Амбасада ЗША ў Беларусі прапануе маладым спецыялістам павысіць прафесійны ўзровень і прайсці вясной 2016 года стажыроўку ў амерыканскіх арганізацыях, звязаных з развіццём інавацыяў і прадпрымальніцтва.
Удзельнікі праграмы “Professional Fellows” пазнаёмяцца са штодзённай шматбаковай дзейнасцю арганізацый у Злучаных Штатах, механізмамі працы і змогуць пераняць прафесійны досвед. Таксама прадугледжана магчымасць зваротнага візіту амерыканскіх спецыялістаў у Беларусь для рэалізацыі кароткатэрміновых сумесных праектаў.
Праграма прызначана для спецыялістаў, якія працуюць у справе падтрымкі інавацыяў і/альбо прадпрымальніцтва (у тым ліку сацыяльнага прадпрымальніцтва).
Мэты праграмы “Professional Fellows”:
- прафесійнае развіццё ўдзельнікаў рынку фарміравання інавацыйнай экасістэмы Беларусі;
- стварэнне партнёрскіх сувязей паміж амерыканскай і беларускімі інавацыйнымі супольнасцямі;
- абмен прафесійным досведам і лепшымі практыкамі;
- знаёмства з амерыканскай культурай.
Праграма цалкам фінансуецца ўрадам Злучаных Штатаў.
Патрабаванні да кандыдатаў:
- беларускае грамадзянства;
- пражыванне на тэрыторыі Беларусі;
- узрост 25-35 гадоў;
- валоданне ангельскай мовай (для зносін на працы і ў сям’і);
- праца ў сферы падтрымкі інавацыяў і/альбо прадпрымальніцтва (у некамерцыйных арганізацыях, адміністрацыях, вышэйшых навучальных установах, бізнэс-інкубатарах, тэхнапарку, інстытутах развіцця, прыватных кампаніях і г.д.);
- здольнасць выкарыстаць атрыманы досвед у дзейнасці па развіцці інавацыяў і/альбо прадпрымальніцтва ў Беларусі.
Падаць заяўку можна на гэтай старонцы.
Дэдлайн – 12 лістапада 2015 г.
Сумоўе з абранымі кандыдатамі адбудзецца ў снежні 2015 года. З дадатковымі пытаннямі можна звяртацца да каардынатара праграмы Вольгі Івановай праз е-мэйл: olga.ivanova.ba2014@gmail.com.
Паводле by.odb-office.eu