Моладзевы экалагічны цэнтр «Экастарт» адкрывае прыём заявак на 2017-2018 навучальны год!
Гэтая праграма для вас, калі вы актыўныя і ініцыятыўныя, вас цікавыя экалагічныя пытанні, вам блізкія «зялёныя» каштоўнасьці ды вы хочаце змяняць сябе і сваё асяроддзе да лепшага.
Што чакае студэнтаў і студэнтак «Экастарта»?
- штотыднёвыя тэматычныя сустрэчы;
- дадатковыя практычныя заняткі;
- адкрытыя лекцыі з вядучымі экспертамі;
- экскурсіі і выязныя мерапрыемствы;
- рэалізацыя ўласных праектаў пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў (для выпускнікоў, якія паспяхова прайшлі праграму);
- новыя знаёмствы і сяброўская атмасфера.
Тэматычныя блокі праграмы:
- зялёнае спажыванне – як прытрымлівацца экалагічных прынцыпаў кожны дзень і не трапляць на хітрыкі маркетолагаў і вытворцаў;
- энергаэфектыўнасць – як выглядае «дом будучыні», без чаго немагчымая сучасная энергетыка, энергазберагальныя тэхналогіі ў свеце і Беларусі;
- змяненне клімату – гэта праўда ці «ўсеагульная змова»; як арганізаваць кліматычна нейтральнае мерапрыемства ці падарожжа;
- нуль адходаў і другое жыццё рэчаў – як зрабіць так, каб адходаў стала менш, што адбываецца са смеццем пасля траплення ў кантэйнеры для паасобнага збору, ці экалагічныя біяраскладальныя пакеты, колькі смецця ў космасе і Сусветным акіяне;
- хімічная бяспека тавараў – чаго варта асцерагацца ў складзе тавараў на паліцах крамаў, як абраць натуральную касметыку і бытавую хімію;
- арганічная сельская гаспадарка – што такое арганічныя прадукты, як іх вырасціць і распазнаць;
- урбаністыкі і транспарт – як зрабіць горад больш прыязным для ўсіх;
Акрамя тэматычных блокаў, у праграме запланаваныя заняткі, якія дазваляюць ўдзельнікам паспрабаваць сябе ў розных практычных сферах дзейнасці: навучыцца пісьменнаму прасоўванню ў сацыяльных сетках, камунікацыі з журналістамі, распрацоўцы промаматэрыялаў, пошуку фінансавання для рэалізацыі сваёй ідэі і менеджменту некамерцыйных праектаў.
Першая арыентацыйная сустрэча пройдзе 9га лістапада (чацвер), астатнія заняткі будуць праходзіць штотыдзень па аўторках з 14 лістапада (18.30 – 21.00) у Мінску (раён пл. Перамогі). Тэрмін навучання – 7 месяцаў (лістапад 2017 г. – май 2018 г.). Прадугледжаны навагоднія вакацыі, усе дзяржаўныя святы з’яўляюцца выходнымі.
Навучанне бясплатнае, мяркуюцца дадатковыя актыўнасці (экскурсіі, мерапрыемствы), дзе частку выдаткаў бяруць на сябе ўдзельнікі і ўдзельніцы.
Для таго каб прайсці навучанне па праграме, трэба запоўніць анлайн-заяўку да 25 кастрычніка 2017 года. Адбор удзельнікаў і ўдзельніц будзе праходзіць на падставе запоўненай анкеты. Асаблівая ўвага будзе надавацца матывацыйнаму паведамленню патэнцыйных удзельнікаў і ўдзельніц.
Вынікі адбору будуць вядомыя не пазней за 30 кастрычніка 2017 г.
Па ўсіх пытаннях можна звяртацца па электроннай пошце ecostart.ces@gmail.com. Сачыць за навінамі Моладзевага адукацыйнага цэнтра «Экостарт» можна ў суполках у сацыяльных сетках Вконтакте і Facebook.
Чытайце для натхнення гісторыі поспеху выпускніц і выпускнікоў «Экастарта», іх меркаванні і водгукі аб праекце і хутчэй падавайце заяўку!