Лепшыя ўніверсітэты ў Беларусі і не толькі для зорак спорту

У мінулую нядзелю адбылося закрыццё летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Нягледзячы на некаторыя праблемы, гэтыя два тыдні былі напоўнены сапраўднымі эмоцыямі і гісторыямі перамог.

Лёгкаатлетка Жульен Альфрэд, якая прынесла першы ў гісторыі залаты медаль Сент-Люсіі, Юсуф Дзікеч, які заняў другое месца ў стральбе без аніякага спецыяльнага экіпіравання і стаў галоўным мемам сацсетак — такія моманты заахвочваюць на асабістыя здзяйсненні. Мы вырашылі распавесці ўсім натхнёным сучасным і будучым зоркам, куды можна пайсці вучыцца, каб павязаць сваю прафесію з спортам.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры

БДУФК — адзіны беларускі профільны ўніверсітэт у сферы спорту, фізічнай культуры і турызму. У сярэднім у ВНУ штогод навучаюцца 5 тысяч студэнтак і студэнтаў, з якіх каля 500 уваходзяць у нацыянальныя і зборныя каманды Беларусі.

Ва ўніверсітэце чатыры факультэта: спартыўна-педагагічны факультэт спартыўных гульняў і адзінаборстваў, спартыўна-педагагічны факультэт масавых відаў спорту, факультэт аздараўленчай фізічнай культуры, факультэт менеджменту спорту, турызму і гасціннасці. Апроч гэтага дзейнічае Вышэйшая школа трэнераў.

Агулам, працэс паступлення падобны на іншыя беларускія ўніверсітэты. Галоўнае адрозненне — гэта неабходнасць здачы практычных іспытаў па фізічнай культуры і спорце ў адпаведнасці з нарматывамі (іх паглядзець можна тут). А вось каб стаць трэнерам ці трэнеркай, дадаткова неабходна мець хаця б трэці спартыўны разрад, званне майстра спорту ці іншыя спартовыя дасягненні. Па спасылцы — увесь спіс дакументаў і актуальная інфармацыя.

Дарэчы, батуціст Іван Літвіновіч, які выйграў залаты медаль, — выпускнік БДУФК, а батуцістка і срэбная прызёрка Віалета Бардзілоўская толькі скончыла другі курс універсітэта.

Топ-10 лепшых універсітэтаў свету для спартсменаў і спартсменак:

  1. Лафбарскі ўніверсітэт, Вялікабрытанія

Тры бакалаўрыяты — Спартыўныя і фізічныя навукі, Спартыўны менеджмент, Спарныўная навука, трэнерства і фізічная адукацыя, — а таксама 15 магістарскіх кірункаў даюць лепшую ў свеце адукацыю па навуках, звязаных з спортам. Да таго ж, усе студэнткі і студэнты могуць далучыцца да секцый па 63 відах спорту. На кампусе месціцца Цэнтр высокай эфектыўнасці брытанскага спартыўнага інстытута з першакласным абсталяваннем.

  1. Квінслэндскі ўніверсітэт, Аўстралія

Факультэт навук чалавечага руху і харчавання прапаноўвае бакалаўрскія, магістарскія і даследчыя праграмы ў спартыўных навуках, трэнерстве, спартыўнай псіхалогіі і іншых сферах. Універсітэт прапануе практычны досвед у прэстыжных арганізацыях накшталт Аўстралійскага рэгбійнага саюза.

  1. Універсітэт Брытанскай Калумбіі, Канада

Розныя факультэты ўніверсітэта канцэнтруюцца на вывучэнні руху чалавека і яго ўплыве на здароўе, біяфізічных і псіхалагічных аспектах, спартыўных навуках, харчаванні, здароўі і не толькі. ВНУ мае выключныя спартыўныя комплексы і практычныя дамовы з вядомымі арганізацыямі.

  1. Сіднэйскі ўніверсітэт, Аўстралія

Універсітэт дае адукацыю ў спартыўных і фізічных навуках і трэнерстве, практычныя веды ў партнёрстве з Аўстралійскім інстытутам спорту і Аўстралійскім алімпійскім камітэтам.

  1. Таронцкі ўніверсітэт, Канада

На факультэце кінезіялогіі і фізічнай адукацыі можна атрымаць ступень бакалаўра ці магістра ў кінезіялогіі. Адукацыя базіруецца на поглядзе на рух праз фізічныя культурныя, біяфізічныя і паводзінавыя лінзы, пераадольванні траўм і высокіх паказчыках у прафесійным спорце.

  1. Ліверпульскі ўніверсітэт імя Джона Мурса, Вялікабрытанія

Школа спартыўных і фізічных навук — гэта вядучая кафедра, якая праз інавацыйныя даследаванні і практыку дае сучасныя веды ў трэнерстве, харчаванні і фізічнай адукацыі.

  1. Бірмінгемскі ўніверсітэт, Вялікабрытанія

Універсітэт выдзяляецца сваёй адукацыяй у межах Школы спартыўных, фізічных і рэабілітацыйных навук. Там можна навучыцца спорту і здароўю на базе навукі, практычным фізкультуры і трэнерству, фізіятэрапіі і прыкладному менеджменту гольфа ў мультыдысцыплінарных бакалаўрскіх праграмах.

  1. Бацкі ўніверсітэт, Вялікабрытанія

Бакалаўрскія і магістарскія праграмы па спорце і спартыўных паказчыках, здароўі і фізічных навуках, спартыўным менеджменце і трэнерстве забяспечваюць якасныя веды ва ўплыве фізічнай актыўнасці, харчавання і ладу жыцця на грамадства.

  1. Мельбурнскі ўніверсітэт, Аўстралія

Універсітэт прапануе праграмы спартыўнай медыцыны і рэабілітацыі, фізіятэрапіі, спартыўных навук і трэнерства. Навучанне ўключае практычныя сесіі для прымянення вывучанай тэорыі на практыцы.

  1. Мічыганскі ўніверсітэт, США

У межах Школы кінезіялогіі можна абраць адукацыю ў прыкладных фізічных навуках, атлетычным трэнаванні, навуцы рухаў ці спартыўным менеджменце.

Усе гэтыя ўніверсітэты знаходзяцца ў англамоўных краінах, а гэта значыць, што для паступлення непазбежна спатрэбіцца сертыфікат на веданне мовы. Раней мы распавядалі пра беларуску Валерыю Амялюсік, якая самастойна падрыхтавалася і паспяхова здала TOEFL — у матэрыяле ты знойдзеш парады і гайд, як даць рады.

Ці абавязкова атрымліваць спартыўную адукацыю, каб прымаць удзел у міжнародных спаборніцтвах?

Канешне, не! Напрыклад, дзевяць студэнтаў і студэнтак Дэльфтскага тэхнічнага ўніверсітэта прадстаўлялі Нідэрланды ў баскетболе, хакеі, веславанні, парусным спорце і плаванні. Будучыя інжынеры, навукоўкі, біямедыцынскія дызайнеры і архітэктаркі прынеслі краіне тры залатыя і чатыры срэбныя медалі.

Універсітэт надае статус «элітнага атлета / элітнай атлеткі» тым, хто ўдзельнічае ў важных спартыўных мерапрыемствах, што дае магчымасць узяць менш прадметаў, вучыцца больш за закладзеную ў праграме колькасць гадоў ці здаваць экзамены пазней альбо аддалена. Падобная сістэма падтрымкі прафесійных спартсменаў і спартсменак існуе ў шматлікіх універсітэтах.