Айці-валанцёры выходзяць на дапамогу грамадскім ініцыятывам

Каманда Лічбавай майстэрні запрашае ініцыятывы, арганізацыі, суполкі, якім неабходна палепшыць свае лічбавыя кампетэнцыі або інфраструктуру, сфармуляваць свае айці-патрэбы.

Майстэрня прапануе запоўніць нескладаную анкету, дзе неабходна пазначыць асноўныя моманты вашых задач.

Што далей?

Пасля атрымання вашай заяўкі каманда абірае найбольш цікавую для яе задачу і выконвае. Калі ёй не хапае сілаў на гэту задачу, яна шукае ў базе айці-валанцёра і прапаноўвае яму (ёй) гэтае заданне. 

Якія задачы прымаюцца ад некамерцыйных ініцыятыў:

  • стварыць або палепшыць сайт;
  • выправіць баг на сайце;
  • авалодаць пэўнымі прыладамі або вэб-сервісамі;
  • намаляваць дызайн сайта, афішу, плакат, лагатып і да т.п.;
  • перакласці анлайн-сервіс на беларускую мову.

Неабходна, каб вы дакладна сфармулявалі задачу. Чым дакладней фармулёўка, тым больш імавернасць знайсці па ёй дапамогу.

Чым яшчэ гатова дапамагчы каманда?

Калі вы адчуваеце айці-патрэбу, але не можаце аформіць яе зразумелымі для айцішніка словамі, яна дапаможа вам сфармуляваць задачу так, каб спецыялісты таксама ўцямілі. Пішыце найпрост сюды: falanster.by@gmail.com.

Чаму каманда пачала займацца гэтым?

“Мы верым, што айцішнікі могуць падтрымаць развіццё грамадскіх ініцыятыў, а ініцыятывы – зацікавіць айцішнікаў у гэтай справе. Узаемная супраца прынясе карысць абодвум бакам”.

Даведка

Лічбавая майстэрня – гэта ініцыятыва Фаланстэра, скіраваная дапамагчы грамадскім ініцыятывам знайсці сабе айці-валанцёра для вырашэння канкрэтных задач. Падрабязней чытайце тут.