Канспект лекцый: расказваем, як ствараць топавыя медыяпраекты

Заканспектавалі для цябе галоўнае, што пачулі падчас анлайн-інтэнсіва Цэнтра новых ідэй, як ствараць медыяпраекты. Выступалі спецыяліст па камунікацыях Герман Вярцінскі, менеджарка па глабальных камунікацыях Дар’я Кракавяк і рэдактарка медыяпраектаў Аня Пярова. Захоўвай і запамінай!

Навошта ствараць медыяпраект і як выбраць платформу

Пачні з таго, каб адказаць на два пытанні: якую патрэбу ты хочаш задаволіць прадуктам і якіх зменаў у паводзінах хочаш дамагчыся? Магчыма, табе дастаткова, каб людзі падпісаліся на акаўнт ды чыталі публікацыі. Але мэта можа быць і маштабней — напрыклад, папулярызаваць карыстанне роварамі ў Менску.

Запусціць праект можна на адной платформе, але для росту трэба будзе камбінаваць яе і з іншымі. Каб выбраць першую сацсетку, пранаалізуй тры рэчы: 

— Дзе сядзіць твая мэтавая аўдыторыя і які кантэнт яна спажывае?

— Які фармат кантэнту ты плануеш і якой платформе ён лепш пасуе?

— Якія ў цябе ёсць рэсурсы? Ці хапае часу, каб ствараць грунтоўны кантэнт?


Чытай іншыя канспекты:


Інструкцыя па запуску медыяпраекта

Крок першы: крытычна ацаніць ідэю. Памятай, што тваю зацікаўленасць у спецыялізаванай тэме неабавязкова падзяляюць усе навокал. Выбяры мэтавую аўдыторыю (не занадта абмежаваную, бо тады не будзе прасторы для росту) і абмяркуй з ёй ідэю. Прааналізуй, ці ёсць праекты, якія ўжо задавальняюць яе патрэбы, — лепш не рабіць тое, што ўжо існуе.

Крок другі: знайсці фінансаванне ці яго патэнцыйныя крыніцы. Распаўсюджаная памылка — лічыць, што нейкі час можна працаваць на сябе і без грошаў. Пачні з фондаў, а калі з імі не атрымліваецца, то падумай пра далучэнне да больш вялікага праекта з неабходнымі рэсурсамі. І плануй рэкламу ў будучыні, калі набярэш нейкую аўдыторыю.

Крок трэці: падрыхтаваць план. Не трэба спадзявацца, што разбярэшся «у працэсе». Прыдумай тэмы для першых дзесяці допісаў / відэа, а лепей — для 20-30. Не рабі кожны пост адразу пра ўсё — бяры адну вузкую падтэму і раскрывай яе. Таксама карысна будзе паглядзець на папулярнасць запытаў па тваёй тэме ў Google ды што пра гэта пішуць папулярныя медыя. Гэта дапаможа зразумець, што цікавіць аўдыторыю.

Крок чацвёрты: падрыхтавацца да запуску. Каб пра твой праект даведаліся, інфы толькі ў асабістых сацсетках і чатах з блізкімі будзе недастаткова. Звярніся да знаёмых медыяў ды інфлюэнсераў, калі фармат дазваляе гасцей — запрашай зорак, расказвай пра сваё медыя паўсюль, дзе можна.

Крок пяты: запусціць праект. Галоўнае — размеркаваць энэргію і падрыхтавацца да марафону. Медыяпраект — гэта доўгі працэс без фінальнай кропкі. Памятай, што ў цябе будуць памылкі, але гэта нармальна!

Як ствараць віральны кантэнт

Віральны кантэнт павінен выклікаць эмоцыі і быць карысным для аўдыторыі. Каб трапіць у алгарытмы сацсетак, адсочвай трэнды (напрыклад, папулярнае аўдыё для відэа ў TikTok), карыстайся новымі інструментамі, правакуй на актыўнасць (каментары, рэпосты, захаванні). І памятай — гумар заходзіць лепш за ўсё.

Пра Instagram памятай, што людзі заходзяць у яго, каб адпачыць і атрымаць асалоду. Варта публікаваць і пасты, і сторыс, але ў ідэале там павінны быць розныя тыпы кантэнту. Размаўляй на зразумелай аўдыторыі мове і перанасі тэкст на візуалы — так яго лепей чытаюць. Вылучай больш рэсурсаў на першую ілюстрацыю, бо яна павінна адразу прыцягваць увагу да публікацыі. Калі магчыма, стварай рылсы — сацсетка іх любіць і прасоўвае. 

Статыстыка і парады па кантэнту для Instagram — вось тут. А па гэтай спасылцы аналагічнае, але пра TikTok.

Цікавіць тэма медыя? Падпісвайся на нашыя сацсеткі (Telegram, Instagram), каб не прапусціць, калі з’явіцца магчымасць па тэме. І паглядвай на наш каталог магчымасцяў, мы яго рэгулярна абнаўляем.