Расказваем, як сусветныя ўніверсітэты ўкараняюць магію ў навучальныя праграмы

Хоць Хогвартс застаецца толькі марай для многіх, у шэрагу ўніверсітэтаў вы ўсё ж можаце пагрузіцца ў свет загадак і вывучыць займальную гісторыю магіі.

Канада

У пачатку 2018 года ў інтэрнэце з’явілася цікавая навіна: Карлтонскі ўніверсітэт у Атаве паведаміў аб стварэнні новай кафедры, прысвечанай даследаванню магіі і вядзьмарства, і пачаў пошук кіраўніка для гэтай праграмы. Новы напрамак планавалі назваць у гонар вядомага канадскага прадпрымальніка і аматара фокусаў Алана Слейта, чые два мільёны канадскіх долараў, перададзеныя ўніверсітэту яго фондам, дазволілі рэалізаваць гэты праект.

У апісанні вакансіі гаварылася, што будучаму загадчыку трэба будзе распрацаваць унікальную акадэмічную праграму, накіраваную на міждысцыплінарнае вывучэнне магіі. Аднак фармулёўкі былі настолькі расплывістымі, што засталося незразумелым, пра якія менавіта аспекты магіі ішла гаворка.

У англамоўным свеце слова “магія” можа азначаць як фокусы і ілюзіі, так і больш загадкавыя з’явы, невытлумачальныя з пункту гледжання навукі. Часам гэта таксама ўключае даследаванне паранармальных з’яў, фальклору і народных вераванняў. Кіраўніцтва ўніверсітэта тлумачыла, што адной з тэм кафедры стануць даследаванні міфаў.

Аднак чым скончылася гэтая ініцыятыва, застаецца загадкай. Магчыма, прыдатны кандыдат ці кандыдатка не былі знойдзеныя, а можа быць, чараўнікі не захацелі раскрываць свае сакрэты. Неўзабаве абвестка знікла, і на сайце ўніверсітэта больш не згадвалася пра гэтую кафедру.

Нарвегія

Пакуль у Канадзе толькі абмяркоўваюць магчымасць стварэння кафедры магічных навук, у Нарвегіі гэтая дысцыпліна ўжо даўно стала часткай акадэмічнай праграмы. Ва Універсітэце Осла, найбуйнейшай і найстарэйшай ВНУ краіны, на працягу больш за 15 гадоў існуе курс пад назвай «Чараўніцтва і магія».

Студэнты і студэнткі на гэтым курсе вывучаюць гісторыю магіі, надаючы асаблівую ўвагу перыяду палявання на ведзьмаў, а таксама даследуюць розныя тэорыі і падыходы да магічных практыкаў, іх развіццё і ўспрыманне ў навуковых колах.

Вялікабрытанія

У верасні 2024 года ў Эксетэраўскім універсітэце запускаецца магістарская праграма пад назвай “Магія і акультныя навукі”. Гэтая праграма аб’ядноўвае мноства дысцыплін, такіх як гісторыя, літаратура, сацыялогія і псіхалогія.

Студэнты і студэнткі будуць даследаваць, як чараўніцтва трактуецца ў старажытных рэлігійных тэкстах, як з часам змяняліся ўяўленні людзей аб свеце і якім чынам гэтыя ідэі працягваюць уплываць на сучасны светапогляд. Адной з ключавых мэт праграмы з’яўляецца разбурэнне распаўсюджаных стэрэатыпаў.

Навучэнцаў чакае шырокая праграма, якая ўключае вывучэнне міфаў і легенд як у заходніх, так і ўсходніх традыцыях, удзел у археалагічных экспедыцыях і практычная праца з універсітэцкім Цэнтрам па магічных і акультных даследаваннях.

Шатландыя

Яшчэ адна аўтарытэтная навучальная ўстанова, Эдынбургскі ўніверсітэт, прапануе курсы па парапсіхалогіі. Ва ўніверсітэце існуе кафедра парапсіхалогіі імя Артура Кёстлера, якая была заснавана ў 1985 годзе на факультэце псіхалогіі. Тут выкладаюцца дысцыпліны, звязаныя з парапсіхалогіяй, і вядуцца даследаванні анамальных з’яў і здольнасцяў, якія не паддаюцца традыцыйным навуковым тлумачэнням і часта лічацца магічнымі.

Цікавым аспектам дзейнасці кафедры з’яўляецца выяўленне ашуканцаў, якія сцвярджаюць, што валодаюць экстрасэнсорнымі або магічнымі здольнасцямі, але не могуць іх даказаць.

ЗША

Некалькі гадоў таму ў Гарвардскім універсітэце выкладаўся курс, прысвечаны выкрыццю магіі. Праграма называлася “Ашуканцы, нейрабіялогія і магія: як свет ілюзій можа дапамагчы нашаму разуменню чалавечага ўспрымання” і была распрацавана вучонай Адай Калішэўскай, спецыялісткай па арганічнай і эвалюцыйнай біялогіі.

У рамках курса Калішэўска тлумачыла сувязь паміж навукай і магіяй, якую дэманструюць ілюзіяністы. Як працуюць іх трукі і чаму наш мозг лёгка паддаецца падману? Згодна з курсам, любыя ілюзіі можна растлумачыць з навуковага пункту гледжання, няхай гэта будзе фізіка, хімія, біялогія або іншыя дысцыпліны.

Ада Калішэўска на сваім асабістым сайце расказвае, што магія была яе захапленнем на працягу многіх гадоў. Калі спачатку яе цікавілі толькі тэхнічныя прыёмы, то з часам яна ўсё больш засяроджвалася на неўралогіі і псіхалогіі, якія дапамагаюць зразумець, чаму людзі ўспрымаюць магію менавіта так.

Варта адзначыць, што Гарвард даўно мае цікавасць да магіі. Вядома, што ва ўніверсітэце існаваў клуб пад назвай “Гарвардская магічная супольнасць”, які быў прадметам артыкулаў у The Harvard Crimson. Журналісты адзначалі, што патрапіць у гэты клуб было не так проста, а яго сябры займаліся вывучэннем і практыкай старажытнага мастацтва магіі.

У 2020 годзе ў Гарвардзе быў заснаваны новы клуб — “Таварыства Гарвардскіх студэнтаў-чараўнікоў”. Ужо ў лютым 2021 года яго ўдзельнікі і ўдзельніцы правялі сваё першае магічнае шоу. Праўда, з-за пандэміі ім прыйшлося дэманстраваць трукі праз Zoom, што не зусім чарадзейна.