“Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў” запрашае ўсіх зацікаўленых на прэзентацыю адукацыйнай праграмы “Акадэмія студэнцкага лідарства“.
Дакладны час – 18 лютага а 18:00. Лакацыя – Галерэя Ў (праспект Незалежнасці, 37а, Мінск).
За 4 гады існавання праграмы гэта першая публічная прэзентацыя, дзе арганізатары гатовы распавесці пра папярэднія поспехі і запрасіць да ўдзелу ў праекце новых студэнтаў.
“Акадэмія” скіравана на выхаванне новай генерацыі студэнтаў, якія будуць актыўна прасоўваць дэмакратычныя каштоўнасці на лакальным узроўні (факультэт, універсітэт), удзельнічаць у працэсе павышэння ўплыву студэнтаў на прыняцце рашэнняў.
Навучанне адбываецца на трох факультэтах:
- правы студэнтаў;
- якасць адукацыі;
- студэнцкае самакіраванне.
У межах праграмы кожны ўдзельнік распрацоўвае і рэалізоўвае ўласную ініцыятыву ва ўніверсітэце: ад стварэння моўных курсаў для праграмістаў і адкрыцця новай сталовай да забеспячэння выканання законадаўчай нормы аб 25-адсоткавым студэнцкім прадстаўніцтве ў Саветах факультэтаў і ўніверсітэту.
На прэзентацыі выступяць арганізатары, куратары ўсіх факультэтаў і выпускнікі папярэдніх набораў.