Ініцыятыва “Цытуй сваё” прапануе новы творчы крок – конкурс эсэ, прысвечаны постацям, ідэям і кантэкстам паўставання беларускай інтелектуальнай традыцыі.
Мэта конкурсу – узбуджэнне цікаўнасці да інтэлектуальнай спадчыны, творчае і рэфлексіўнае пераасэнсаванне і прысваенне традыцыі беларускага мыслення, стварэнне галерэі тэкстаў, якія разгортваюць разуменне беларускай культуры і ідэнтычнасці.
Арганізатары прапануюць звярнуцца да самых розных гістарычных перыядаў і культурных кантэкстаў паўставання беларускага мыслення: ад самых далёкіх часоў да нашых сучаснікаў, якія рабілі свой унёсак у традыцыю апошнія дзесяцігодзі.
Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, ў якіх праводзіцца аналіз, рэфлексія, канцэптуалізацыя ці робіцца працяг самых розных аспектаў беларускага мыслення. Працы павінны быць напісаны ў межах наступных тэматычных накірункаў:
- уяўляючы Беларусь. Ідэі і канцэпты ў беларускай традыцыі, праз якія ішло асэнсаванне Беларусі, грамадства, культуры, нацыі, яе мінуўшчыны і будучыні;
- унікальныя ідэі, тэорыі і падыходы як беларускі ўнёсак у еўрапейкую і сусветную думку;
- паўставанне і выбудова традыцыі: пераемнасць, разгортванне думак і ідэяў ад мінулага ў будучыню;
- шлях і лёс інтэлектуала: постаці беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Гістарычны, культурны і палітычны кантэксты інтэлектуальнай працы, выклікі і адказы, індывідуальныя траекторыі і творчасць;
- гісторыя беларускай інтэлектуальнай традыцыі: культурны кантэкст, абставіны і інстытуты развіцця мыслення.
- асобны накірунак! Асэнсаванне інтэлектуальнай спадчыны Ігната Абдзіраловіча.
У склад журы конкурсу ўваходзяць:
- Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта;
- Ірына Дубянецкая, бібліст, багаслоў і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма;
- Міхаіл Баярын, філосаф, лінгвіст, санскрытолаг, перакладчык, паэт;
- Віталь Рыжкоў, літаратар, перакладчык, лаўрэат літаратурных прэмій “Дэбют” і “Залаты апостраф”;
- Лідзія Міхеева, сацыёлаг, рэдактар аддзела культуры “Беларусского Журнала”
Да ўдзелу запрашаюцца як сталыя навукоўцы, даследчыкі, літаратары, так і студэнты і пачаткоўцы, якія цікавяцца беларускай інтэлектуальнай спадчынай, шукаюць сваё месца ў традыцыі мыслення, прагнуць разумення і развіцця беларускай культуры і ідэнтычнасці.
Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай альбо рускай мове. Памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.
Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай “На конкурс” на адрас cytuj.svajo@gmail.com да 15 жніўня 2016 г. Таксама абавязкова пазначце ў лісце сваё імя і прозвішча, кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон), сферу дзейнасці.
10 верасня 2016 года будзе абвешчаны шорт-ліст удзельнікаў. Пераможцы будуць абвешчаны падчас Тыдня беларускага мыслення на адмысловай імпрэзе.
Пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды (электронныя кнігі), а ўсе аўтары эсэ з шорт-ліста прыемныя падарункі. Найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя на сайтах Будзьма, Беларусский журнал, Лятучы ўніверсітэт, а таксама войдуць у Альманах, які будзе выдадзены напрыканцы 2016 года.