ECLAB шукае аматараў тэатра і сучаснага мастацтва

Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) адкрывае набор на новую канцэнтрацыю «Сучаснае мастацтва і тэатр».

Навучанне пачнецца 1 лютага 2016 года. Пры распрацоўцы яе канцэпцыі аўтары арыентаваліся як на сусветныя тэндэнцыі развіцця мастацкіх і тэатральных практык, так і на запыты лакальнага арт-поля.

Канцэнтрацыя «Сучаснае мастацтва і тэатр» сумяшчае тры раўназначныя сегменты:

  • сучаснае мастацтва;
  • сучасны тэатр;
  • арт-мэнэджмент.

На фоне шмат у чым кансерватыўнай сістэмы беларускай мастацкай адукацыі, якая настойвае на дысцыплінарным падзеле, гэтая праграма будзе першай эксперыментальнай пляцоўкай у краіне, дзе злучацца сучаснае мастацтва і тэатр. Гэта дазволіць студэнт(к)ам больш эфектыўна шукаць новыя мастацкія формы, а таксама паспрабаваць сябе ў новых сферах арт-дзейнасці.

Цягам семестрау студэнты будуць адначасова вывучаць тэорыю і практыкі мастацтва і тэатру, а таксама арт-мэнэджмент. У канцы першага месяца навучання кожны(ая) студэнт(ка) з дапамогай выкладчыкаў вызначыць, на якой менавіта спецыялізацыі хоча і можа сфакусавацца – гэта можа быць тэатральнае майстэрства, арт-крытыка, відэа-арт, напісанне сцэнара, рэжысура, перфарматыўныя практыкі, мэнэджмент і г.д.

Сістэма Liberal Arts прадугледжвае выкарыстанне інтэрактыўных формаў навучання – навучэнцы будуць удзельнічаць у майстар-класах і дыскусіях, абмяркоўваць творы і тэарэтычныя тэксты.

Плануюцца:

  • майстар-класы па рэжысуры і напісанні сцэнара;
  • практыкумы па аналізе і складанні фармальнай і абстрактнай кампазіцыі;
  • майстэрні па відэа-арце;
  • вывучэнне сучасных тэатральных і перфарматыўных тэхнік, якія не выкладаюцца ў мастацкіх ВНУ краіны.

Вучыцца на канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» – гэта значыць знайсці аднадумцаў, набыць міждысцыплінарныя веды і навучыцца крытычна мысліць.

Акрамя вучобы на асноўнай праграме, у студэнтаў ECLAB ёсць магчымасць распрацоўваць і рэалізоўваць свае ідэі ў межах Студэнцкай майстэрні, а таксама браць удзел у праектах Навуковых цэнтраў ECLAB.

Да навучання ў каледжы запрашаюцца асобы, старэйшыя за 18 гадоў. Заняткі будуць праходзіць увечары некалькі разоў на тыдзень. Навучальныя класы месцяцца ў цэнтры Мінска. Адукацыйная праграма разлічаная на чатыры месяцы (з лютага да траўня).

Пачатак заняткаў1 лютага 2016 года.

Для паступлення на канцэнтрацыю трэба запоўніць анкету і дадаць да яе матывацыйны ліст. Аўтары абраных лістоў будуць запрошаныя на сумоўе, па выніках якога адбудзецца залічэнне.

Набор на канцэнтрацыю абмежаваны (20-25 месцаў).

Фінансавыя ўмовы

Кошт навучання на месяц – 700 000 беларускіх рублёў. Студэнт(к)ам ВНУ дзённых формаў навучання прапаноўваецца зніжка 50%.

Дэдлайн – 20 студзеня 2016 г.

Калі ў вас узніклі пытанні – пішыце на liberalarts.by@gmail.com

***

ECLAB – гэта праект, які дазваляе атрымаць дадатковую адукацыю паводле мадэлі Liberal Arts. Улетку 2015 адбыўся першы выпуск студэнтаў і студэнтак ECLAB, і каледж атрымаў ад іх шэраг станоўчых водгукаў аб праекце. У кастрычніку пачаўся новы навучальны год. Студэнты другога набору вучацца ўжо на пяці канцэнтрацыях: да кірункаў «Публічная гісторыя», «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка», «Масавая культура і медыя» дадаліся праграмы «Інтэрнэт і грамадства» і «Гендарныя даследаванні».