Праект «Гарсвятло» абвяшчае конкурс для маладых архітэктараў, у межах якога кожны пераможца атрымае ад 1000 да 1500 еўра на стварэнне і ўсталяванне светлавой інсталяцыі гэтай восенню на Фестывалі святла ў Полацку.
Фестываль святла – гэта свята светлавога мастацтва, якое адбудзецца гэтай восенню ў Полацку ўпершыню. На цэнтральных вуліцах размесцяць светлавыя інсталяцыі, а таксама ў горадзе будуць праходзіць начныя экскурсіі, майстар-класы, флэшмобы ды конкурсы.
Фестываль святла завяршыць фінансуемы ЕС праект «Гарсвятло». У яго межах на 16 полацкіх вуліцах заменяць асвятленне на больш энергаэфектыўнае. Арганізатары фестываля – Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Фонд «Інтэракцыя».
Удзельнікам конкурсу арганізатары прапаноўваюць 18 пляцовак у цэнтры гораду, дзе можна размясціць інсталяцыі.
Дэдлайн падачы канцэпцый – 15 сакавіка 2018 году. Перавага будзе аддавацца інсталяцыям, звязаным з зменай клімату.
Праект «Гарсвятло: Энергаэфектыўная мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў горадзе Полацку» фінансуецца Еўрапейскім Саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy.
Патрабаванні да канцэпцый і падрабязная інфармацыя пра конкурс даступныя па спасылцы.