Каманда Adukacyja.Info запрашае апантаных маладых беларусаў на інтэнсіўную летнюю школу па абмене досведам і здабыццю новых крэатыўных ведаў і ідэй. Галоўная мэта – пераасэнсаваць імідж Беларусі … за тыдзень!
Калі: 10-15 ліпеня 2017 года.
Дзе: Клайпеда, Літва.
Вобраз краіны збольшага залежыць ад людзей, якія распаўсюджваюць інфармацыю пра сваю радзіму. Студэнт атрымлівае магістарскую ступень у замежнай ВНУ – і распавядае пра сваю краіну суседзям па інтэрнаце. Падарожнік наведвае найцікавейшыя месцы планеты – і дзеліцца навінамі з дому ў хостэле. Малады спецыяліст знаходзіць працу мары за мяжой – і далучаецца да дыскусіі аб палітычных пытаннях у розных краінах. Прыкладаў мноства, аднак нельга сказаць дакладна, які імідж ствараюць гэтыя гісторыі. З’яўляюцца яны пазітыўнымі альбо негатыўнымі, высвятляюць добрыя бакі альбо падкрэсліваюць стэрэатыпы – але менавіта яны ўплывюць на той вобраз, які ўспрымаецца замежнікамі. І ў будучыні такі вобраз становіцца краевугольным каменем міжнародных зносінаў.
Нават зараз, калі Беларусь прываблівае ўсё больш увагі замежнага свету – праз Нобелеўскую лаўрэятку, паспяховых IT-геніяў, мірныя перамовы і іншае, – імідж краіны застаецца перадузятым з-за тыповых адмоўных стэрэатыпаў.
Мэта школы: разам з маладымі актыўнымі беларусамі – нефармальнымі амбасадарамі краіны за мяжой – паразважаць над тым, як успрымаецца Беларусь у іншых краінах, паказаць лепшыя практыкі прэзентацыі краіны за мяжой і стварыць новыя інструменты.
Падчас школы ты зможаш:
- Парэфлексаваць над існуючымі стэрэатыпамі пра Беларусь сярод жыхароў і палітыкаў ЕС (у тым ліку і праз відэа-інтэрв’ю, якія навучышся здымаць на месцы)
- Пазнаёміцца з лепшымі практыкамі прэзентацыі краіны з Беларусі і Літвы
- Занэтворкіцца з цікавымі неабыякавымі беларусамі, даследчыкамі, прадстаўнікамі дыяспары, а таксама літоўскімі экспертамі
- Пракачаць свае медыйныя ды крэатыўныя навыкі ды навыкі публічных прэзентацый
- Стварыць інструменты для прасоўвання пазітыўнага іміджу Беларусі ў Еўропе
Каго чакаюць арганізатары:
Паспяховых маладых беларусаў (18-30 гадоў), якія альбо ўжо маюць замежны досвед (удзел у праграмах абмену, навучанне, праца, доўгія падарожжы), альбо настроены здабыць такі досвед у бліжэйшы час.
Фінансавыя ўмовы
Удзел у летняй школе бясплатны. Арганізатары аплочваюць пражыванне і харчаванне, транспартныя выдаткі, а таксама аказваюць дапамогу ў атрыманні візы.
Скрайні тэрмін падачы заяўкі – 14 траўня 2017. Вынікі будуць вядомы да 21 траўня.
Па ўсіх пытаннях, звязаных з Летняй школай, звяртайцеся на электронную скрыню adukacyja@gmail.com.
Праект ладзіцца камандай Адукацыя.Інфо сумесна з Фундацыяй імя Конрада Адэнаўэра ў Беларусі.