5 парадаў adu.place куды паступаць, каб ведаць эканоміку і бізнес

Хочаш развівацца ў эканоміцы і бізнесе, але не ведаеш, дзе гэтаму вучыцца? Разам з экспертамі праграмы BISEB падабралі для цябе парады, калі стаіш на ростанях.

Варта разумець, што эканамічная спецыяльнасць прапаноўвае нашмат больш магчымасцяў, чым умоўная праца ў банках. Гэта спецыяльнасць, дзе можна навучыцца рабіць прагнозы, аналітычныя высновы пра перспектывы і напрамкі развіцця эканомікі, рынкаў асобных тавараў і паслугаў, рынку працы. Такія спецыялісты і спецыялісткі могуць працаваць у інвестыцыйных і кансалтынгавых кампаніях, брокерскіх арганізацыях на фондавых рынках і міжнародных біржах. 

  1. Беларусь

Класічная эканамічная адукацыя ў Беларусі найчасцей можа прывесці цябе на працу ў банк ці менэджарам на прадпрыемства, калі ж ты хочаш пашырыць свае магчымасці, можна паспрабаваць зайсці з нестандартнага боку.

Напрыклад, канкурэнтаздольнымі ў эканоміцы вас змогуць зрабіць веды ў дакладных навуках. Звярні ўвагу на матэматычныя факультэты, прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці БДУ, БДУІР і БНТУ. Яны могуць даць патрэбную падрыхтоўку, каб потым на яе можна было накласці магістратуру ці PhD.

Дарэчы, калі для бакалаўрыята замяжой мала стыпендый, то для наступных ступеняў адукацыі існуе шмат бясплатных магчымасцяў. 

  1. ЗША

Калі ты абіраеш вучобу замяжой, у цябе ёсць два магчымыя кірункі: Еўропа ці ЗША. Так апынулася, што найлепшыя ўніверсітэты па эканоміцы засяроджаныя ў ЗША, таму калі пытанне фінансаў для цябе не стаіць востра — лепш адразу адпраўляйся туды.

Там зусім іншыя падыходы да эканомікі, якія дадуць табе добрую базу. І хаця сістэма паступлення будзе прыкладна аднолькавая, сама заяўка хутчэй за ўсё будзе каштаваць каля 100 долараў, таму падацца паўсюль наўрад ці магчыма — улічвай гэта пры планаванні.

  1. Еўропа

Калі фінансавыя магчымасці абмежаваныя, можна спыніцца на ўніверсітэтах Еўропы, дзе ёсць якасныя прапановы не толькі адукацыі, але і стыпендый. Падача дакументаў у розных краінах адрозніваецца, трэба будзе правяраць кожную краіну і ўніверсітэт асобна.

Каб абраць універсітэт, можна паглядзець на рэйтынгі, якія маюць класічныя акрэдытацыі: AACSB, EFMD, яны акрэдытуюць бізнес-школы і эканамічныя факультэты. Бліжэй да дома якасную адукацыю даюць Стакгольмская школа эканомікі ў Рызе, ISET у Грузіі. Гэта класічныя ўніверсітэты, якія адаптаваліся да сучаснасці. 

Сярод еўрапейскіх моцныя эканамічныя факультэты ў Іспаніі, бо ў 80-90-я годы там стваралі эканамічную адукацыю з нуля. Гэта, напрыклад, барселонская школа Пампеу Фабра, Мадрыдскі ўніверсітэт Карласа Трэцяга.

Больш традыцыйны варыянт — англійскія ўніверсітэты: Оксфард, Кембрыдж, Стакгольмская школа эканомікі, усе яны топавыя і маюць адукацыю з гісторыяй.

Калі патрэбная стыпендыя на бакалаўрскія праграмы, можна ісці ва ўніверсітэты, якія ў трэцяй і чацвёртай дзясятцы ў рэйтынгу. Яны дасягнулі блізкага ўзроўню да топавых: гэта танней, больш даступна, магчымыя стыпендыі. Тут можна разважаць пра Польшчу ці Чэхію — напрыклад, Варшаўскую вышэйшую школу гандлёву, якая арыентуюцца на амерыканскія стандарты.

  1. Самаадукацыя

Калі няма магчымасці паступіць замяжу, а беларускай адукацыі табе мала, можна знаходзіць падручнікі на англійскай мове, а таксама шукаць анлайн-курсы. У сеціве можна знайсці нават бясплатныя лекцыі ад вядучых эканамістаў Гарварда і Еля.

Каб увайсці ў эканоміку самастойна, дасяжны бясплатны курс “Core econ economics”, дзе тлумачацца яе асноўныя прынцыпы.  

  1. Праграма BISEB

Бакалаўрская праграма “Бізнес-эканоміка” з тэрмінам навучання 3.5 года сумяшчае кампетэнцыі, якія культывуе liberal arts адукацыя, і глыбокае вывучэнне прадметнай галінаў – эканомікі і бізнесу.

Распрацоўшчыкі праграмы кажуць аб тым, што яна будзе забяспечваць самыя высокія стандарты адукацыі па сусветных мерках. У ёй будуць актыўна выкарыстоўвацца самыя сучасныя падыходы і практыкі. Студэнтаў паглыбяць у міжнароднае асяроддзе, адукацыя будзе спалучацца з даследаваннямі — стварэннем кавалачка новых ведаў.

Студэнты і студэнткі будуць ужо ў перыяд вучобы мець магчымасць супрацоўнічаць з бізнесам і нават стварыць уласны стартап. Пры гэтым праграма пабудавана так, каб даць магчымасць студэнтам і студэнткам з Беларусі пераадоліць спецыфічныя бар’еры — напрыклад, візавыя і моўныя.  Мовамі навучання ў пачатку праграмы будуць руская і беларуская, а ў першы год студэнты будуць інтэнсіўна вывучаць англійскую мову. Гэта дазволіць забяспечыць паступовы пераход да паўнавартаснага выкладання на англійскай мове на другім годзе навучання.


А таксама пачытай гісторыю Дзяніса, які паступіў ў італьянскі Бакконі — адзін з найлепшых універсітэтаў, які спецыялізуецца на эканоміцы! 


Ліка Юр’ева