Немагчыма паверыць, але ўжо праз тыдзень лета! З гэтай нагоды сабралі для цябе найлепшыя прапановы з хуткімі дэдлайнамі, куды можна паехаць павучыцца летам, каб правясці яго з карысцю.
- Летняя школа ў Белградзе па эканоміцы і праву
Летняя школа па эканоміцы і праву пройдзе з 11 па 14 ліпеня ў Белградзе, Сербія. Прапануюць лекцыі ад выкладчыкаў і выкладчыц факультэта права мясцовага ўніверсітэта.
Праграма платная, але могуць даць стыпендыю двум кандыдатам ці кандыдаткам з бакалаўрыята і магістратуры.
Дэдлайн падачы: 25 траўня.
Падрабязнасці: тут.
- Міжнародная летняя школа ў Кітаі
Міжнародную летнюю школу “Глабальныя змены і экалагічнае здароўе” арганізуе Універсітэт Кітайскай акадэміі навук у Пекіне. Тут маладыя прадстаўнікі і прадстаўніцы навукі і студэнцтва могуць абмяняцца ведамі і ідэямі ў галіне экалогіі і навакольнага асяроддзя.
Школа пройдзе з 18 па 27 ліпеня і будзе ўключаць дзесяць дзён дыскусій і даследаванняў пад кіраўніцтвам вядучых экспертаў і экспертаў з Кітая і іншых краін. Ёсць стыпендыя, якая можа пакрыць расходы на дарогу, навучанне, страхоўку, пражыванне і харчаванне.
Дэдлайн падачы: 31 траўня.
Падрабязнасці: тут.
- Эксперыментальная дызайнерская школа
Шлях трапіць у гэтую школу крыху складаней. Дызайнерам і дызайнеркам трэба падацца спачатку на рэзідэнцыю Kortrijk 2024 у Бельгіі, а затым адабраныя ўдзельнікі і ўдзельніцы возьмуць удзел у мясцовай Living Summer School – праграме нефармальнай адукацыі, падчас якой будуць праводзіць міждысцыплінарныя эксперыменты ў адказ на сацыяльна-экалагічныя праблемы.
Арганізатараў і арганізатарак цікавіць, як “дробязі” уплываюць на ўстойлівую будучыню — гэта і будуць даследаваць.
Дэдлайн падачы: 24 траўня.
Падрабязнасці: тут.
- Эканамічная школа ў Барселоне
Летняя школа па эканоміцы ва Універсітэце Барселоне пазнаёміць з тэмамі беднасці і няроўнасці, каб вырашыць пытанне ліквідацыі галечы. Чакаюць пераважна людзей з магістратуры і дактарантуры, якія маюць досвед у статыстыцы і эканаметрыцы.
Будуць лабараторныя заняткі, працоўная мова — англійская. Ёсць магчымасць атрымаць стыпендыю за навучанне, але яна не пакрые пражыванне і транспартныя выдаткі.
Дэдлайн падачы: невядома.
Падрабязнасці: тут.
- Летняя школа ў БНТУ
Калі не хочацца нікуды ехаць, у Беларусі БНТУ праводзіць летнія школы, але яны платныя. Падчас яе можна атрымаць тэарэтычныя веды, наведаць лабараторыі і буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў Беларусі.
Таксама чакаюць майстар-клас па 3D-друку і лекцыя “Як пачаць свой бізнес у БНТУ”. Можна ўдзельнічаць нават замежным грамадзянам і грамадзянкам. Наконт стыпендый нічога не пазначана, але мяркуем, гэта можна ўдакладніць па кантактах.
Дэдлайн падачы: невядома.
Падрабязнасці: тут.