Першая Жывая бібліятэка вясны будзе чакаць вас у кнігарні “Галіяфы” 26 сакавіка.
Вы гатовы ўпусціць вясну ў сваё сэрца і растапіць лёд стэрэатыпаў? Жывая бібліятэка – гэта метад разбурэння стэрэатыпаў і крыніца сумленных адказаў на хвалюючыя пытанні. Гэта менавіта тое месца, дзе ва ўтульнай абстаноўцы за кубкам гарбаты можна паразмаўляць з цікавымі людзьмі, адкрыць для сябе новае і часам атрымаць слушную параду.
Лакацыя – кнігарня “Галіяфы” (ст.м. Няміга, Траецкае прадмесце, вул. Старавіленская, 6). Дакладны час – 13:00-17:00 26 сакавіка.
У Жывой бібліятэцы людзі са сваімі гісторыямі становяцца “кнігамі” для таго, каб адказаць на вашыя пытанні. “Кніга” – гэта чалавек, які належыць да нейкай стыгматызаванай сацыяльнай групы, мае асаблівы светапогляд, унікальную прафесію, належыць да спецыфічнай субкультуры ці мае веравызванне, нязвыклае для большасці з нас. Агулам вельмі падобна да сапраўднай бібліятэкі: вы прыходзіце, атрымліваеце картку чытача, запісваецеся ў бібліятэкара да кніжкі, якую хочаце пачытаць, і пачынаеце “чытанне”, калі надыходзіць час сесіі.
Жывую бібліятэку арганізуе МПГ “Студэнцкая Рада” сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада”. Праходзіць яна ў фармаце міжнароднай метадалогіі Human Library.
Арганізатары заўсёды рады новым людзям у камандзе! Калі вы жадаеце:
- стаць валанцёрам на Жывой бібліятэцы;
- дапамагчы з пошукам Кніг;
- часта сутыкаецеся са стэрэатыпамі адносна некаторых вашых асаблівасцяў і хочаце знайсці больш разумення сярод тых, хто побач з вамі,
пішыце ў асабістыя паведамленні ў сацыяльных сетках або на е-адрас mshtrahova@gmail.com.
Сачыце за навінамі ў суполках VK і FB, і ўжо зусім хутка яны раскрыюць таямніцу таго, якія Кнігі адкрыюцца для вас гэтым разам.