Прагнеш актыўнага адпачынку і гатовы папрацаваць рукамі? Дзікая прырода чакае цябе – запісвайся валанцёрам і выпраўляйся ратаваць балоты ў Рэспубліканскі водна-балотны заказнік “Жада”, што месціцца ў Шаркаўшчынскім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці. Жада – частка вялікай балотнай сістэмы, куды ўваходзіць і знакамітае балота Ельня. У свой час гэтую Жаду актыўна асушалі, палова балота была перакапаная каналамі. У 2011 годзе АПБ узялася за аднаўленне балота Жады. Для гэтага на каналах паставілі каля 100 плацін. Але з гадамі яны прыходзяць у кепскі стан і ўжо не ўтрымліваюць ваду як след. Іх трэба рамантаваць.
Як гэта будзе і што з сабой браць?
Валанцёры жывуць у намётах (можна ехаць са сваім альбо ўзяць у арганізатараў). Неабходна мець свой дыванок і спальнік, асабісты посуд. Палявую ежу забяспечваюць арганізатары.
Фармат працы: трэба будзе пілаваць дрэвы, з якіх потым рабіцца калы, якія будуць выкарыстаныя для тыну. Таксама валанцёры будуць капаць торф, якім трэба будзе шчыльна набіваць прамежкі паміж тынамі. Апранайцеся адпаведна, таксама спатрэбяцца балотныя боты, сродкі ад кусучых насякомых, пляшка для пітной вады, галаўны ўбор, плашч альбо дажджавік, невяліуі заплечнік.
Як дабірацца?
Ад’езд з Мінска на мікрааўтобусе запланаваны на 17 жніўня, вяртанне – 26 жніўня. Калі вы хочаце паехаць у іншыя даты ці з іншых мясцін, то даязджайце да Шаркаўшчыны: арганізатары змогуць адтуль забраць, неабходна толькі паведаміць пра гэта загадзя.
Можна прыехаць на ўвесь перыяд летніка або на некалькі дзён. Любая дапамога істотная і важная. Але калі ахвочых збярэцца зашмат, перавагу аддадуць моцным людзям, тым, хто едзе на ўвесь тэрмін і тым, хто зможа прыехаць самастойна і дапамагчы з гэтым камусьці.
Каб запісацца, неабходна запоўніць форму да 3 жніўня. 6 жніўнявы атрымаеце адказ на e-mail.
Калі паўсталі пытанні, тэлефануйце (+375 17) 369-76-13, (+375 29) 223-06-13 ці (+375 29) 101-68-87 або пішыце каардынатару летніка Максіму Нямчынаву: nemtchinov@ptushki.org.