Лекцыя, на жаль, адмяняецца з-за хваробы лектара. Але не смуткуйце:)
20 лістапада праект “Еўрапейскае кафэ – адкрытая прастора Еўропы” запрашае на лекцыю Міхаіла Мінакова “Постсавецкая дэмадэрнізацыя: ці ёсць шанец выбрацца з “каляіны”?”
Пачатак а 18.30. Лакацыя – бізнэс-клуб IMAGURU.
На прасторы былога СССР зразумелы і прадказальны свет індустрыяльнага мадэрну змяніўся часам тэрору непрадказальнай гісторыі. Спачатку невыразнасць будучага была жаданай. Яе можна было напаўняць і дарослымі планамі, і інфантыльнымі фантазіямі. Яна адкрывала магчымасці для самых дзёрзкіх палітычных праектаў.
Аднак рэальнасць унесла карэктывы ў суб’ектыўныя чаканні. На месца свабоды прадпрымальніцтва заступіла алігархія, палітычная свабода змянілася аўтарытарызмам, а духоўныя пошукі – дакучлівым клерыкалізмам. Мары пра мадэрнізацыю пачатку 1990-х дзіўным чынам прывялі да свету 2010-х, які імкліва дэмадэрнізуецца.
- Да чаго ўсё ідзе ва Усходняй Еўропе?
- Ці ёсць шанец на сацыяльную мадэрнізацыю ў Беларусі, Расіі і Ўкраіне?
- Ці можна вырвацца з “гістарычнай каляіны”?
- Якая роля Беларусі на постсавецкай прасторы?
Пра лектара
Міхаіл Мінакоў – палітычны філосаф і выкладчык Нацыянальнага ўніверсітэта “Кіева-Магілянская акадэмія”. Аўтар трох кніг і больш як 70 артыкулаў па тэорыі пазнання, філасофіі культуры і палітыкі, сацыяльнай філасофіі і гісторыі ідэй. Міхаіл Мінакоў узначальвае Інстытут крытыкі і часопіс “Ідэалогія і палітыка”. Выкладаў і працаваў на даследчых праектах у Гарвардскім універсітэце, Інстытуце Кенана, Грайфсвальдскім універсітэце і Калегіуме Крупа. Больш пра Міхаіла Мінакова можна прачытаць на яго сайце minakovphilosophy.com.
Уваход вольны.