Мінуў ужо цэлы летні месяц, а што мы паспелі? Хіба не так шмат! Калі ты таксама не хочаш губляць час, сабралі для цябе шэраг магчымасцяў, якія дададуць сэнсу цёплым дзянькам.

Паслухаць выступы папулярызатараў навукі
Школа папулярызатараў навукі ладзіць выпускны, таму прапануе ўсім паслухаць 15-хвілінныя лекцыі сваіх выпускнікоў. У праграме — скарэнне Марсу, здаровае харчаванне, штучны інтэлект, экалогія планеты.
Калі: 6 ліпеня, а 15-й.
Дзе: Лідбір-двор (Мінск, вул. Кульман, ⅛)
Узяць удзел у летніку на возеры
Летнік “Круглае возера-2024” запрашае маладзёнаў ад 18 да 30 гадоў правесці 10 дзён у намётавым лагеры-семінары. Сёлеташняя тэма — асновы эфектыўнай камунікацыі, таму падчас летніка можна будзе ўзяць удзел у дыскусіях, ралевых гульнях, працы ў камандзе, сімуляцыях, форум-тэатры і іншым.
Калі і дзе: 3-13 жніўня, бераг аднаго з беларускіх азёраў.
Падрабязнасці: тут.
Натхніцца купалаўскімі мясцінамі
У Вязынцы традыцыйна святкуюць Дзень народзінаў Янкі Купалы. Будзе свята паэзіі, песні і народных рамёстваў. Можна будзе паслухаць вершы паэта, музычныя творы, натхнёныя ягонымі радкамі, а таксама набыць цікавосткі на кірмашы рамёстваў і кніжным кірмашы.
Калі: 6 ліпеня, пачатак а 12-й.
Дзе: Вязынка, музей Янкі Купалы (каб дабрацца туды, трэба сесці на цягнік “Мінск-Маладзечна” і выйсці на прыпынку “Вязынка” — далей будзеш бачыць, куды ідуць усе людзі — табе таксама туды!)
Паслухаць лекцыю пра кітайскае мастацтва
Нацыянальны мастацкі музей прапануе паслухаць лекцыю “Міфалагічныя вобразы Кітая ў мастацтве”. Пойдзе гаворка пра светапоглядныя канстанты Старажытнага Кітая, якія знайшлі сваё адлюстраванне не толькі ў грамадскім жыцці, але і ў міфалогіі. Будуць разбіраць асноўныя міфалагічныя выявы, іх вытокі і семантычнае значэнне на прыкладзе твораў мастацтва.
Чытаць лекцыю будзе Багдана Тупчыенка — малодшая навуковая супрацоўніца Мастацкага музея. Уваход — па квітку ў музей.
Дзе: галоўны корпус музея (Мінск, вул. Леніна, 20) у зале беларускага мастацтва ХІХ-ХХ стагоддзя.
Калі: 7 ліпеня, нядзеля, а 14-й.
Паспрабаваць ёгу
Калі хочацца запаволіцца і павучыцца асэнсаванасці, але таксама і паклапаціцца пра сваё цела, у Мінску запрашаюць пазнаёміцца з азамі ёгі. Абяцаюць, што будзе нескладана, без моцнай нагрузкі, але з любоўю да сябе. Уваход — free donation.
Калі і дзе: 8 ліпеня, а 12-й, Парк Перамогі
Падрабязнасці: пісаць у тэлеграм