХАТа, беларускую мову выкладаў паэт і прадстаўнік БССР у Маскве Уладзімір Дубоўка. «Вучоба пачыналася зранку, доўжылася днём, увечары мы ішлі на лекцыі, а потым вярталіся да сябе і ўвальваліся яшчэ ў глядзельную залу «Арса» на апошні сеанс. Так што з раніцы да ночы і жылі адно мастацтвам». Стэфанія ўспамінала і тракцір «Мосгіко», з якога навучэнцы беларускай студыі не выходзілі, не заставіўшы падваконне пустымі піўнымі бутэлькамі.
Ліка Юр’ева